Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Эстоніі: Капіталізм таксама можа быць аўтарытарным


Прэзыдэнт Эстоніі падчас выступу на цырымоніі адкрыцьця новага будынку Радыё

Прэзыдэнт Эстоніі падчас выступу на цырымоніі адкрыцьця новага будынку Радыё

12 траўня адбылося афіцыйнае адкрыцьцё новага будынку Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе.

Новы афіцыйны адрас Радыё Свабода ў Празе - вуліца Вінаградская 159 а. Менавіта сёньня адбылася цырымонія адкрыцьця новага дому нашай радыёстанцыі. Гэта першы будынак, спраектаваны спэцыяльна для сучаснай мэдыя арганізацыі -- раней Радыё месьцілася у будынку былога парлямэнту Чэхаславаччыны, у будынку шпіталя у Мюнхене. На адкрыцьцё прыехалі госьці з Вашынгтону, дыпляматы, журналістаў вітаў мэр Прагі, а з галоўнай прамовай выступіў прэзыдэнт Эстоніі Томас Ільвэс. Спадар Ільвэс - наш былы калега, дырэктар Эстонскай службы Радыё, затым -- амбасадар Эстоніі ў ЗША, міністар замежных справаў, а з 2006 году -- прэзыдэнт Рэспублікі Эстонія.

Ягоная канцэптуальная прамова пра свабоду слова ў сёньняшнім сьвеце, безумоўна, уяўляе вялікі інтарэс, таму мы вырашылі прапанаваць яе цалкам да ўвагі чытачоў нашага сайту



Ільвэс:
Я хацеў бы падзякаваць арганізатарам з Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ня толькі за тое, што яны запрасілі мяне сёньня сюды, у арганізацыю, для якой я працаваў дзевяць гадоў, і некаторыя з тых гадоў былі найбольш займальнымі ў маім жыцьці. Я хацеў бы таксама падзякаваць за ўсё, што Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода зрабіла на працягу 60 гадоў, каб запэўніць свабоду слова, свабоду эфіру і свабоду Інтэрнэту там, дзе свабодны пераказ ідэяў абмяжоўваецца.

Момант афіцыйнага адкрыцьця новага будынку Радыё

Я не магу пры гэтай нагодзе не прыгадаць аднаго асабістага эпізоду. Дваццаць пяць гадоў таму, у красавіку 1984 году, я прыехаў у Мюнхэн на размову і пісьмовы экзамен, каб атрымаць пасаду аналітыка радыё ў балтыйскіх пытаньнях. Першага дня прэзыдэнт радыё Джон Ладысэн (Jon Lodeesen), сёньня ўжо памерлы, запрасіў мяне на ланч у парку „Englischer Garten”, дзе ён сказаў даслоўна так: „Ведаеце, калі яны прыйдуць, мы ўсе будзем вісець на гэтых дрэвах”. Я адразу зразумеў, што ён меў на ўвазе — і гэта быў паказьнік таго, як глыбока „халодная вайна” ўелася ў наш мэнталітэт. Скажыце гэта сёньня трыццацігадоваму чалавеку ў „Englischer Garten” або, напрыклад, тут, і гэты чалавек пачне думаць, зь якой вар’ятні вы зьбеглі.

Дваццаць гадоў таму, на працягу двух гадоў, увесь уклад жыцьця і пасьляваеннай Эўропы абваліўся. Тыя з нас, якім сёньня сорак гадоў і болей, вырасьлі ў сузіраньні сьвету-манекену, які быў двухполюсны, моцна ідэалягізаваны і мілітарызаваны. Бясьпека, у канчатковым выніку, абапіралася на тэарэтычную канцэпцыю, якая мела адэкватную назву MAD — mutually assured destruction (узаемна гарантаванае зьнішчэньне) — і дапускала, што мы не пачнем вайны, бо гэта азначала б сьмерць усіх нас.

Выступае Прэзыдэнт Радыё Джэф Гедмін

А потым, у кароткім прамежку ад восені 1989 да зімы 1991, усё зьмянілася. Будоўля савецкага таталітарызму і яго ўсходнеэўрапейскіх буфэрных сатэлітаў развалілася як картачны домік. Простае рашэньне — зьняць калючы дрот паміж Вугоршчынай і Аўстрыяй — давяло да абяскроўленьня ГДР, а потым да падзеньня камунізму ў Чэхаславаччыне. У тым самым часе мы пабачылі прыход да ўлады дэмакратычнага ўраду ў Польшчы, рэвалюцыю ў Румыніі і пашырэньня патрабаваньняў дэмакратызацыі на Савецкі Саюз. Два гады пазьней аднавілі сваю незалежнасьць балтыйскія краіны і перастала існаваць Югаславія. Гэта была фундамэнтальная — я паўтару, фундамэнтальная — перабудова эўрапейскага і сусьветнага парадку, ня менш важная, чым зьмены пасьля 1918 году, якія давялі да ўзьнікненьня такіх краінаў як мая, як Чэхаславаччына. Гэта таксама была перабудова непрыдатнай для жытла будоўлі, створанай пасьля Другой сусьветнай вайны ва ўсходняй частцы Эўропы, у якой на працягу паўвеку панаваў таталітарны кантроль.

Чвэрць стагодзьдзя пасьля таго мюнхэнскага эпізоду, я надзвычайна ганаруся, што мая краіна ўсяго тыдзень таму была залічаная ў справаздачы Freedom House да ліку краінаў з найбольшай свабодай слова ў Эўразьвязе, ня кажучы ўжо пра параўнаньне з ЗША.

"З 28 краінаў былой Усходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу сёньня толькі ў васьмі маем поўную свабоду слова"

Але, нягледзячы на ўсе гэтыя добрыя навіны, свабода слова і свабода прэсы як аснова інфармаванай грамадзкасьці і дэмакратыі знаходзіцца пад пагрозай. Мы верылі, што як толькі зваліцца камунізм, усе добрыя рэчы — дэмакратыя, прававая дзяржава, свабода слова — усталююцца аўтаматычна, натуральным спосабам. Але як вы добра ведаеце — паколькі вы ўсё яшчэ працуеце ў фірме, якая завецца Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — свабода слова не зьяўляецца нормай для вялікай часткі гэтага сьвету. Насамрэч, недахоп свабоды слова далёка перасягае межы мэтавай аўдыторыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, як выразна паказвае апошняя справаздача Freedom House. З 28 краінаў былой Усходняй Эўропы і былога Савецкага Саюзу сёньня толькі ў васьмі маем поўную свабоду слова, 10 краінаў ацэнена як часткова свабодныя, а 10 як несвабодныя. Карціна выглядае яшчэ змрачней, калі глянем на гэтую свабоду праз прызму насельніцтва. Бо аказваецца, што свабода слова змагла ўсталявацца толькі ў малых краінах. А гэта значыць, што толькі 18 адсоткаў людзей з краінаў, якія раней былі часткай Усходняй Эўропы або Савецкага Саюзу, маюць сёньня свабодную прэсу. Астатнія 82 адсоткі — не. Гэта, трэба прызнаць, вельмі гнятлівая карціна.

Падчас цырымоніі афіцыйнага адкрыцьця новага будынку Радыё

Значна менш краінаў, чым нам наіўна верылася два дзясяткі гадоў таму, зрабілі дэмакратычны выбар і дазволілі свабоду слова. Нам думалася — прынамсі я так думаў — што толькі камунізм замінаў свабодзе слова. Нам думалася, што свабода слова і свабодны рынак будуць ісьці рука ў руку, што калі мы будзем мець прыватную ўласнасьць, дык зможам таксама сказаць, чаго мы хочам. Але сьвет аказаўся нашмат больш складаным. Мы не ўсьведамлялі сабе, — хоць павінны былі ўсьведамляць, бо мелі прыклад аўтарытарных рэжымаў у Эўропе ў 1930-х гадах — што капіталізм таксама можа быць аўтарытарным.

Насамрэч, мы не маглі ўявіць сабе, што аўтарытарны капіталізм пад такімі сумнеўнымі этыкеткамі як „кіраваная дэмакратыя” або „сувэрэнная дэмакратыя” можа эфэктыўна спаборнічаць як альтэрнатыўная мадэль, і што ў шмат якіх месцах на сьвеце ён будзе выглядаць лепш за валтузьню свабодных і справядлівых выбараў ці свабоднай прэсы. Тыранія не патрабуе ідэалёгіі дзеля свайго апаўданьня — дастаткова звычайнага бандытызму ў абароне ўлады.

Парадаксальна, мы можам сказаць, што вызваленыя з ідэалягічных аковаў марксізму-ленінізму кіроўныя эліты, якія прынялі мадэль аўтарытарнага капіталізму, былі ў змозе захаваць ўладу нават яшчэ больш эфэктыўна, пры дапамозе жорсткасьці.

"Камунізму была патрэбная нейкая абалонка законнасьці. А аўтарытарная ўлада без усялякай ідэалёгіі нічога такога не патрабуе.."

У даўні час, калі я тут працаваў, пісаньне ў самвыдатах пра тое, што рабіла камуністычная намэнклатура, магло заслужыць вам месца ў ГУЛагу або псыхушцы пасьля паказнога працэсу. Сёньня, як гэта паказваюць выпадкі з такімі мужнымі журналістамі як Анна Паліткоўская, за такое забіваюць з пісталета або выкідваюць з вакна, нават без намёку на паказны суд у савецкім стылі. Або зьбіваюць да сьмерці ў турме, як Загру Казэмі ў Тэгеране ў 2003 годзе. На шчасьце, якраз учора Раксану Сабэры вызвалілі з турмы. Але мы ведаем сытуацыю журналістаў у краінах, да якіх вяшчаем.

Інакш кажучы, ідэалягічнаму камунізму была патрэбная нейкая абалонка законнасьці. А аўтарытарная ўлада без усялякай ідэалёгіі нічога такога не патрабуе. Ці мы павінны зьдзіўляцца? Хутчэй за ўсё, не. У рэшце рэшт мы ведалі, што ўсталяваць дэмакратыю будзе цяжка, і мы ведалі, што дэмакратыі нельга ўсталяваць за адны суткі. Гэта адна з прычынаў таго, што заклікі зачыніць радыё, якое пачало вяшчаньне, калі я быў дзіцём і ў якім я правёў дзевяць гадоў, зьяўляюцца наіўнымі, недальнабачнымі і несвоечасовымі. У гэтым месцы я павінен пачуць вашы воплескі...

"Спаборніцтва з гэтымі забаўляльнымі праграмамі паводле іхніх правіл прывядзе да паразы"

Магчыма, значна больш згубным за згаданыя мною падзеі зьяўляецца паступовае праніканьне карумпаванай, аўтарытарнай улады ў нашы адкрытыя сыстэмы. У судзе ў Вялікабрытаніі ўкраінскаму алігарху нядаўна ўдалося закрыць украінскую газету, якая выходзіла па-ўкраінску ва Ўкраіне і пісала пра тое, што ён рабіў. Я думаю, што гэта небясьпечны знак.

Найманьне найлепшых брытанскіх юрыстаў, каб судзіцца зь недзяржаўнымі арганізацыямі або газетамі ў былых савецкіх краінах, або з эўрапейскімі прафэсарамі, якія жывуць у ЗША і пішуць пра карупцыю ў аўтарытарных грамадзтвах, — гэта зьвязвае рукі журналістыцы, прафэсуры і свабодзе слова. Я баюся, што будзе яшчэ горай, калі мы нічога з гэтым ня зробім. Прысуд супраць чалавека, які мае ўласнасьць у Эўразьвязе, будзе абазначаць яго банкруцтва, калі алігарх вырашыць падаць на чалавека ў суд. Я ведаю пра выпадак, калі адзін прафэсар у такой сытуацыі адмовіўся ад публікацыі сваёй кніжкі.

Я баюся, што свабода руху для карумпаваных і клептакратычных аўтарытарных рэжымаў зьяўляецца тэндэнцыяй, якая ў будучыні можа ўчыніць радыё яшчэ больш патрэбным сродкам масавай інфармацыі, чым цяпер. Бо толькі грамадзкія арганізацыі — або offentlich-rechtlich, калі ўжыць больш дакладнага нямецкага тэрміну — могуць сёньня супрацьставіцца гэтай небясьпечнай плыні судовага прасьледаваньня за пісаньне праўды.

Урэшце, было б невыбачальна, калі б я не згадаў пра новую пагрозу для свабоды слова, якая мае рознае паходжаньне ў свабодных і аўтарытарных грамадзтвах, але аднолькавую форму — выцісканьне і падмяненьне якаснай журналістыкі, аналізу і сапраўднай дыскусіі звычайнымі забаўляльнымі матэрыяламі. Я назваў бы гэта panem et circenses ды кіроўнай клікай. У Рыме ў ІІ стагодзьдзі да нашай эры тэрмін panem et circenses (хлеба і відовішч) ужываўся для апісаньня таго, як народ прывучылі пагадзіцца са сваім становішчам. Сёньня ў аўтакратычных, несвабодных грамадзтвах мы бачым, як урады выдаткоўваюць агромністыя сумы на дзяржаўнае тэлебачаньне, каб зрабіць дакладна тое самае. Зробленыя на высокім прафэсійным узроўні гламурныя спэктаклі круцяцца на дзяржаўным тэлебачаньні круглыя суткі на працягу цэлага тыдня. Што тычыцца журналістыкі, дык ёсьць выпускі навінаў, але яны небесстароньнія, і іх можна акрэсьліць хутчэй як падхалімскую інфа-рэкляму ўраду, якая нагадвае забаўляльныя праграмы, што ідуць на тых самых каналах.

Спаборніцтва з гэтымі забаўляльнымі праграмамі паводле іхніх правіл прывядзе да паразы. Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і кожная падобныя арганізацыя, як прыкладам BBC, прайграе, калі захоча абагнаць добра фінансаваныя „хлебна-відовішчныя” СМІ аўтарытарнай дзяржавы. Заданьнем арганізацыі такой як гэтая — рабіць добрую журналістыку, а не прапаноўваць забаву.

Нашай праблемай у свабодных грамадзтвах зьяўляецца тое, што наша свабодная прэса і вяшчаньне таксама знаходзяцца пад пагрозай, якая ідзе ад забаўляльнай індустрыі. Цяперашні эканамічны спад і цяжкая эканамічная сытуацыя прэсы стаўляе сур’ёзныя выклікі перад сёньняшняй журналістыкай. Строгія правілы аддзелу навінаў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода — правіла дзьвюх крыніцаў інфармацыі, выразная ідэнтыфікацыя крыніцы, выразнае аддзяленьне меркаваньня ад рэпартажу — тое, што чыніла радыё надзейнай і вартай даверу крыніцай інфармацыі падчас „халоднай вайны”, сёньня знайшліся пад пагрозай паўсюды, нават там, дзе СМІ свабодныя. Ворагамі якаснай журналістыкі і сумленных журналістаў зьяўляецца перакос СМІ ў бок забаўляльнасьці. Калі газэты ў Эўропе і ЗША банкрутуюць і занепадае мадэль журналістыкі, абапертай на друкаваным слове, журналісты пачынаюць шукаць паратунку ў віртуальным сьвеце Інтэрнэту. Што тычыцца гэтай зьмены, дык цяпер бізнэсовая мадэль абапіраецца не на колькасьці асобнікаў, прададзеных у кіёсках, і не на колькасьці падпісчыкаў, а на колькасьці праглядаў паасобных артыкулаў у Інтэрнэце.

"Таму я прыйшоў працаваць у Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода чвэрць стагодзьдзя таму"


Сёньня газэтам „The New York Times”, „Frankfurter Allgemeine Zeitung”, „Le Monde” даводзіцца супернічаць са стылем навінаў, які выпрацавала „Ajourd'hui en France”. Калі друкаваныя СМІ церпяць вялізарныя страты і пераносяцца ў Інтэрнэт, элітарны чытач перастаў для іх быць крытэрам. Чым вастрэйшы загаловак, чым больш напорысты ўступ, тым больш праглядаў у Інэрнэце. Чым больш праглядаў, тым большы даход ад рэклямы. У такой мадэлі журналістыкі сур’ёзная журналістыка і сур’ёзныя журналісты знаходзяцца пад штораз мацнейшым ціскам, каб збавіць ход, каб рабіць абы з рук, каб пазбавіцца ад сур’ёзнага аналізу і рэпартэрскага досьледу. А іхнія рэдактары, безумоўна, знаходзяцца пад ціскам, каб не замаўляць такога роду матэрыялаў.

Прычыны для павароту журналістыкі да panem et circenses у свабодных і несвабодных грамадзтвах — вельмі розныя. Але вынікі — амаль аднолькавыя. Усё гэта робіць сур’ёзную журналістыку штораз цяжэйшым заняткам, часта непрыбытковым у свабодных грамадзтвах ды пагарджаным і ўцісканым у несвабодных. Аднак без сур’ёзнай журналістыкі, без свабоднага слова ў друкаваным выглядзе, у вяшчаньні або ў сеціве ні адно грамадзьва не застанецца доўга свабодным і справядлівым. Гэта якраз таму я прыйшоў працаваць у Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода чвэрць стагодзьдзя таму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG