Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады не далі актывістам “Маладога фронту” правесьці марш “За незалежнасьць” ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці. Некалькіх удзельнікаў акцыі зьбілі. Нягледзячы на ўсе намаганьні, міліцыі не ўдалося выціснуць маладых людзей з плошчы. Імправізаванае шэсьце адбылося ад Кастрычніцкай плошчы да вуліцы Казлова. Усіх затрыманых прэвэнтыўна і пасьля заканчэньня акцыі, міліцыянты адпусьцілі.

А 6 вечара на Кастрычніцкай плошчы сабраліся каля двух дзясяткаў чалавек. Трынаццаць зь іх абкружылі спэцназаўцы і паспрабавалі выціснуць маладых людзей з плошчы. Тады яны селі на брук і счапіліся за рукі. Некаторыя спэцназаўцы на вачах фотакарэспандэнтаў білі па нагах удзельнікаў акцыі.

Праз некалькі хвілінаў спэцназаўцы ў цывільным забеглі ў кола і вырвалі сьцягі і расьцяжкі. Пры гэтым яны зьбілі дзяўчат Алену Макарэвіч, Тацяну Шапуцьку і Ірыну Губскую, якая трымае галадоўку.

Тацяна Шапуцька распавяла:

“Яны пачалі цягнуць расьцяжку. Некалькі чалавек ад яе ўжо адчапіліся, а мы з Аленай яе не адпускалі. Не хацелі аддаваць расьцяжку. Іх было 8 чалаек, а нас толькі двое. Яны беглі, і так атрымалася, што яны працягнулі нас па зямлі. Мяне ўдарылі галавой аб зямлю, а Алену зьбілі”.

Ірына Губская: “Я стаяла з расьцяжкай і сьцягам. І расьцяжку, і сьцяг у мяне адабралі. Працягнулі крыху па плошчы таксама разам з Тацянай Шапуцькай. Білі па руках, калі адбіралі сьцяг, бо я не хацела яго аддаваць”.

Спэцназаўцы ў форме, каб не прыцягваць да натоўпу ўвагі мінакоў, сышлі. Адразу маладафронтаўцы пачалі будаваць калёну і паспрабавалі прайсьці шэсьцем ў бок плошчы Незалежнасьці. Спэцназаўцы адразу ж вярнуліся на плошчу.

Праз нейкі час маладафронтаўцы вырашылі спыніць спробы прайсьці маршам ў бок плошчы Незалежнасьці.

Арцём Дубскі патлумачыў: “Сядзець на бруку ў цэнтры Кастрычніцкай плошчы было бессэнсоўна, бо спэцназаўцы зрабілі ўсё, каб нас ня бачылі людзі. Яны паказалі сваё стаўленьне да незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Яна ім не патрэбная”.

Некалькі чалавек накіраваліся ў Кастрычніцкі РУУС, дзе знаходзіліся актывісты “Маладога фронту”, якіх затрымалі прэвэнтыўна. Яшчэ некалькі чалавек паехалі ў міліцыю Цэнтральнага раёну. Іншыя ўдзельнікі акцыі, назіральнікі і журналісты вырашылі правесьці да сядзібы партыі БНФ маладафронтаўцаў, якія трымаюць галадоўку.

Спэцназаўцы ў цывільным накіраваліся за натоўпам. У выніку атрымалася шэсьце, у якім удзельнічала больш за паўсотні чалавек. Некаторыя актывісты яшчэ мелі пры сабе бел-чырвона-белыя сьцягі і апранулі іх на плечы.

Спэцназаўцы затрымалі Аляксея Янушэўскага, які вырашыў паехаць дадому на аўтобусе. Пазьней на праспэкце Незалежнасьці затрымалі Максіма Вінярскага, а каля сядзібы партыі БНФ — двух актывістаў з Асіповічаў.

А палове на 9-ю вечара міліцэйскае кіраўніцтва атрымала загад адпусьціць усіх затрыманых.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG