Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У траўні ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адбываюцца кірмашы турыстычных паслугаў. Больш як 700 дзяржаўных і прыватных кампаній, фірмаў і агенцтваў прапаноўваюць разнастайны адпачынак за мяжой. Паводле першых вынікаў, попыт на замежны адпачынак значна скараціўся, а турыстычныя напрамкі вандровак беларусаў зьмяніліся на карысьць больш танных.

ГОРАДНЯ

Жыхары Гарадзеншчыны і Берасьцейшчыны звычайна найбольш актыўна выпраўляліся на адпачынак у краіны Захаду. Ці зьмянілася гэтая тэндэнцыя падчас крызісу?

Яшчэ нядаўна стабільным попытам сярод гарадзенцаў карыстаўся адпачынак у Літве і Польшчы. Пасьля далучэньня гэтых краін да Шэнгенскай зоны, аднак, паездкі праз турфірмы скараціліся практычна да нуля. Толькі апошнім часам сытуацыя пачала пакрысе зьмяняцца. Як паведаміў нам кіраўнік адной з турфірмаў спадар Уладзімер, удалося накіраваць на адпачынак групы дзяцей у дзьве суседнія краіны. Але гэта дзякуючы таму, што літоўцы і палякі выдалі бясплатныя візы — і ўсё роўна настаўнікі, якія суправаджалі дзяцей, мусілі плаціць за візу шэсьцьдзесят эўра. Вяртаньня папулярнасьці адпачынку на Балтыйскім моры не прагназуецца.

Даведка “Свабоды”: паводле афіцыйных вынікаў папярэдняга году ў Беларусі выявіўся спад выязнога турызму — з 516 796 чалавек у 2007 годзе да 380 349 — у 2008-м. Галоўная прычына — візавыя бар’еры. Так, колькасьць беларусаў, якія выяжджалі ў Літву ў 2008-м, зьменшылася з 27 764 чалавек да 5 551. У польскім кірунку мінус яшчэ значнейшы — 38 473 беларусы ў 2007 годзе супраць 4 565 — у мінулым.

Куды ж паедуць адпачываць гарадзенцы?

Хутчэй за ўсё, у Адэскую вобласьць і ў Крым.

Спадар: “Мы мяркуем, што гэта масава будзе болей запатрабавана, паколькі нізкі цэнавы шэраг прапануецца”.

Спадар Уладзімер лічыць, што попыт на курорты Міжземнамор’я таксама застанецца, але ён можа крыху зьмяніцца:

“Я мяркую, што езьдзілі людзі з прыстойным дастаткам на Міжземнамор’е. Каштаваў адпачынак заўжды тысячу — паўтары тысячы эўра. Нават калі даходы ўпалі ў бізнэсе, паедуць, можа, не на два тыдні, а на тыдзень альбо ў міжсэзоньне. Езьдзяць жа ў нас у горадзе і на джыпах, на добрых машынах, ёсьць добрыя катэджы, гэтыя людзі ўсё роўна будуць адпачываць”.

Экспэрты прагназуюць, што на Гарадзеншчыне сёлета паболее ахвотных застацца ў Беларусі і адпачыць на лецішчы, у сельскай сядзібе ці на базе адпачынку. Праўда з апошнім варыянтам ужо зараз ёсьць праблемы.

Турбаза “Нёман”, якая належыць Фэдэрацыі прафсаюзаў і месьціцца на вельмі маляўнічым беразе Нёмана, цярпіць ад крызісу.

Як распавядае адміністратар турбазы спадарыня Ганна, да 2005 году тут працавалі каля 250 супрацоўнікаў, а зараз толькі каля 30. На турбазе адпачывалі каля 440 дзяцей, тут была свая аздараўленчая база і школа. Але дзяржава перастала выдзяляць грошы на аздараўленьне дзецям з Чарнобыльскай зоны.

Спадарыня Ганна: “Нічога ў нас не адноўлена, нават сталоўка не працуе. Дзяцей прымаем, але нерэгулярна.
У карпусах, якія належаць турбазе, няма ніякай гаворкі пра аздараўленьне, там жывуць рабочыя, якія будуюць дарогі.
У карпусах, якія належаць турбазе, няма ніякай гаворкі пра аздараўленьне, там жывуць рабочыя, якія будуюць дарогі. Карацей, гэта аддалі як пад інтэрнат”.

Спадарыня Ганна распавядае, што сюды неаднойчы наведваўся старшыня ФПБ Леанід Козік, але справа зь месца ня зрушылася.

На турбазе “Нёман” было шмат дарагога мэдычнага абсталяваньня, але ўсё гэта адсюль вывезьлі ў іншыя санаторыі. У турбазы, як кажа адміністратар, засталіся толькі запазычанасьці.

Спадарыня Ганна: “Засталіся толькі даўгі за сьвятло, за газ, бо ўвесь час ацяплялі памяшканьні, а не маглі разьлічыцца і дагэтуль”.

Адзін з самых лепшых у вобласьці ведамасных санаторыяў — “Энэргетык”, што ў Ваўкавыскім раёне, — працягвае прымаць адпачывальнікаў, але яго запаўняльнасьць падчас крызісу таксама зьнізілася.

Галоўны інжынэр санаторыя Галіна Петашова, якая засталася сёньня за дырэктара, распавядае, што асабліва крызіс адчулі ў першыя два месяцы новага году, калі зьменшыўся прыезд гасьцей з замежжа.

Петашова: “Яны самі тлумачаць, што ў краіне крызіс. Вось, як, да прыкладу, расейцы кажуць, што баяцца ехаць на адпачынак, бо могуць страціць працу. І прадстаўнікі турыстычных фірмаў, зь якімі мы працуем, кажуць, што людзі прыходзяць і здаюць пуцёўкі назад”.

Спадарыня Петашова, аднак, упэўненая, што за летні сэзон яны здолеюць зарабіць, бо пуцёўкі прадаюцца добра. Акрамя беларусаў, да іх традыцыйна на лячэньне і адпачынак любяць прыяжджаць палякі і прыбалты.

Да ўсяго, са слоў Петашовай, у санаторыі “Энэргетык”, у адрозьненьне ад іншых, сёлета не падвысілі кошты на пуцёўкі.

Даведка “Свабоды”: у Беларусі цяпер 101 санаторна-курортная ўстанова на 24,5 тысячы месцаў і 265 іншых аздараўленчых арганізацый на 47,5 тысячы ложкаў, сярод апошніх — 40 баз, дамоў адпачынку, пансіянатаў, туркомплексаў. Аднак з-за зношанасьці будынкаў і састарэлай маёмасьці бальшыня так званых здраўніц у заняпадзе. Па словах дырэктара рэспубліканскага цэнтру па аздараўленьні насельніцтва Мікалая Мазура, у Беларусі асабліва папулярныя 12-14 санаторыяў. Другі год запар 100% месцаў у гэтых санаторыях выкупляюць жыхары Расеі.

У 2009 годзе ў Беларусі створана 60 новых вясковых сядзібаў для турыстаў. Усяго іх больш за паўтысячы. У мінулым годзе вясковыя сядзібы прынялі 39 тысяч чалавек. Прагноз на сёлета старшыні праўленьня Беларускага грамадзкага аб’яднаньня “Адпачынак у вёсцы” Валерыі Кліцуновай:

“Верагодна, што будзе менш карпаратыву — тых, хто езьдзіў за кошт прадпрыемстваў сьвята адзначыць, альбо правесьці якую канфэрэнцыю, сэмінар… На гэта, відавочна, грошай становіцца менш. Ну, а тое, што на шашлыкі хочацца? Хочацца! У лазьню хочацца? Хочацца! Так што калі ахвотнікаў да такога адпачынку паменее, то ненашмат”.

БАРАНАВІЧЫ

Дзе адпачываюць жыхары Баранавічаў?

Багата прапановаў, каб адпачыць, робяць турагенцтвы. У фірме “Гарызонт-Тур” расказалі, што пакуль вялікага попыту не назіраецца.

“І сёньня кожны дзень людзі ходзяць і цікавяцца, але пуцёўкі пакуль не купляюць. Цікавяцца Крымам, бо Крым недарагі. 7 чэрвеня робім першы заезд: 159 даляраў — праезд, пражываньне, плюс 60 тысяч турпаслуга. Далей ідзе па 240”, — кажа спэцыяліст па адпачынку ў Крыме Сьвятлана.

Па словах яе калегі Марыны, на Беларусі знайсьці таньнейшы адпачынак цяжэй:

“Нашая турбаза „Лясное возера“. Атрымліваецца 50-59 тысяч за суткі”.

У фірме “Гарызонт-Тур” кажуць, што ў краіны “Эўразьвязу баранаўцам сёньня выехаць складана:

“Баўгарыя — ад 400 эўра. Плюс 60 эўра віза асобна”.

Месьцічы скептычна глядзяць на свае магчымасьці сёлета адпачыць.

“Паколькі ў нас аграмадны крызіс у краіне — гэта ўжо не сакрэт — ніякага дарагога адпачынку нам ня выпадзе. Таму мы як-небудзь на вёсцы, ля возера, на якім Жлобінскім”, — дзеліцца сваімі плянамі Вікторыя Іванейчык. — Ніхто не зьбіраецца з кола маіх знаёмых адпачываць. Гэта ўсё грошы, і немалыя грошы“.

Іван Гардзей
Чыноўнікі пагаджаюцца, што шараговыя працаўнікі ў Беларусі бяднеюць, і эканоміць на побытавых рэчах дзеля адпачынку за мяжой ім не выпадае.
адзначае, што суадносіны якасьці і коштаў зьмяніліся не на карысьць кліентаў:

“Зьмяніліся цэны, якія не адпавядаюць якасьці. У Турцыю я езьдзіў раней за 200 даляраў, а зараз там адпачынак каштуе 750 даляраў”.

Па падліках міністэрства спорту і турызму, у 2009 годзе колькасьць беларускіх грамадзянаў, якія адпачываюць за мяжой, будзе скарачацца. Чыноўнікі пагаджаюцца, што шараговыя працаўнікі ў Беларусі бяднеюць, і эканоміць на побытавых рэчах дзеля адпачынку за мяжой ім не выпадае.

Даведка “Свабоды”: у сувязі зь фінансавым крызісам, па ацэнках турапэратараў, у сёлетні летні сэзон аб’ём рынку турпаслуг скароціцца на 15% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году.

Прафсаюзны актывіст Клецкага мэханічнага заводу, якія цяпер далучаны як філіял да МАЗа, Мікалай Апанасевіч паведаміў, што сёлета ніводзін з 400 працаўнікоў не плянуе турыстычную паездку ці адпачынак:

“У кантрактах агаворана, што пры наяўнасьці прыбытку вызначаецца на адпачынак матэрыяльная дапамога. Але пакуль прыбытку няма. Таму ўсе зьбіраюцца адпачываць дома. Знаходзяць для сябе працу і праводзяць увесь адпачынак дома”.
XS
SM
MD
LG