Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Луканін: “Кожны мае магчымасьць пачаць жыцьцё з чыстага ліста”


Сяргей Луканін
Сяргей Луканін

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Сяргей Луканін. Сёньня Сяргей Луканін расказвае, як ён прыйшоў да Бога і як гэта зьмяніла ягонае жыцьцё.


– Яшчэ чатыры гады назад я ня верыў у Бога. Нават спрабаваў чытаць Біблію, але не знаходзіў у гэтым ніякага сэнсу. Я быў вельмі самаўпэўненым маладым бізнэсоўцам. АПд 1992 году меў сваю юрыдычную фірму, езьдзіў на дарагіх машынах, мае офісы былі ў самых дарагіх адміністратыўных будынках. Зарабляў дастаткова, каб весьці велмі камфортнае жыцьцё, але грошы не ішлі на карысьць.

Сяргей Луканін.
Яму 39 гадоў. Пасьля службы ў войску закончыў юрфак БДУ, тры гады працаваў у Менскай абласной калегіі адваката. Аднак яшчэ на другім курсе заснаваў уласную юрыдычную фірму, якую ўзначальваў да 2005 году. Менавіта тады паверыў у Бога, і з тае пары – юрыст царквы “Новае Жыцьцё”, таксама нясе служэньне пастара хатняй царквы. Цяпер набывае другую вышэйшую адукацыю ў Менскім тэалягічным інстытуце па спэцыяльнасьці “Багаслоўе”. Жанаты, дачцэ восем гадоў.


У маім жыцьці сталі з’яўляцца шумныя кампаніі, я стаў усё менш з’яўляцца дома, нягледзячы на тое, што дома мяне чакалі прыгожая жонка і цудоўная дачка. Стандартам было мець прэстыжны офіс, прэстыжную машыну і прыгожую каханку. Пры гэтым я зусім не адчуваў сябе грэшнікам, я меркаваў так: я нікога не рабаваў, не забіваў, не падманваў (жонка чамусьці ў разьлік не бралася), я быў шчодрым, лічыў сябе чалавекам, вартым шчырай павагі, які шмат чаго дабіўся дзякуючы ўласнай працы.

Калі аднойчы адна жанчына расказала мне пра Бога, я не адчуў нейкай унутранай патрэбы паставіцца да гэтага сур’ёзна. Але на мяне паўплывала шчырасьць, зь якой суразмоўца расказала, як Бог зьмяніў яе жыцьцё. А таксама – любоў, якая сьвяцілася ў яе вачах. Не плоцкая любоў, яна была нашмат старэйшая за мяне. Але нейкая іншая любоў, якую проста немагчыма было апісаць. Калі яна прапанавала мне памаліцца з просьбай да Госпада аб дараваньні грахоў, я пагадзіўся толькі таму, што не хацеў пакрыўдзіць яе. Але гэтая малітва зьдзейсьніла цуд у маім жыцьці. Прайшло літаральна некалькі гадзінаў і я зразумеў, што стаў абсалютна іншым чалавекам, у мяне ўвайшло нешта добрае. Я шчыра папрасіў жонку дараваць мне ранейшыя крыўды і Бог даў нам новае каханьне, новую пяшчоту ў адносінах. Я раптам адчуў, што не хачу алькаголю, не хачу наркотыкаў, якія былі нормай у шумных кампаніях, не хачу здраджваць жонцы. Гэтыя пераўвасабленьні былі настолькі дзівоснымі, што ў маё жыцьцё ўвайшлі невытлумачальная радасьць і мір, упэўненасьць, што са мной усё будзе добра. За чатыры гады, якія я правёў з Госпадам, мне ёсьць за што дзякаваць. Я бачыў шмат дзівосаў, маё жыцьцё набыла сэнс, я адчуваю, як Бог выкарыстоўвае мяне. Я стаў запатрабаваным, пабываў у розных краінах, прапаведаваў Эвангельле ў самых розных краінах, але самае галоўнае: я зразумеў, што нават калі я памру, гэта проста наблізіць маю сустрэчу з Ісусам Хрыстом.

Я вельмі ўдзячны за ўсё, што ён для мяне зьдзейсьніў. І Гасподзь даў мне жаданьне расказваць паўсюдна, што ён любіць кожнага чалавека: прэзыдэнта і прыбіральшчыцу, немаўлятка і старога, прастытутку і настаўніцу нядзельнай школы. Аднолькава. І нашмат больш, чым бацька любіць свайго сына, нават калі той патрапіў у турму. І кожны мае магчымасьць пачаць сваё жыцьцё з чыстага ліста.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG