Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зьвярнуць увагу нашага народа складана. Нават галадоўкай”


Галадоўка салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі, эканамічны крызіс у Беларусі і ў сьвеце, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

СЛУХАЦЬ:


Актывісты Маладога фронту трымаюць галадоўку салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Яны дамагаюцца неадкладнага вызваленьня ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Ларыса, Менск: “Хочацца параіць маладафронтаўцам скончыць галадоўку, таму што гэта, у першую чаргу, шкодна для здароўя, асабліва ў маладым веку. Рэч у тым, што зьвярнуць увагу нашага народу вельмі складана, і вы гэта павінны засвоіць. Шукайце іншыя мэтады, вам павінны падказаць старэйшыя сябры”.

Зіноўеў: “Я думаю, што галадоўка Аўтуховіча наводзіць на пытаньне: а што яму інкрымінуюць?”

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Я зьвяртаюся да маладафронтаўцаў, што галадаюць: спыніце, калі ласка, галадоўку. Прадпрымальнікі ня вартыя таго, каб дзеля іх вы ахвяравалі сваім жыцьцём. Беражыце свае сілы і здароўе”.

Віктар Буто, Менск: “Пра палітычную галадоўку, якая праводзіцца прадпрымальнікамі і маладафронтаўцамі. Я лічу, што ўсе яны сапраўдныя патрыёты, а тыя, хто на іх наяжджае, — пярэваратні, па віне якіх невінаватых кідаюць у турэмныя ці іншыя небясьпечныя засьценкі. А хворых яшчэ заганяюць і ў войска”.

Спадар: “Наконт галадоўкі я лічу, што гэта марнаваньне часу ды яшчэ і наўмысная шкода свайму здароўю. Лепш гэтыя высілкі накіраваць на распаўсюд зьвестак пра гісторыю Беларусі, пра свабодныя сродкі інфармацыі, правы чалавека і г.д.”

Спадар: “Зараз у беларускай моладзі гарачая пара. Адны рыхтуюцца да выпускных іспытаў і паступленьня ў ВНУ, іншыя рыхтуюцца да паступленьня. Адны сканчаюць ПТВ і будуць працаваць. Некаторыя служаць у войску. Хацелася б даведацца пра сацыяльны статус моладзі, якая галадае. Хто яны? Рабочыя? Студэнты? Ці дармаеды, якія ляжаць і цэлы дзень глядзяць у столь, не працуюць і нідзе ня вучацца? Хто яны, скажыце, калі ласка”.

На пытаньне адказвае адзін з галадоўнікаў — Яўген Скрабец:

“Зараз нас шэсьць чалавек, якія галадуюць ва ўправе. Трое з нас — студэнты: я, Ірына Губская і Наста Палажанка. Трое рыхтуюцца да паступленьня: гэта Мікола Дземідзенка, Кася Салаўёва і Арцём Дубскі. Я, акрамя таго, што вучуся ў ЭГУ на завочным аддзяленьні, працую на Радыё Рацыя. І літаральна ўчора рабіў здымкі для сайту радыё. Ірына Губская працягвае вучыцца і таксама ўчора хадзіла здаваць іспыт. Тая ж Кася Салаўёва рыхтуецца да ўступнага іспыту. Словам, займаемся тым, што зараз па сілах”.

Працягваем праграму выказваньнямі на тэму ўлады і крызісу:

Спадар: “Я хачу сказаць: чаму вы нападаеце на Лукашэнку? Лукашэнка даў усё — усё ў крамах ёсьць. А вы паглядзіце, што Эўразьвяз даў Літве! У мяне там сваякі жывуць, жабрачаць у гэтай Літве. Трэба маліцца на Лукашэнку яшчэ, што ён даў усё — мір і спакой”.

Спадар: “Наша Беларусь — краіна абсурдаў. У пэрыяд фінансавага крызісу ў сьвеце прадукты харчаваньня таньнеюць. Так, напрыклад, у Нямеччыне малочныя прадукты патаньнелі значна, а сыры — нават на 20—25 адсоткаў. А ў Беларусі ўсе прадукты харчаваньня даражэюць. Вось нядаўна зноў падаражэла сьвініна, а за мяжой сьвініна патаньнела ў сувязі са сьвіным грыпам. У чым жа прычына такога глупства?”

На пытаньне адказвае палітык і эканаміст Аляксей Янукевіч:

“Сытуацыя палягае ў тым, што не заўсёды эканамічныя законы працуюць у Беларусі. І людзі, якія маюць магчымасьць бываць за мяжой, бачаць, што і да крызісу, і зараз бальшыня прадуктаў харчаваньня ў Заходняй Эўропе таньнейшыя, чым у Беларусі. Пры тым, што заробкі ў Беларусі на парадак меншыя, чым у краінах Захаду. І прычына ў тым, што сьвядома збудаваная эканамічная сыстэма, каб абслугоўваць палітычную. У свабодных краінах эканоміка будуецца дзеля таго, каб служыць людзям. У гэтым палягае розьніца і з-за гэтага ўзьнікае такая сытуацыя”.
XS
SM
MD
LG