Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разуменьне ўжо ёсьць, працэсу яшчэ няма


Жан-Эрык Хольцапфэль і Жазэ Мануэль Пінта Тэйшэйра на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Жан-Эрык Хольцапфэль і Жазэ Мануэль Пінта Тэйшэйра на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

Эўрапейскі Зьвяз заклікае Беларусь зрабіць новыя крокі ў пляне разьвіцьця дэмакратыі і захаваньня асноўных правоў і свабодаў чалавека. Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі ў Менску з нагоды Дня Эўропы заявіў кіраўнік прадстаўніцтва Эўрапейскай камісіі ў Беларусі, пасол Эўракамісіі ва Ўкраіне і Беларусі Жазэ Мануэль Пінту Тэйшэйра.

Праграма “Ўсходняга партнэрства”, якая стартавала 7 траўня ў Празе, дазваляе вывесьці стасункі Эўразьвязу з шасьцю краінамі-партнэрамі на новы ўзровень. Аднак, паводле спадара Тэйшэйра, гэта праграма прадугледжвае ня толькі новыя магчымасьці, але і новую адказнасьць. Паўната таго, наколькі краіны-партнэры, уключна зь Беларусьсю, змогуць скарыстаць магчымасьці “Ўсходняга партнэрства”, будзе залежаць ад ступені рэалізацыі рэформаў у палітыцы і эканоміцы. Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі адзначыў, што цяпер адкрываюцца новыя магчымасьці для больш актыўнага дыялёгу. ЭЗ вітае ўсе станоўчыя крокі, якія былі зроблены Беларусьсю, і заклікае зрабіць новыя ў сфэры разьвіцьця дэмакратыі, захаваньня асноўных правоў і свабодаў чалавека.

Якіх жа новых крокаў у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека чакае Эўразьвяз ад афіцыйнага Менску?

“У гэтым пляне ідзе дыялёг зь беларускімі ўладамі. Але што да патрабаваньняў, то вы іх цудоўна ведаеце, яны шырока вядомыя. Дыялёг мы імкнемся пашыраць і паглыбляць. Але ўсё будзе залежаць ад часу, магчымасьці і ад беларускіх уладаў, таму што Беларусь — сувэрэнная дзяржава і ўлада. Але як партнэры мы хацелі б працаваць сумесна ў гэтым кірунку і весьці дыялёг. Бо гэта тыя каштоўнасьці, на якіх пабудаваны Эўразьвяз. І мы ўпэўнены: яны павінны быць і ў Беларусі як эўрапейскай краіне”.

Таксама спадар Тэйшэйра адзначыў, што фармальны,
Афіцыйны працэс перамоваў у сфэры правоў чалавека паміж Брусэлем і Менскам пакуль не пачаты.
афіцыйны працэс перамоваў у сфэры правоў чалавека паміж Брусэлем і Менскам пакуль не пачаты. Хоць ёсьць разуменьне абодвух бакоў наконт яго неабходнасьці. Такі дыялёг будзе весьціся на двух узроўнях — на дзяржаўным і на ўзроўні грамадзянскай супольнасьці — якія будуць адрозьнівацца складам удзельнікаў.

Адказваючы на пытаньне адносна спрашчэньня візавага рэжыму для беларускіх грамадзянаў і зьмяншэньня кошту шэнгенскіх візаў, спадар Тэйшэйра адзначыў:

“Візавае пытаньне — частка агульнага працэсу супрацоўніцтва, нармалізацыі і паглыбленьня стасункаў Эўразьвязу зь любой краінай, уключна зь Беларусьсю. Украіна ўжо знаходзіцца ў стане падпісаньня дамовы пра спрашчэньне візавага рэжыму. Мы спадзяемся, што ў будучыні гэта стане магчымым і зь Беларусьсю. Бо адна з мэтаў „Усходняга партнэрства“ — спрыяньне кантактам паміж людзьмі. Але павінны быць выкананы і некаторыя іншыя патрабаваньні, у тым ліку й тэхнічнага характару. Яны тычацца пытаньняў кіраваньня межамі, міграцыйнымі патокамі, бясьпекі дакумэнтаў і гэтак далей. Калі гэтыя пытаньні вырашаны, можна гаварыць аб спрашчэньні візавага рэжыму”.

На пытаньне, як будзе ўплываць прызнаньне ці непрызнаньне афіцыйным Менскам Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі на дачыненьні паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, спадар Тэйшэйра сказаў, што Эўразьвяз не прызнае́ і не прызна́е іх як дзяржавы. Але гэтае пытаньне не зьяўляецца часткай дыялёгу паміж Брусэлем і Менскам. Яго павінны вырашаць улада і сам народ. Зрэшты, той факт, што Беларусь не прызнала гэтыя рэспублікі, — абнадзейвае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG