Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слонімскія прадпрымальнікі сабралі больш за 1000 подпісаў жыхароў мікрараёну за тое, каб улады не зачынялі міні-рынак на вуліцы Брэсцкай. Чыноўнікі на гэты конт маюць іншы плян.

25 слонімскіх прадпрымальнікаў зь міні-рынку на вуліцы Брэсцкай у Слоніме два тыдні таму пакінулі працу і пайшлі ў райвыканкам са скаргай на рашэньне санэпідэмстанцыі аб закрыцьці іх ўсёй гандлёвай пляцоўкі.

Скаргу прынялі і дазволілі папрацаваць яшчэ да канца месяца, да прыняцьця канчатковага рашэньня.

Паводле санстанцыі, гандаль харчовымі таварамі адбываецца ў нібыта неадпаведных умовах: у шапіках адсутнічае вада, сьвятло.

Прадпрымальнікі ў сваю чаргу кажуць, што улады гэта спэцыяльна заплянавалі, каб прыбраць канкурэнцыю дзяржаўнай краме А таму не давалі дазволу на падвядзеньне вады, сьвятла да гандлёвых кропак, і вось скарысталіся момантам, каб наагул зачыніць рынак.

“Што датычыць санітарных нормаў, вы, напэўна, бываеце ў Менску і ведаеце, колькі там міні-рынкаў – дык вось слонімскі ад іх нічым не адрозьніваецца. Там таксама няма ні вады, ні сьвятла, але яны працуюць”, – кажа адзін з гандляроў – Аляксандар.

Спадар Аляксандар кажа, што рынак зручны шматлікім жыхарам, паколькі месьціцца пасяродку трох мікрараёнаў. Прадпрымальнік упэўнены: да канца месяца пад іх пэтыцыяй да ўладаў падпішацца яшчэ болей людзей.

Загадчык аддзелу гандлю райвыканкаму Андрэй Падольскі ведае пра незадаволенасьць прадпрымальнікаў і патлумачыў, што ўлады ад пачатку зрабілі памылку – дазволілі адкрыць рынак побач з ажыўленай трасай і ў месцы, дзе ўмовы гандлю не адпавядаюць санітарным нормам:

“Мы не прыхільнікі вырашаць такія праблемы сілавымі метадамі, таму ўсім жадаючым будзе прапанавана перайсьці на новую пляцоўку, дзе ўсе ўмовы гандлю адпавядаюць санітарным і іншым нормам”.

Я запытаўся ў спадара Аляксандра – чаму ж прадпрымальнікі ня хочуць пераходзіць туды?

“Мы зараз за месца плацім 100 тысяч, а нам хочуць «палепшыць умовы» – каб мы плацілі 400 тысяч у месяц, хаця выручка дзённая ў сувязі з крызісам упала на 30-50%”.

Мой суразмоўца ўпэўнены: калі прадпрымальнікам ня ўдасца адстаяць свой рынак, то некаторыя зь яго калегаў страцяць працу.
XS
SM
MD
LG