Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі Беларусь прызнае незалежнасьць Абхазіі, ЭЗ гэтага не заўважыць”


Кірыл Коктыш

Кірыл Коктыш

У Сухумі знаходзіцца афіцыйная дэлегацыя Беларусі на чале з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем. Дэлегацыю прыняў прэзыдэнт Абхазіі Сяргей Багапш. Паводле афіцыйнага прадстаўніка С.Багапша, падчас сустрэчы абмяркоўваліся пытаньні абхазка-беларускага супрацоўніцтва ў розных сфэрах. Ці можа гэта азначаць, што афіцыйны Менск пачаў працэс прызнаньня незалежнасьці грузінскіх тэрыторый? Алесь Дашчынскі гутарыць з маскоўскім палітолягам Кірылам Коктышам.

Дашчынскі: “Што можа азначаць гэты патаемны візыт афіцыйнай дэлегацыі пад кіраўніцтвам У.Макея ў Абхазію?”

Коктыш: “Я думаю, што гэта адказ на заявы Пуціна, які ў інтэрвію напярэдадні свайго візыту ў Японію сказаў, што цягам 15-ці гадоў Расея датавала транзытныя краіны. Больш за тое, Расея была ініцыятарам іх сувэрэнітэту. І адзіныя праблемы на гэтым накірунку былі толькі тыя, што гэтыя краіны не жадалі плаціць рынкавую цану за энэрганосьбіты. А вымагалі за паслугі па транзыту спэцыяльныя кошты для сябе саміх. Ён сказаў, што гэтая практыка зараз скончылася.

Гэта заява Пуціна была якраз пасьля далучэньня Беларусі да “Ўсходняга партнэрства”. А “Ўсходняе партнэрства”, пры адсутнасьці іншых мэтаў, гэта будзе нейкай спробай усходнеэўрапейскіх краінаў гандляваць з Захадам рэсурсам блізкасьці да Расеі. Так што гэта заява была зьвязана з уступленьнем Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства” і, фактычна, азначае дэклярацыю, што Расея будзе згортваць усе эканамічныя прывілеі Беларусі.

Каб прадухіліць такое разьвіцьцё падзеяў, беларускі прэзыдэнт накіраваў Макея, дэлегацыю на высокім узроўні ў Абхазію, каб паказаць нейкую актыўнасьць і зрабіць выгляд, што ўсе, маўляў, застаецца па ранейшаму. Дагэтуль Пуцін рабіў тое, што абяцаў. Таму сёньняшні візыт Макея ў Абхазію не скарэктуе расейскую пазыцыю. Больш за тое, для Расеі гэта вызваленьне каля 4-5 мільярдаў даляраў у год, якія яна выдаткоўвала на Беларусь. Падчас крызісу Расея будзе захоўваць гэтыя грошы ў сябе. І такі намер ёсьць, бо падчас крызісу ўсе рэзка пачалі лічыць грошы”.

Дашчынскі: “Але наколькі важна цяпер для Расеі прызнаньне афіцыйным Менскам Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі?”

Коктыш: “Гэты цягнік ужо сышоў. Гэта прызнаньне было вельмі важным адразу пасьля грузінскага канфлікту. Кошт гэтага прызнаньня ўздымала Беларусь. І гэты кошт захаваўся ва ўспрыняцьці беларускай намэнклятуры. Але гэта пытаньне наўрад ці застаецца актуальным сёньня для Расеі. Ну, канечне, калі яно атрымаецца, то гэта будзе непрыемным сюрпрызам для Эўропы. Але Эўропа таксама сёньня гэты сюрпрыз ужо перажыве.

І таму, мне здаецца, што той накірунак, які абвясьціў Пуцін, найбольш верагодны для далейшага разьвіцьця падзеяў. Бо беларуска-расейскі саюз, як праект, насамрэч даўно забуксаваў. І пытаньне было ў тым, хто першы скажа, што гэты праект не атрымаўся, хто першы яго дэнансуе. І для Расеі было б вельмі важна, каб не Расея сказала, што гэты праект не атрымаўся”.

Дашчынскі: “Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйр заявіў у Менску, што Эўразьвяз ніколі не прызнае дзяржавамі Паўднёвую Асэтыю і Абхазію. Але “гэта пытаньне не зьяўляецца часткай дыялёгу паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. І не абумоўлівае разьвіцьцё і паглыбленьне стасункаў паміж ЭЗ і Беларусьсю. Гэта павінна быць рашэньнем беларускіх уладаў і народа”. Але той факт, што Беларусь іх не прызнала, маўляў, гэта факт, “які дае надзею”. Ці магчыма, што Эўразьвяз цяпер зьмякчыў сваю пазыцыю?

Коктыш: “Эўазьвяз зараз у такім становішчы, што абвясьціўшы нейкія прарывы на беларускім накірунку, ён цяпер не гатовы прызнаваць нейкія паразы. Таму любое разьвіцьцё на беларускім накірунку ён будзе абвяшчаць чарговай перамогай. І таму, я казаў гэта і раней, калі Беларусь прызнае Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, нічога насамрэч не здарыцца. Бо Эўразьвяз проста пастараецца гэтага не заўважыць”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG