Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны на нерухомасьць у Беларусі зьніжаюцца, як і кошты будаўніцтва. Чыноўнікі тлумачаць, што будаўніча-мантажныя працы сталі таньнейшыя з-за зьніжэньня на цэмэнт, шчэбень ды іншыя будматэрыялы.

Але ці стала ў гэтых умовах жыльлё больш даступным для людзей? Ці паспрыялае зьніжэньне коштаў ва ўмовах крызісу ажыўленьню ў будаўнічай галіне? Адказы на гэтае пытаньне карэспандэнты “Свабоды” шукалі сёньня ў розных рэгіёнах краіны.

СЛОНІМ

Ці прасьцей стала пабудаваць кватэру, калі ў краіне пачаўся крызіс і кошты на жыльлё зьнізіліся?

Маладая слонімская сям’я з чатырох чалавек атрымала запрашэньне ў райвыканкам па пытаньні будаўніцтва кватэры, нягледзячы на тое, што чарга іхняя ў самым канцы сьпіса. У райвыканкаме прапанавалі будавацца. Праўда, напачатку азнаёмілі, на якіх умовах. Трохпакаёвая кватэра плошчаю 79,3 м² каштуе 149 млн. 136 тыс. рублёў. 10% ад усяе сумы, а гэта 13 млн. 719 тыс. рублёў, трэба ўнесьці адразу самому заказчыку, а астатнія 90% выдзяляе банк пад 5% гадавых.

Спадарыня Натальля, гаспадыня, кажа, што і на такіх умовах яны ня могуць гэтага зрабіць. Нават унесьці адразу 10% ад сумы для маладой сям’і нерэальна:

“Нават пазычыць гэтыя грошы мы ня можам, бо ў ніводнага са знаёмых такіх грошай няма. Зараз, да ўсяго, яшчэ крызіс эканамічны”.

Далей спадарыня Натальля падлічыла, што праз паўгода пасьля атрыманьня кватэры штомесяц неабходна вяртаць банку па крэдыце 956 тысяч рублёў. Але гэта яшчэ ня ўсё, кажа спадарыня:

За банкаўскі крэдыт на 20 гадоў трэба заплаціць больш як 94 мільёны рублёў. Гэта — кошт яшчэ адной кватэры.
“Дадайце, што жыць трэба за нешта, рабіць рамонт у голых сьценах, бо жыць у гэтай каробцы так ня будзеш, трэба мэблю набыць, плаціць штомесяц за камунальныя паслугі. Трэба невядома які заробак мець…”

Муж спадарыні Натальлі працуе на мясцовай турбазе і атрымлівае штомесяц, зь яе слоў, прыкладна 250-260 тысяч рублёў. Сама яна ў дэкрэтным адпачынку і на дваіх дзетак атрымлівае ў месяц 280 тысяч рублёў.

Ад будоўлі кватэры давялося адмовіцца. Спадарыня Натальля падлічыла яшчэ, што за 20 гадоў па крэдыце яна павінна выплаціць 94 млн. 23 тыс. рублёў, што складае кошт яшчэ аднае двухпакаёвае кватэры.

ГОМЕЛЬ


Многія гомельскія будаўнікі, якія да нядаўняга часу знаходзілі сабе працу ў Расеі, мусяць зараз вяртацца на радзіму. У сувязі з крызісам і ў суседзяў на будаўніцтве зьменшыліся расцэнкі, пачасьціліся выпадкі нявыплаты заробкаў беларускім гастарбайтэрам.


Гаворыць спадар Уладзімер з Рагачова, які да апошняга часу працаваў на будоўлях Масквы:

“Складаней стала найперш з аплатай. Расцэнкі ўпалі ў Расеі. Грошы меншыя. І наагул, не стараюцца там аддаць грошы. Даюць па частках з затрымкаю. Ёсьць фірма, дзе я працаваў, дык яны па чатыры месяцы грошы затрымлівалі. Часткамі вяртаюць. Відаць, у банках пракручваюць”.

Суразмоўца кажа, што калі б была праца й годны заробак, то з большым задавальненьнем працаваў бы дома:

“Добрага там нічога няма. Ёсьць пастаяннае адчуваньне радзімы, туга па радзіме. Заехаў туды — быццам бы й працуеш, грошы зарабляеш, а дадому хочацца. Я хоць бы ямку якую выкапаў ці канаву пракапаў тут, у Рагачове. Заплацілі б мне нармальна, і я, ёлкі-палкі, нікуды б не паехаў”.

Але так разважаюць ня ўсе. Некаторыя гомельскія будаўнікі зьвязваюць свой лёс выключна з працай у Расеі. 50-гадовы жыхар абласнога цэнтру спадар Алег сьцьвярджае, што для яго праца ў суседняй дзяржаве ёсьць заўсёды:

“Гледзячы для каго. Для мяне, напрыклад, ёсьць праца. Я — аддзелачнік, працую сам па сабе. Колькі жыву, столькі й ежджу. На дзяржпрадпрыемствах у Беларусі я не працаваў. Толькі езьдзіў. Як з войска вярнуўся ў 79-м годзе, так і пачаў у Расеі на фасадах працаваць, а потым — аддзелкай заняўся.

І добра атрымліваецца. Зарабляю цяпер паўтары тысячы эўра ў месяц”.

БАРАНАВІЧЫ

Мой суразмоўца — беларускі гастарбайтэр Максім Гайцюкевіч. Шмат гадоў запар езьдзіць на заробкі ў Расею. Грошы зьбірае на будаўніцтва свайго жытла:


“Я купіў участак пад будоўлю жылога дома. Вывеў тут нават сьцены з цэглы, але на большае грошай не хапіла. Вельмі дарагія будаўнічыя матэрыялы. І ў сувязі з фінансавымі цяжкасьцямі вырашыў часова прыпыніць будаўніцтва”.

Са словаў Максіма Гайцюкевіча, зьніжэньне ў Беларусі коштаў на некаторыя будаўнічыя матэрыялы, яго сытуацыю не ратуе. На завяршэньне дома патрабуецца як мінімум 7 тысяч даляраў. Суразмоўца кажа, што цяпер у Баранавічах банкі спынілі крэдытаваньне індывідуальнага будаўніцтва.

“Я нават ужо спрабаваў перапрадаць свой участак з недабудаваным домам, — кажа Максім, — зьвярнуўся ў раённую архітэктуру. Паводле закону, архітэктура павінна была зрабіць дакумэнты на працягу месяца. Тэрмін даўно мінуў, а дакумэнты не гатовы”.

Па словах Максіма Гайцюкевіча, аддзел архітэктуры стварае штучныя перашкоды:

“Яны сьпіхваюць усё на нейкія праблемы: у аднаго — бальнічны, нехта — у адпачынку, перасылаюць з аднаго месца у другое. І грошай няма — трэба ж сям’ю карміць. На работу не магу выехаць, бо працую ў Расіі”.

Надзея Янкоўская з мужам будуюць дом. Яны ведаюць, што многія не адужваюць заплянаванае будаўніцтва і мусяць прадаваць нерухомасьць.

Крэдыты браць не зьбіраемся, бо гэта страшная даўгавая яма.
“Многія страцілі працу. Многія іншыя даходы страцілі. І, зразумела, будаўніцтва ў заняпадзе”.

А крэдыты ў беларускіх банках браць боязна.

“Мы ня бралі і браць не зьбіраемся, бо гэта страшная даўгавая яма”, — кажа Надзея Янкоўская.



Даведка “Свабоды”: у чарзе на атрыманьне кватэры ў Менску — 250 тысяч сем’яў. І толькі цяпер жыльлёвыя ўмовы паляпшаюць грамадзяне, якія былі пастаўленыя на ўлік у 1980-х гадах. За ўвесь мінулы год для такіх сем’яў было пабудавана ўсяго 16 дамоў.

Сёлета ў Беларусі заплянавана пабудаваць 6 мільёнаў квадратных мэтраў жыльля. У 2008 годзе, паводле афіцыйнай статыстыкі, было ўзьведзена 5,140 мільёна квадратных мэтраў жыльля.
XS
SM
MD
LG