Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле інтэрнэт-газэты “Ежедневнік”, супрацоўнікі КДБ арыштавалі начальніка ўправы апэратыўна-вышуковай дзейнасьці МУС палкоўніка Івана Шышло. Нібыта яго падазраюць у злоўжываньнях пры будоўлі дома, а таксама ў злоўжываньнях з грашыма, якія выдаткоўваюцца на аплату інфарматараў.

У КДБ не камэнтуюць затрыманьня. Не пацьвердзілі, але і не абверглі зьвесткі пра арышт свайго калегі і ў міліцыі. “Міністэрства вялікае, не з усімі за дзень пабачысься. Ня ведаем, ці працуе сёньня палкоўнік Шышло”, — адказалі карэспандэнту “Свабоды” ў прэсавай службе МУС.

Тым часам незалежныя мэдыі загаварылі пра чарговы віток вайны паміж КДБ і МУС, якая абвастрылася пасьля нядаўняй адстаўкі міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава. Аглядальнікі зьвярнулі ўвагу і на тое, што адказны супрацоўнік МУС нібыта падазраецца ў злачынствах, зьвязаных з карупцыяй, і згадалі пра нядаўнія адстаўкі шэрагу намесьнікаў і кіраўнікоў упраў МУС, якія пабудавалі катэджы ў прыродаахоўнай зоне пад Менскам.

Рэдактар “Ежедневніка” Сяргей Сацук лічыць, што справа Івана Шышло сьведчыць ня толькі пра карумпаванасьць вышэйшых міліцыянтаў:

“У нас карупцыянэраў, як і ў іншых краінах, дастаткова шмат. Але выяўляецца, можа, 5%, і тое самае ня толькі ў міліцыі, але і ў КДБ ды ў іншых сілавых структурах. Калі Міністэрствам унутраных спраў кіраваў Уладзімер Навумаў, то КДБ ды іншыя сілавікі мелі абмежаваныя магчымасьці рэалізаваць свае карупцыйныя матэрыялы, якія яны назьбіралі. Бо ёсьць моцная асоба, якая можа гэтаму перашкаджаць. А калі гэтай асобы ўжо няма, вароты расчынены, рэалізоўвай што заўгодна — пайшла такая хваля супраць супрацоўнікаў МУС. І другое — проста расчышчаюць пляцоўку для іншых супрацоўнікаў з Камітэту памежных войскаў і КДБ”.
XS
SM
MD
LG