Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не задаволіў скаргу страйкоўца Расюка


Мікалай Расюк

Мікалай Расюк

Сёньня Кастрычніцкі суд Магілёва не задаволіў скаргу актывіста Свабоднага прафсаюзу Беларускага, працаўніка акцыянэрнага таварыства “Лаўсанбуд” Мікалая Расюка.


Нагодай для звароту ў суд стаўся перавод актывіста на працу з Магілёва на аб’ект у Чавускі раён у вёску Дужаўка.

Вырак суду Мікалай Расюк і яго прадстаўнік на судзе, юрыст Свабоднага прафсаюзу Беларускага Сяргей Фамін лічаць неабгрунтаваным і будуць яго абскарджваць.

Сяргей Фамін
“Судзьдзя Тацяна Карапецян абгрунтавала сваё рашэньне спэцыфікай будаўнічай галіны. Паводле яе, будаўнічыя аб’екты могуць разьмяшчацца ў розных раёнах вобласьці й кіраўніцтва само прымае рашэньне аб перасоўваньні сваіх працаўнікоў у залежнасьці ад вытворчай патрэбы. У такім разе любыя праявы беззаконьня можна сьпісаць на спэцыфіку. У заканадаўстве не прапісана ні пра якую спэцыфіку. Няма згадак пра яе і ў працоўнай дамове Расюка з наймальнікам”, — так камэнтуе вырак суду Сяргей Фамін.

Акрамя скасаваньня загаду, Мікалай Расюк дамагаўся праз суд, каб адміністрацыя прадпрыемства залічвала ў працоўны час праезд да месца працы, а час, перапрацаваны дагэтуль, быў кампэнсаваны выхаднымі днямі.

Перавод з Магілёва ў Чавускі раён Мікалай Расюк зьвязвае зь леташняй лістападаўскай акцыяй пратэсту працаўнікоў будаўнічай управы № 129 “Лаўсанбуду”. 28 лістапада ён стаў ініцыятарам гадзіннага страйку, нагодай для якога сталася затрымка заробку. Праз два дні пасьля забастоўкі, першага сьнежня, Расюка азнаёмілі з загадам аб пераводзе на іншы аб’ект.
XS
SM
MD
LG