Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі заявіў пра стабілізацыю ў эканоміцы


Сяргей Сідорскі

Сяргей Сідорскі

Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў, што ў эканоміцы Беларусі дасягнутая “стабілізацыя”.


Па словах старшыні ўраду, назіраецца ажыўленьне ў прамысловай галіне, а інвэстыцыі ў асноўны капітал узрасьлі ў параўнаньні з пачаткам мінулага году на 16%. Між тым, паводле афіцыйнай статыстыкі, цэнавы эквівалент складзкіх запасаў у прамысловасьці на 1 траўня перавысіў 2,5 мільярда даляраў, павялічыўшыся ад пачатку году амаль на 43%. Наколькі апраўданы аптымізм Сідорскага?

Паводле прэм’ер-міністра, тэмпы росту вытворчасьці прамысловай прадукцыі ў студзені-красавіку ў параўнаньні зь першым кварталам павялічыліся амаль на 1%. Як перакананы Сяргей Сідорскі, гэта абумоўлена агульным ажыўленьнем фінансава-гаспадарчай дзейнасьці і ростам вытворчасьці. “Мы паступова дадаем у працы эканомікі, замацоўваемся на зьнешніх рынках. У эканоміцы дасягнутая стабілізацыя”, — канстатаваў Сідорскі.

Эканаміст Валеры Кругавы лічыць, што такія заявы аддаюць папулізмам, бо нават эканамічна разьвітыя краіны ня бачаць крызісу канца і краю:
ніхто ня можа ведаць, калі гэты крызіс завершыцца...

“Гэта пытаньне, на якое ніхто ня можа адказаць, а ўсе адказваюць так, як ім выгадна. Усе адказы на дадзенае пытаньне, пачынаючы ад кіраўнікоў урадаў і заканчваючы самымі буйнымі экспэртамі, гэта ўсё адказы ў тым стылі, які ім — канкрэтна гэтаму чалавеку ці структуры — на сёньня выгадны. Таму што ніхто ня можа ведаць, калі гэты крызіс завершыцца, як доўга зь ім жыць, дасягнуў ён дна ці не. Гэта ўсё гаданьне на гушчы ад кавы. Цяперашні крызіс — сыстэмны, гэта ня крызіс асобнай галіны ці нейкага асобнага моманту”.

Паводле Сяргея Сідорскага, тэмпы росту валавой прадукцыі ў сельскай гаспадарцы за 4 месяцы склаў 106% да адпаведнага пэрыяду 2008 году. Апроч таго, калі да крызісу Беларусь пастаўляла на зьнешнія рынкі толькі 25% прадукцыі Міністэрства прамысловасьці, то цяпер — 40%. Эканаміст Леў Марголін кажа, што ў дадзеным выпадку гаворка хіба пра павелічэньне разавых, “хаатычных” паставак, якія ня маюць сыстэмнага характару. Статыстыка ж экспарту тлумачыцца тым, што ўнутраныя спажыўцы папросту ня маюць сродкаў, каб набываць беларускую прадукцыю:
нашы танныя, але ня вельмі якасныя тавары, яны могуць застацца па-за рынкам...

“А пасьля крызісу нам яшчэ цяжэй будзе з нашай прадукцыяй. Бо ўсе краіны з рынкавай эканомікай выходзяць з крызісу абноўленымі — з абноўленай прадукцыяй, з абноўленымі таварамі. А нашы танныя, але ня вельмі якасныя тавары, яны могуць застацца па-за рынкам; ня здолеюць знайсьці свайго пакупніка ня толькі на Захадзе, але нават і ў Расеі. Таму, каб справіцца з гэтай сытуацыяй, трэба перадусім рабіць сыстэмныя захады, а не абмяжоўвацца дэклярацыямі пра нібыта ўжо дасягнутую стабільнасьць”.

У сваю чаргу, фінансавы аналітык Сяргей Чалы дадае, што ў кіраўніцтва Беларусі сапраўды зручны пэрыяд, каб казаць пра зьнешнюю “стабілізацыю”. Паводле экспэрта, любы крызіс разьвіваецца ня просталінейна, а хвалямі. Але тое, што ўлады дэкляруюць як эканамічнае аздараўленьне, насамрэч — заціша паміж чарговымі хвалямі крызісу:

Сяргей Чалы
“Аптымізм, які ўзьнік з-за таго, што быццам самае страшнае ўжо засталося ззаду, вельмі небясьпечны. Бо ўсе неяк прызвычаіліся, няма ранейшага псыхалягічнага шоку, крызіс ужо стаў своеасаблівым зьнешнім фонам і нібыта рабіць ужо нічога ня трэба. І дзеля таго каб рабіць нейкія рэальныя крокі, відаць, патрэбны якісьці чарговы эканамічны шок — па сутнасьці, наступная хваля пасьля фазы кароткатэрміновай палёгкі. Уявіце сабе візуальна зыгзаг: першы рух уніз, адскок і наступны рух уніз. Мы зараз знаходзімся ў фазе адскоку, таму ўсе вырашылі, што нічога рабіць ня трэба”.

Згодна з урадавымі прапановамі, дзяржава падтрымае прадпрыемствы, якія найбольш цярпяць у сувязі са згортваньнем экспартных паставак. Сярод іх МАЗ, БелАЗ, МЗКЦ, агрэгатныя заводы. За дзяржаўныя сродкі частка вырабленай прадукцыі будзе выкупленая на патрэбы народнай гаспадаркі. На вытворчасьцях не хаваюць, што прыток абаротных сродкаў станоўча адаб’ецца на прадпрыемствах, якая з-за перазагружанасьці складоў пераважна перайшла на 3—4-дзённы працоўны тыдзень. Гаворыць памочнік генэральнага дырэктара Менскага заводу колавых цягачоў Аляксандар Гук:

“Натуральна, што сумеснымі намаганьнямі пераадолець крызіс удасца. Канечне, усё будзе добра, па-іншаму і быць ня можа. Прынамсі, мы вельмі ўпэўненыя ў будучыні. І ўсе захады, якія робіць урад, яны ўсе робяцца ў слушным кірунку”.

На барацьбу з наступствамі крызісу кінутыя як дзяржаўныя эканамісты, так і незалежныя экспэрты. Аднак пакуль што антыкрызісныя праграмы больш блукаюць па ўладных кабінэтах, чым выкарыстоўваюцца на практыцы. Эканаміст Аляксандар Чубрык лічыць, што ў дадзеным выпадку супольныя высілкі трэба сканцэнтраваць на цалкам рэальных момантах:

Аляксандар Чубрык
“Трэба вельмі добра прааналізаваць нават не сучасную сытуацыю, а тое, што можа быць зь беларускай эканомікай, высьветліць, у чым яе галоўныя слабыя месцы — у кантэксьце таго, як можа разгортвацца сусьветны крызіс, як ён можа ўплываць на беларускую эканоміку. І ўжо нейкім чынам змагацца з гэтымі праблемнымі месцамі. У цяперашняй сытуацыі трэба падумаць, па-першае, каб прадпрыемствы маглі працаваць, маглі прадаваць сваю прадукцыю хоць нейкім чынам і ў той жа Расеі, і ў іншых краінах. Па-другое, трэба паклапаціцца пра тых людзей, якіх закране гэты крызіс”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG