Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэсыдж да моладзі: шлях у Эўропу — толькі праз уладу


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 12-га траўня.

Улады выкарыстоўваюць мэдыі для дыскрэдытацыі апазыцыйнай моладзі. У чым прычыны новай прапагандысцкай кампаніі? Якія мэтады выкарыстоўваюцца? Які можа быць эфэкт ад такой кампаніі?

Удзельнікі: старшыня моладзевай арганізацыі АГП “Маладыя дэмакраты” Міхась Пашкевіч і кінадраматург Уладзімер Халіп.

Валер Карбалевіч
Міхась Пашкевіч
Уладзімер Халіп


У чым прычыны новай прапагандысцкай кампаніі?

Валер Карбалевіч: “У нядзелю ў тэлепраграме „Панарама тыдня“ паказалі сюжэт, дзе дыскрэдытуецца „Праграма Каліноўскага“, у рамках якой маладыя людзі, рэпрэсаваныя з палітычных прычын, праходзяць навучаньне ў Польшчы. Па БТ круцяць анонс фільму пад назвай „Малады фронт“. Кіднэпінг”. Фільм пакажуць у сераду 13 траўня. БелТА падрыхтавала матэрыял пад назвай “Вярбоўшчыкі на навучаньне за мяжой выкарыстоўваюць маладых людзей для падрыхтоўкі “пятай калёны”.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што ўлады пачынаюць прапагандысцкую кампанію супраць дэмакратычнай моладзі. У чым яе прычыны? Чаму менавіта цяпер яна пачынаецца?“

Міхась Пашкевіч:
Улада імкнецца паказаць нашай моладзі, што шлях у Эўропу можа быць толькі адзін — празь цяперашнюю ўладу.
“Здаецца, у кагосьці ва ўладных структурах здарылася ап’яненьне ад эўрапейскіх посьпехаў. І яны вырашылі дадушыць ворага, то бок нас. Магчыма, старэйшую апазыцыю ўлада ўжо ня лічыць за ворага, таму вырашыла раздушыць маладыя парасткі. Улада імкнецца цяпер, пасьля эўрапейскіх посьпехаў, паказаць нашай моладзі, што шлях у Эўропу можа быць толькі адзін — празь цяперашнюю ўладу. А ўсе напрацоўкі апазыцыі няправільныя і мусяць быць зьнішчаныя. Улада дзейнічае ў звыклым стылі і не пацерпіць канкурэнцыі”.

Уладзімер Халіп: “Змаганьне ўлады з апазыцыяй і моладзевымі арганізацыямі не спынялася ніколі. Яно адбывалася і ў форме брутальнага ціску, і паклёпу. Іншых сродкаў дачыненьняў з моладзьдзю ўлада не разумее”.

У чым улада бачыць небясьпеку?

Халіп: “Цяперашняя кампанія — гэта, магчыма, ня столькі вынік эўрапейскіх посьпехаў, колькі адчуваньне небясьпекі ад моладзі. Невыпадкова атака распачата супраць “Праграмы Каліноўскага”.

Адзін гістарычны прыклад. У савецкія часы кіраўнік Літвы Сьнечкус нейкім чынам “выбіў” 400 месцаў у заходніх унівэрсытэтах для літоўскіх студэнтаў. І гэта было тое пакаленьне, якое рабіла літоўскую рэвалюцыю ў часы гарбачоўскай перабудовы. Дарэчы, Казімера Прунскене — адна з тых 400 стыпэндыятаў.

І беларускія ўлады баяцца, што з Захаду можа вярнуцца вельмі адукаванае і загартаванае пакаленьне. Таму “Праграма Каліноўскага” — цэль № 1 для дзяржаўнай прапаганды“.

Карбалевіч: “Праблема ў тым, што значная частка беларускіх маладзёнаў, якія вучацца за мяжой, ня хочуць вяртацца назад, у Беларусь. Асабліва гэта тычыцца студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Вільні.

Трэба зьвярнуць увагу, што асноўны ўдар цяпер скіраваны супраць “Маладога фронту”. Яго актывісты цяпер ладзяць галадоўку з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў. Акрамя таго, “Малады фронт” прызначыў на 14 траўня марш “За незалежнасьць”. Таму, мусіць, фільм па БТ, прысьвечаны “Маладому фронту”, — не выпадковае супадзеньне“.

Мэтады прапаганды

Карбалевіч: “Як можна ацаніць мэтады, якія выкарыстоўваюцца ўладамі ў гэтай кампаніі?”

Пашкевіч: “Гэтыя фільмы падобныя да фільмаў, якія стваралі савецкія ўлады падчас вайны і якія адрасаваліся як жаўнерам Савецкай Арміі, так і нямецкім жаўнерам.

У гэтых фільмах БТ выкарыстоўваецца псыхалягічны ціск, паклёп, пераварочваньне фактаў, прыцягваньне за вушы штучна вырабленых сытуацыяў“.

Карбалевіч: “У вайскоўцаў ёсьць такі адмысловы жанр прапагандысцкай працы: прапаганда на войскі праціўніка. Беларускія ідэолягі робяць нешта падобнае”.

Халіп:
Тое, што паказвае БТ, — гэта нават не савецкая прапаганда, яно ніжэй паводле ўзроўню.
“Тое, што паказвае БТ, — гэта нават не савецкая прапаганда, яно ніжэй паводле ўзроўню. Гэта той прымітыў, які калісьці прадэманстраваў Азаронак. І вышэй гэтага ўзроўню яны ўзьняцца ня могуць.

Вось у нядзельнай перадачы паказваюць нібыта “сьведку”, які расказвае, як зьдзекуюцца ў Польшчы зь бедных маладых людзей зь Беларусі. У чым гэта выяўляецца? Аказвацца, кідаюць іх у замежжы, а там жа чужая мова! І як гэта малады чалавек так ачомаецца сярод людзей, якія не гавораць на расейскай мове?

Паказваюць чалавека з размытым тварам, які сьведчыць пра жахі навучаньня ў Польшчы. Чаму ж не паказаць чалавека, назваць яго прозьвішча? Аказваецца, ён баіцца помсты арганізатараў “Праграмы Каліноўскага”. Трэба думаць, што Іна Кулей, якая ўзначальвае праграму, будзе лавіць яго на вуліцы і нешта зь ім рабіць. Фантастычная вэрсія.

Можна зьвярнуць увагу на лексыку гэтага “сьведкі”, які баіцца. Гэта прымітыўны жлоб, якога ўзяла “гэбушка” з дробных стукачоў, ён сказаў тое, што яму загадалі. Каго яны зьбіраюцца пераканаць? Можа, старую бабульку. А можа, самага галоўнага начальніка. Гэта прымітыў, пазаўчорашні дзень“.

Які можа быць эфэкт ад такой кампаніі?

Карбалевіч: “Ці дадуць эфэкт такія мэтады? Ці ўзьдзейнічаюць яны на моладзь ці, можа, на іх бацькоў?”

Пашкевіч:
Ніякага эфэкту гэта ня дасьць. Бо нашы людзі, у тым ліку моладзь, палітыкай не цікавяцца, такія перадачы не глядзяць.
“Ніякага эфэкту гэта ня дасьць. Бо нашы людзі, у тым ліку моладзь, палітыкай не цікавяцца, такія перадачы не глядзяць. Гэтым цікавяцца толькі людзі, якія займаюцца палітыкай, іх родныя, журналісты. У людзей ужо пасьпелі скласьціся перакананьні, іх ня ў стане пераканаць халтурна зробленая агітка. Таму шкада дзяржаўных грошай.

Хіба што фільм скіраваны на дэмаралізацыю апазыцыйнай моладзі. Але ў гэтым асяродзьдзі такія фільмы выклікаюць яшчэ большае непрыманьне дзяржаўнай палітыкі.

Больш важны чыньнік — рэпрэсіі. Яшчэ ў 1995 годзе мяне маці пужала: “Адаб’юць почкі як у Яўгена Скочкі”. Вось гэта робіць большы ўплыў на паводзіны моладзі, чым такія фільмы“.

Карбалевіч: “Вось вы кажаце, няма эфэкту. Але ж моладзь у асноўным знаходзіцца ў БРСМ, а не ў „Маладым фронце“ ці „Маладых дэмакратах“. Давер да ўлады, Лукашэнкі ня падае, рэйтынг апазыцыі не расьце. Дык, мусіць, гэта ў пэўным сэнсе вынік і прапаганды?”

Розьніца паміж БРСМ і “Маладым фронтам”

Пашкевіч: “У БРСМ моладзь запісваюць прымусова. Увогуле няправільна, каб уся моладзь была згуртаваная па нейкіх моладзевых групоўках. Хоць у „Маладым фронце“, ці „Маладых дэмакратах“, ці „Моладзі БНФ“ ня так шмат сяброў, але кожны зь іх зрабіў гэты выбар сьвядома. А калі ўзяць БРСМ, то нават кожны дзясяты ня скажа, чаго патрабуе гэтая арганізацыя і чаму ён уступіў у яе”.

Халіп: “Існы рэжым трымаецца так доўга не таму, што ў яго выдатная прапаганда. Наадварот, яна бяздарная. Там працуюць непрафэсіяналы. А БРСМ ня выйшаў нават на ўзровень камсамолу. Прапаганда павінна найперш узьдзейнічаць на эмоцыі людзей. А гэтага не адбываецца.

У любым грамадзтве большасьць людзей не цікавіцца палітыкай, займаецца сваім прыватным жыцьцём. А ў БРСМ ідуць пад прымусам, гэта калёс на гліняных нагах. Таму колькасьць БРСМ і, напрыклад, “Маладога фронту” ні пра што ня кажа. Увогуле ва ўмовах таталітарнага рэжыму працэсы ў грамадзтве закрытыя, мы ня ведаем, што там адбываецца“.

Пашкевіч: “Фільм выканаў сваю функцыю ў тым сэнсе, што выклікаў дыскусію сярод апазыцыйных колаў. Вось пасьля нашай сёньняшняй гутаркі аўтары гэтых матэрыялаў могуць паставіць „галачку“: мэта дасягнутая, фільм выклікаў рэзананс”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG