Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БСДП (Грамада) адмежавалася ад інтэрвію Ляўковіча


Анатоль Ляўковіч<br />

Анатоль Ляўковіч<br />

Прэзыдыюм Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) сёньня разгледзеў выказваньні свайго старшыні Анатоля Ляўковіча ў інтэрвію газэце “Советская Белоруссія”. Была ўхваленая заява, у якой прэзыдыюм фактычна адмежаваўся ад выказваньняў свайго лідэра.

У сярэдзіне красавіка ў газэце “Советская Белоруссія” было зьмешчана інтэрвію з Анатолем Ляўковічам пад назвай “Апазыцыя павінна супрацоўнічаць з палітычнай сыстэмай, а не стаўляць ёй палкі ў колы”. У інтэрвію старшыня партыі пазытыўна ацаніў палітыку Аляксандра Лукашэнкі і назваў яго стыхійным сацыял-дэмакратам.

22 красавіка Прэзыдыюм палітрады АДС заявіў, што зьмест гэтага інтэрвію супярэчыць рашэньням, якія прынятыя аб’яднанымі дэмсіламі Беларусі, і забараніў Ляўковічу выступаць у якасьці сустаршыні АДС.

Сёньня гэтае інтэрвію стала прадметам абмеркаваньня на Прэзыдыюме партыі. Дыскусія вакол публікацыі доўжылася каля 3 гадзін. У выніку была ўхваленая заява, у якой зазначацца, што “інтэрвію Анатоля Ляўковіча не зьяўляецца афіцыйным дакумэнтам партыі”, але сябры партыі застаюцца прыхільнікамі свабоды слова.

“Усё зроблена паводле статута, усё грунтавалася на дэмакратычных падыходах”, — так ацаніў дыскусію сам Анатоль Ляўковіч.

Ніякіх прапановаў наконт адказнасьці Ляўковіча за няўзгоднены выступ у праўладнай газэце, у якім ён быў прадстаўлены як старшыня партыі, не было. Прапанова пачаць унутрыпартыйную дыскусію не знайшла арганізацыйнай падтрымкі.

Гаворыць намесьнік старшыні партыі Анатоль Сідарэвіч:

Анатоль Сідарэвіч
“Не ўваходзіць у нашыя інтарэсы чарговую калатню ў партыі пачынаць”.

Мечыслаў Грыб мяркуе, што канфлікт, які ўзьнік у партыі ў сувязі з гэтым інтэрвію Ляўковіча, вычарпаны:

“Пытаньня аб адстаўцы і замене старшыні не было. Дый гэта ня справа Прэзыдыюму, гэта справа зьезду. Дый няма на каго мяняць. Няма ахвотных.
Мечыслаў Грыб
Гэта самая цяжкая пасада, бо трэба шукаць сродкі, як жыць, як офісы аплачваць. Гэта такое ярмо, якое ніхто ня хоча на сябе вешаць”.

У часе дыскусіі ў Грамадзе ад імя Прэзыдыюму АДС выступіў Анатоль Лябедзька, які заявіў, што інтэрвію Ляўковіча супярэчыць рэзалюцыям Кангрэса дэмакратычных сіл і іншым рашэньням у рамках АДС, за якія галасавалі і прадстаўнікі БСДП.

Анатоль Лябедзька
Тое, што партыя адмежавалася ад выказваньняў Ляўковіча ў газэце “Советская Белоруссія”, Анатоль Лябедзька вітаў:

“Для нас зьяўляецца прынцыповым і галоўным, што гэта ня ёсьць пазыцыя суб’екта АДС і што ён будзе кіравацца тымі рашэньнямі, якія былі прынятыя ў фармаце кааліцыі, і іх выконваць”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, заўтра Прэзыдыюм АДС мае вярнуцца да тэмы выказваньняў Ляўковіча як аднаго са сваіх сустаршыняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG