Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 траўня 1995 году, калі ў выніку ініцыяванага Аляксандрам Лукашэнкам рэфэрэндуму па-за законам апынуліся гістарычныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”, было абвешчана сьвятам – Днём дзяржаўнага герба і дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь. Зь неістотнымі карэктывамі да жыцьця была вернутая сымболіка БССР, а сувэрэнная Беларусь пасьля непрацяглай дэмакратычнай “адлігі” пачала жыць паводле законаў аўтарытарызму. Ці стаў першы рэфэрэндум штуршком да радыкальнага развароту краіны?

На травеньскі рэфэрэндум 1995 году былі вынесеныя чатыры пытаньні, якія паўплывалі на ўсю далейшую хаду беларускай гісторыі. Першае: “Ці згодныя вы з наданьнем расейскай мове роўнага статусу з беларускай?”. Другое: “Ці падтрымліваеце прапанову аб усталяваньні новых Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?”. Трэцяе: “Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?”. Чацьвёртае: “Ці згодныя з неабходнасьцю ўнясеньня зьменаў у Канстытуцыю Беларусі, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?”.

Ва ўсіх выпадках электарат ухваліў прэзыдэнцкія навацыі. У выніку статус адзінай дзяржаўнай беларускай мовы быў пастаўлены пад сумнеў, нацыянальная сымболіка пераўтварылася ў падсудную справу, спэкуляцыі на інтэграцыі з Расеяй на доўгія гады сталі козырам у руках беларускага кіраўніцтва, а Вярхоўны Савет неўзабаве быў заменены на “кішэнны” Нацыянальны сход.

Ці стаў рэфэрэндум паваротным для навейшай гісторыі беларусаў?

Вось што на гэты конт мяркуе Аляксандар Пласкавіцкі, былы кіраўнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта, якое прыводзіла да прававых стандартаў прэзыдэнцкія ініцыятывы. На перакананьне спадара Пласкавіцкага, вырашальнай на той момант задачай была нэўтралізацыя Вярхоўнага Савету – галоўнага раздражняльніка прэзыдэнта:

“Я ўпэўнены, што агульная сытуацыя разьвівалася б ужо акрэсьленым курсам, але, безумоўна, гэта веха. Бо гэта была першая перамога антыбеларускай рэакцыі, скажам так. Гэта я літаральна выказаўся, хоць фармальна і сам адношуся да гэтай антыбеларускай рэакцыі”.

Карэспандэнт: “Асабіста Вы мелі нейкае дачыненьне да рэфэрэндуму?”
Гэта была першая перамога антыбеларускай рэакцыі... Фармальна я і сам адношуся да гэтай антыбеларускай рэакцыі

“У той час я кіраваў аддзелам гаспадарчага і грамадзянскага права і ніякага дачыненьня да дзяржаўнага права наогул ня меў. А ўсе такога кшталту пытаньні, у прыватнасьці, рэфэрэндум – гэта дзяржаўнае права. Гэтым займаўся Марыскін, і быў яшчэ аддзел, які ўзначальваў Глубоўскі. Яны ўсім і займаліся. Натальля Пяткевіч займалася, пэўную дапамогу аказвала. А пытаньне там асноўнае было наконт спыненьня паўнамоцтваў дэпутатаў Вярхоўнага Савету. Менавіта гэтае пытаньне мела вырашальнае значэньне, усе іншыя пытаньні вырашыліся б і так, без рэфэрэндуму. Лукашэнку трэба было паказаць Вярхоўнаму Савету, што ў яго зьявілася прававая падстава, каб на ініцыяваны дэпутатамі імпічмэнт адказаць роспускам. Таму што на той час не было такой прававой магчымасьці”.

Сяргей Касьцян ад фактычнай ліквідацыі Вярхоўнага Савету, “дазволенай” Лукашэнку народам, не пацярпеў. Ён плаўна перакачаваў у новасьпечаную Палату прадстаўнікоў, дзе 12 наступных гадоў быў спраўным правадніком дзяржаўнай палітыкі, у тым ліку інтэграцыйнай лініі – яшчэ аднаго выніку рэфэрэндуму. Ці актуальнае пытаньне беларуска-расейскай інтэграцыі праз амаль паўтара дзясятка гадоў, калі ў стасунках паміж Крамлём і Менскам стала больш разыходжаньняў, чым падабенства?

“Гэта пытаньне заўсёды будзе актуальным, бо Беларусь без Расеі ніколі ня будзе Беларусьсю. Інтэграцыя – гэта аснова для далейшага існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы”.

Карэспандэнт: “Што можаце сказаць адносна ахалоджваньня ў беларуска-расейскіх адносінах?”

“Ну гэта ахалоджваньне часовае. Ёсьць нейкія непаразуменьні, але гэта не азначае, што пытаньне страціла сваю актуальнасьць. Не, ніколькі ня страціла. Аляксандар Лукашэнка яшчэ ў 1994 годзе, як стаў прэзыдэнтам, заявіў аб шматвэктарнай палітыцы нашай дзяржавы, таму ўсё гэта рэалізуецца, усё ідзе паступова, паводле пляну. І тое, што мы ўдасканальваем свае адносіны з Эўразьвязам, іншымі краінамі сьвету, зусім не азначае, што мы згубілі інтарэс да Расеі – ня толькі як да нашай суседкі, але і як да братняй нам дзяржавы. Гэта ніяк ня страчвае сваю актуальнасьць. Тое, што было прадэкляравана 14 гадоў таму, актуальна па сёньняшні дзень”.

Адным з самых эмацыйна адчувальных наступстваў рэфэрэндуму зьявілася страта легальнага статусу гістарычных сымбаляў і рэвізія роднай мовы. Спробы напачатку 1990-х даць разьвіцьцё беларускай мове шляхам абвяшчэньня яе дзяржаўным сродкам зносінаў былі зьведзеныя да нуля літаральна ў адзін дзень – 14 траўня 1995 году. Па выніках рэфэрэндуму расейская мова атрымала статус другой дзяржаўнай. Ва ўмовах 200-гадовай русыфікацыі гэтага было дастаткова, каб беларускую мову зноў заштурхнуць у кут.
Русыфікацыя, руйнаваньне нашай культуры пачалося ня сёньня і ня з гэтага начальніка краіны.

Яшчэ горшы лёс напаткаў дзяржаўныя сымбалі – бел-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”, пад якімі, дарэчы, прымаў прэзыдэнцкую прысягу і Аляксандар Лукашэнка. Сьцяг і герб былі абвешчаныя па-за законам.

Старшыня мастацкай суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін параўноўвае расправу над гістарычнай спадчынай з гуманітарнай катастрофай. Але кажа, што карані такога стаўленьня трэба шукаць не ў такім яшчэ далёкім мінулым. Лукашэнка ж непрыняцьце ўсяго беларускага асучасьніў на свой лад:

“Адносна сымбаляў – бел-чырвона-белага сьцяга і нашай “Пагоні” – дзяржаўных, гістарычных сымбаляў, то, безумоўна, каб не адбыўся той рэфэрэндум, нам лягчэй было б змагацца пад нашым нацыянальным сьцягам, пад нашай “Пагоняй”. Прынамсі нас не ганялі б за нашу сымболіку, не білі б па сьпіне і не садзілі б на Акрэсьціна. Гэта духоўныя, сакральныя сымбалі, абярэгі, якія аберагаюць чалавека. І тут удар нанесены вельмі жорсткі, вельмі моцны. Я памятаю, як праходзіў рэфэрэндум: прапаганда была толькі з аднаго боку – узнавіць гэтыя бальшавісцкія сымбалі. Але ў мяне ёсьць крыху супярэчнасьці: калі б сымболіка засталася, то адносна мовы было б крыху іншае становішча. Як жа так – пры гістарычнай сымболіцы і такая павальная русыфікацыя? У такім разе лягчэй было б адстойваць нашы прынцыпы. Але ўсё роўна русыфікацыя, руйнаваньне нашай культуры пачалося ня сёньня і ня з гэтага начальніка краіны. Усё гэта ідзе куды глыбей”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG