Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не зьбіраецца і не будзе рабіць ніякага выбару паміж інтарэсамі СНД і стасункамі з Эўразьвязам.


Пра гэта заявіў журналістам прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў, камэнтуючы выказваньні выканаўчага сакратара СНД Сяргея Лебедзева адносна праграмы “Ўсходняга партнэрства”.

Паводле А.Папова, Беларусь не зьбіраецца ні "пераглядаць дамовы ў рамках СНД, ні адмаўляцца ад супрацоўніцтва ў рамках садружнасьці, ні тым больш выходзіць з СНД”. Маўляў, у дэклярацыі “Ўсходняга партнэрства ”няма ніводнага радка, які б абавязваў Беларусь прыводзіць нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасьць з нормамі ЭЗ”.

“Беларусь не зьбіраецца і не будзе рабіць ніякага выбару паміж інтарэсамі ў СНД, у дзяржавах-сябрах садружнасьці і стасункамі з ЭЗ. Як і раней, мы працягнем заставацца больш чым актыўнымі ўдзельнікамі СНД. Адначасова мы будзе напаўняць канкрэтным зьместам нашы стасункі з ЭЗ", - заявіў журналістам А.Папоў.

Нагадаем, на прэс- канфэрэнцыі ў Менску С.Лебедзеў заявіў, што далучэньне шасьці краінаў, сярод якіх Беларусь, да “Ўсходняга партнэрства”, можа паўплываць на дынаміку інтэграцыйных працэсаў на прасторы СНД. Ён адзначыў, што “прывядзеньне заканадаўства гэтых краінаў у адпаведнасьць з нормамі ЭЗ запатрабуе перагляду дамоваў, падпісаных у рамках СНД. Гэтым краінам давядзецца абіраць куды ісьці і як дзейнічаць”.
XS
SM
MD
LG