Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўнікі рыхтуюцца да “Маршу незалежнасьці”


Сёньня — дзесяты дзень галадоўкі на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Ва ўправе БНФ галадаюць маладафронтаўцы Наста Палажанка, Арцём Дубскі, Мікола Дземідзенка, Яўген Скрабец, Ірына Губская, Ільля Нагорны і Кацярына Салаўёва. Сёньня галадоўнікі правядуць онлайн-канфэрэнцыю з слухачамі “Свабоды”.


Калі размаўляеш з галадоўнікамі, уражаньне такое, што думкамі яны ўжо ў дні 14-га траўня. Менавіта на гэтую дату прызначаны “Марш незалежнасьці”, які ладзіць “Малады фронт”.

Арцём Дубскі
Асабліва хвалюецца Арцём Дубскі. Яго яшчэ чакае высьвятленьне справы за апошняе затрыманьне міліцыянтамі ў Асіповічах. Таму Арцём баіцца прапусьціць бліжэйшыя акцыі:

“Мне, канечне, хацелася б патрапіць на марш 14-га траўня, які будзе пачынацца на Кастрычніцкай плошчы. А таксама на акцыю 16-га траўня. Я ня ведаю, што будзе 14-га, але спадзяюся, што мы прыйдзем сюды (ва ўправу БНФ) жывымі і здаровымі і працягнем наша змаганьне”.

Мікола Дземідзенка адзначае:

Мікола Дземідзенка
“Як мы ўжо неаднаразова казалі, пляны на 14-га траўня ў нас не зьмяніліся. Мы плянуем а 18-й гадзіне сабрацца на Кастрычніцкай плошчы і маршам па ходніках прайсьці на плошчу Незалежнасьці, дзе адбудзецца мітынг. Ніякіх зьменаў у праграме акцыі, зьвязанымі з галадоўкай, мы не плянуем. То бок усё будзе згодна з плянам”.

Наста Палажанка тлумачыць, чаму акцыі 14-га траўня надаецца так шмат увагі:

Наста Палажанка
“Мы вельмі спадзяемся, што 14-га траўня стане традыцыйным мерапрыемствам. У беларускай гісторыі гэты дзень вельмі важкі і вельмі сумны. 14-га – гэта ўгодкі таго часу, калі Лукашэнка адабраў у Беларусі нацыянальныя сымбалі і, можна лічыць, скраў беларускую мову. Мы сапраўды плянуем у гэты дзень выйсьці на плошчу і заклікаем усіх сяброў, усіх неабыякавых людзей падтрымаць гэту акцыю. Гэта вельмі важна, паколькі пытаньне незалежнасьці ў дадзены момант ёсьць актуальным. Таму спадзяемся, што мы пабачым сваіх паплечнікаў, пабачым тых людзей на плошчы, каму пытаньне незалежнасьці Беларусі не абыякавае”.



Моладзь галадае на знак салідарнасьці з трыма ваўкавыскімі прадпрымальнікамі, якія знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.
XS
SM
MD
LG