Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палажанка: БТ не глядзіць навіны і ня слухае радыё


Наста Палажанка

Наста Палажанка

Намесьнік старшыні Маладога фронту Наста Палажанка расчаравана працай першага каналу Беларускага тэлебачаньня.


Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію БелаПАН, камэнтуючы паказаны 13-га траўня тэлефільм "Малады фронт. Кіднэпінг". У ім МФ абвінавачваецца ў псыхалягічнай апрацоўцы непаўналетніх.

"Мы рады такой увазе, калі па нацыянальным канале, у прайм-тайм паказваюць фільм пра нашу арганізацыю. Тым не менш выкананьне фільма ў мяне выклікала глыбокае расчараваньне", — сказала Н.Палажанка.

Яна адзначыла, што ў фільме няма нічога новага:

"Гэта толькі архіўныя здымкі і закадравы тэкст. Фразы, выразаныя з кантэксту, і аповяд пра тое, што Малады фронт заснаваны на хрысьціянскіх прынцыпах. Іншы раз у тэксьце фільма гэты "закадравы тэкст" сам сабе супярэчыў".

Да прыкладу, паводле Н.Палажанкі, як недавучка прадстаўлены лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч.

"Відаць, супрацоўнікі БТ ня ведаюць, што Дашкевіч абараняе дыплёмную працу ва ўнівэрсытэце ў Вільні. Зьдзівілі паказаныя архіўныя кадры з акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў 2006 года. Прайшло ўжо тры гады, і многае ў нашай арганізацыі памянялася. Зьдзівілі таксама кадры з удзелам Артура Фінькевіча, які даўно адышоў ад дзейнасьці Маладога фронту і займаецца стварэньнем арганізацыі "Маладая Беларусь".

Такое ўражаньне, што работнікі БТ не глядзяць навіны па сваім жа тэлебачаньні, не слухаюць радыё і не карыстаюцца інтэрнэтам", — сказала Наста Палажанка.

"Калі пасьля гэтага фільма двоечнікі пачнуць уступаць у МФ, каб апраўдаць свае няўдачы на школьным фронце… Што я магу сказаць? Толькі "калі ласка". З дапамогай курсаў "Дыджэй адраджэньня", з дапамогай нашых гуманітарных праграм па фармаваньню бібліятэк у дзіцячых дамах, з дапамогай правядзеньня віктарын і конкурсаў у гэтых дамах мы з іх зробім патрыётаў Радзімы і людзей, якія неабыякава ставяцца да сваіх блізкіх. Не трэба забывацца на лёзунг Маладога фронту: "Беларуская ідэя — хрысьціянскі зьмест", — адзначыла Н.Палажанка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG