Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 12 траўня, аўторак.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Актывісты Маладога фронту і сябры іншых апазыцыйных партый ад 4 траўня трымаюць галадоўку салідарнасьці зь Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Галадоўнікі дамагаюцца неадкладнага вызваленьня ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Камэнтар слухача:

Ільля Копыл, Менск: “Я наведаўся ў сядзібу БНФ, каб падтрымаць галадоўнікаў-маладафронтаўцаў. Я зьвярнуўся да іх, каб хоць бы юначкі спынілі галадоўку. Я ў захапленьні ад рашучасьці гэтых маладых мужных сапраўдных грамадзян нашай Бацькаўшчыны. Я глядзеў на вельмі мілую, хрупкую дзяўчынку Насту Палажанку, якая змагаецца і за свае правы, і за правы іншых людзей. І мне было сорамна і за сябе, і за такіх, як я, звыклых да бязьмежжа ўлады. Узьнікае пытаньне: колькі прадпрымальнікаў — можа, дзясяткі, а можа, сотні — абвясьцілі галадоўку ў падтрымку сваіх калег? Мікола Аўтуховіч — аўганец. У аўганцаў ёсьць сваё моцнае грамадзкае аб’яднаньне, свой фонд. Як яны змагаюцца за свайго франтавога сябра? Дзякуй за ўвагу”.

Спадар: “Я званю наконт галадамору нашых апазыцыянэраў у абарону прадпрымальнікаў. Калі я слушна зразумеў, то Захад перастаў даваць ім грошы, а есьці хочацца. Вось яны і выкарыстоўваюць галадоўку ў сваіх мэтах. Калі яны яшчэ трохі пагаладаюць, то вымруць, як маманты. Я толькі не разумею, чаму яны пра яго гэтак клапоцяцца. Пэўна, ён іх таксама падкормліваў. А пазыкі, як вядома, трэба вяртаць. А ўвогуле я сумняваюся, каб нехта паверыў, што яны галадаюць”.

Спадарыня: “Вельмі прашу ўсіх, хто званіў наконт галадоўнікаў за справядлівасьць. Калі ласка, прытрымайце пра сабе такія выразы, як “у вас нічога не атрымаецца”. Рэч у тым, што Лукашэнка практычна абвясьціў вайну апазыцыі, маючы ўсю сілавую ўладу. Ягоныя пастаянныя выказваньні прыніжаюць годнасьць і абражаюць асобу апазыцыянэраў, што зьяўляецца правакацыйнымі дзеяньнямі. Апазыцыя вымушана адказваць на неаднаразовыя прапагандысцкія выпады Лукашэнкі на адрас апазыцыі. А Мілінкевічу пажадана не прасіць Лукашэнку, а патрабаваць, каб яго падначаленыя скончылі вакханалію у дачыненьні да беларускіх грамадзян, нязгодных з палітыкай і паводзінамі Лукашэнкі.”.

У наступным тэлефанаваньні слухач задае пытаньне:

Віктар Буто, Менск: “У мяне пытаньне да апазыцыі і да праваабарончых арганізацый. Што робіцца і ці робіцца нешта ў Беларусі і за межамі гэтай дзяржавы для абароны Яны Паляковай?”

Адказвае юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Хэльсынскі камітэт” Зьміцер Чарных:

“Беларускі Хэльсынскі камітэт накіраваў у пракуратуру Салігорскага раёну скаргу. У гэтай скарзе мы прасілі апратэставаць рашэньне суду Салігорскага раёну аб пакараньні Яны Паляковай. Аднак пракуратура правяла праверку і выявіла, што няма падставаў, каб выносіць пратэст. Таму нашая скарга, на жаль, засталася па-за ўвагай”.

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Спадар: “Пасьля рашэньня аб правядзеньні ў Менску ў 2014 годзе чэмпіянату сьвету па хакеі ўся ўвага ў Беларусі будзе сканцэнтравана на будаўніцтве хакейных пляцовак. Замест аграгарадкоў, відаць, будуць будаваць у кожнай вёсцы хакейныя пляцоўкі, і, відаць, на іх будуць гуляць ня толькі маладыя, але і пэнсіянэры, і дзеткі. І тады Беларусь можа стаць чэмпіёнам сьвету”.
XS
SM
MD
LG