Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў сталічным Палацы мастацтваў адкрылася мастацкая фотавыстава “Адзін дзень у Чэскай Рэспубліцы”. Гэта ўжо другая падобная выстава чэскіх фотамастакоў у Беларусі.

Канцэпцыя выставы — хроніка аднаго цалкам звычайнага дня. Часовы павераны ў справах Чэхіі ў Рэспубліцы Беларусь Іржы Карас распавёў:

Іржы Карас (Jiří Karas)
“Каля 100 найлепшых чэскіх дакумэнталістаў і рэпартэраў разам з сотнямі аматараў аб’ядналі свае намаганьні, каб за 24 гадзіны пасьпець улавіць і прадставіць у мамэнтальнай фатаграфіі жыцьцё і атмасфэру Чэскай Рэспублікі”.

Калектыў аўтараў стварыў унікальны і шчыры партрэт Чэхіі — краіна прадстаўленая ў самых розных аспэктах. Тут і незвычайнай прыгажосьці каляровыя краявіды, і чорна-белыя рэпартажныя фатаграфіі, і жанравыя замалёўкі, і партрэты.

Намесьнік старшыні Саюзу мастакоў Беларусі Сяргей Цімохаў падкрэсьліў, што гэта ўжо другая такая выстава:

Сяргей Цімохаў
“Мы ідзем, як кажуць, па нарастаючай: тая была надзвычай цікавая выстава. Зараз мы бачым іншы погляд, ужо прафэсійны погляд фотамастакоў. На гэтай выставе мы бачым жыцьцё сучаснай Чэскай Рэспублікі, як жывуць нашы сябры-славяне. І я хацеў бы яшчэ пажадаць, каб мы маглі абмяняцца яшчэ самымі рознымі выставамі — жывапіснымі, графічнымі, таму што спадчына мастацкая ў вашай краіне вельмі моцная, глыбокая”.

Выстава стваралася пад патранатам былога прэзыдэнта краіны Вацлава Гавэла, прэзэнтацыю выставы за мяжой узяў пад сваю апеку міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг. Выстава ўжо экспанавалася ў многіх краінах сьвету: ЗША, Японіі, Аўстраліі, Нямеччыне, Ізраілі, Украіне, на афрыканскім кантынэнце.

Дарэчы, сёньня на вэрнісажы былі заўважаныя намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валеры Варанецкі, амбасадар Украіны Ігар Ліхавы, шмат іншых дыпляматаў.

Першыя наведнікі чэскай фотавыставы падзяліліся сваімі ўражаньнямі:

— Самае галоўнае — гэта нашы сувязі, Беларусі і Чэхіі. Гэта гістарычныя сувязі даўнія. І тое, што яны мацуюцца і доўжацца — гэта самае асноўнае.

— Вельмі цікава. Але ж Прага ўжывую лепшая.

— Я першы раз бачу такую рэпартажную выставу ў такой колькасьці здымкаў. Сапраўды цікава. Спачатку мне складана было зразумець нейкую канву, таму што шмат розных аўтараў, але пасьля я ўбачыў, што куратары з Чэхіі зрабілі нумарацыю, па якой можна зразумець рэпартажнасьць менавіта аднаго дня і яго пражыць, ну, ня з раніцы да вечара, а ў іх, відаць, нейкі графік іншы…

Фатаграфіі будуць захоўвацца ў праскім Нацыянальным архіве. Мяркуецца, што зноў іх выставяць праз 30 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG