Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супрацоўнікі КДБ арыштавалі начальніка ўпрывы аператыўна-вышуковай дзейнасьці МУС палкоўніка міліцыі Івана Шышло. Назіральнікі кажуць пра чарговы віток барацьбы паміж КДБ і міліцыяй.

Арышт палкоўніка міліцыі Івана Шышло, якога называюць галоўным міліцэйскім опэрам, не камэнтуюць у КДБ . Між тым, гэтай установе незалежныя крыніцы прыпісваюць затрыманьне начальніка апэратыўна-вышуковай управы МУС і вядзеньне сьледзтва паводле ягонай справы. “Без камэнтароў”, – адказваў учора журналістам Валер Надтачаеў, які кіруе прэсавай службай КДБ. Супрацоўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка таксама не казаў пэўна, арыштаваны палкоўнік Шышло ці працуе, як раней:

“У мяне асабіста падрабязнасьцяў пра тое, хто арыштаваны, за што і як няма. Я і не ўпаўнаважаны пра гэта казаць, і сапраўды ня ведаю”.

З другіх крыніц стала вядома, што 12 траўня выконваючы абавязкі міністра ўнутраных спраў Анатоль Куляшоў на пытаньні журналістаў адносна палкоўніка Шышло сказаў, каб прадстаўнікі мэдый “зьвярталіся па камэнтары у КДБ, які арыштоўваў”.

Такім чынам, большасьць незалежных СМІ мяркуюць, што зьвесткі пра арышт палкоўніка сапраўдныя і пацьверджаньне афіцыйнымі крыніцамі – справа часу.

У чым падазраюць начальніка апэратыўна-вышуковай управы МУС? Гаворка ідзе пра дзьве вэрсіі. У адной называюць злоўжываньні пры будаўніцтве дома, у другой – пры выкарыстаньні грошай, якія адпускаюцца бюджэтам на аплату інфарматараў, працуючых на міліцыю. Нібыта распачатая праверка гэтых тратаў, якія праходзілі пад непасрэдным кантролем палкоўніка Шышлo. У любым выпадку, адзначаюць назіральнікі, такая праверка нанясе моцны ўдар па міліцэйскім ведамстве, паколькі раскрые сьледчым КДБ шмат міліцэйскіх сакрэтаў. У адзін голас мэдыі кажуць пра вайну паміж міліцэйскім ведамствам і КДБ, якая вядзецца зь пераменным посьпехам ужо шмат гадоў і відавочна абвастрылася пасьля нядаўняй адстаўкі Ўладзімера Навумава з пасады міністра ўнутраных спраў.

Ці толькі гэтай адстаўкай можна тлумачыць посьпех супрацоўнікаў КДБ у выкрыцьці карупцыі сярод высокапастаўленых міліцыянтаў? Генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб раіць не перабольшваць. На думку Мечыслава Грыба, выконваючы абавязкі міністра Анатоль Куляшоў не заступаецца за падначаленых з кар’ерных меркаваньняў:

“Баіцца сказаць лішняга слова, чакае, калі міністрам прызначаць. Ён мае надзею, а калі пойдзе у атаку, дык згубіць усе шанцы”.

Між тым, паводле інтэрнэт-выданьня “Ежедневник», які паведаміў пра арышт палкоўніка Шышло, у кіраўніцтве МУС нібыта “чысьцяць пляцоўку” для вылучэнцаў іншай групоўкі. У тым ліку ў якасьці кандыдата ў міністры мэдыі называюць цяперашняга кіраўніка Камітэту памежных войск спадара Рачкоўскага.
XS
SM
MD
LG