Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія ўлады 11 траўня дэпартавалі 89-гадовага Джона Дэм'янюка, украінца па паходжаньні, са штату Агаё ў Нямеччыну. У турме ў Мюнхене ён будзе чакаць суду як падазраваны ў саўдзельніцтве ў Галакосьце габрэяў у часы ІІ Сусьветнай вайны


Упершыню пра Джона (Івана) Дэм'янюка сьвет дазнаўся ў 1986 годзе, калі ён быў дэпартаваны з ЗША ў Ізраіль, дзе яго судзілі па падазрэньні, што ён працаваў ахоўнікам у нацысцкім лягеры сьмерці ў Трэблінцы і дапамагаў нацыстам у масавым забойстве габрэяў, абслугоўваючы дызэльныя рухавікі, якія падавалі атрутны газ у газавыя камэры. Паводле абвінавачаньня Дэм'янюк быў вядомы ў Трэблінцы пад мянушкай „Івана Жахлівага”.

Ізраільскі суд у красавіку 1988 году пацьвердзіў усе абвінавачаньні і прысудзіў Дэм'янюка да пакараньня сьмерцю праз павешаньне. Сам Дэм'янюк цьвердзіў, што пасьля таго, як ён трапіў у нямецкі палон ў 1942 годзе, немцы трымалі яго як савецкага ваеннапалоннага ў лягеры ў Польшчы, а потым у Аўстрыі, дзе ён уступіў у нямецкае ваеннае фармаваньне і дачакаўся капітуляцыі Нямеччыны. Дэм'янюк абскардзіў прысуд.

У ліпені 1993 году Вярхоўны суд Ізраілю скасаваў сьмяротны прысуд Дэм'янюку і адкінуў усе папярэднія абвінавачаньні супраць яго. Гэтае рашэньне суду грунтавалася на пісьмовым сьведчаньні былых ахоўнікаў канцлягеру ў Трэблінцы, якія ідэнтыфікавалі „Івана Жахлівага” як Івана Марчэнку.

У 1998 годзе Дэм'янюку вярнулі скасаванае раней амэрыканскае грамадзянства.

А ў 1999 годзе Дэпартамэнт юстыцыі ЗША выступіў супраць Дэм'янюка з новымі абвінавачаньнямі ў саўдзельніцтве ў нацысцкіх злачынствах. Гэтым разам яго абвінавацілі ў тым, што ён быў ахоўнікам у нацысцкіх лягерах сьмерці ў Сабібуры і Майданэку ў Польшчы і Флёсэнбургу ў Нямеччыне. У 2004 годзе Дэмянюку зноў адабралі амэрыканскае грамадзянства. А два дні таму яго дэпартавалі ў Нямеччыну.

Дэм'янюка транспартуюць з аэрапорту ў турму ў Мюнхене

З увагі на век і слабы стан здароўя Дэм'янюка, назіральнікі не выключаюць, што новы суд над ім можа ўвогуле не пачацца, а калі ўсё ж пачнецца, дык будзе гэта хутчэй за ўсё апошні суд над чалавекам, падазраваным у саўдзельніцтве ў нацысцкім Галакосьце.
XS
SM
MD
LG