Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы суд вырашыў, што Ф.Вячорку мабілізавалі законна


Франак Вячорка ў абдымках сястры Рады

Франак Вячорка ў абдымках сястры Рады

Беларускі вайсковы суд пагадзіўся з рашэньнем міжгарнізоннага суду, што гвалтоўны прызыў Франка Вячоркі ў войска быў законны.


Нагадаем: Франка Вячорку затрымалі на вуліцы і ў кайданках адвезьлі ў вайсковую частку. Франак у сваёй заяве адзначыў, што яму не зрабілі неабходнага мэдычнага абсьледаваньня і зьбілі ў ваенкамаце невядомыя, якімі камандавалі людзі ў цывільным.

На суд у справе Франка Вячоркі прыйшлі сваякі і паплечнікі хлопца з моладзі БНФ. Але яшчэ большую частку слухачоў у судовай залі складалі невядомыя маладыя людзі з голенымі галовамі, якіх прывёў туды мужчына сярэдняга веку з вайсковай выпраўкай. Маладыя людзі адмаўляліся прадставіцца і адказаць, зь якой яны навучальнай установы ці ведамства.


Нагадаем: Франак Вячорка раней намагаўся даказаць у міжгарнізонным вайсковым судзе, што гвалтоўны прызыў яго ў войска быў незаконным. Франкаў бацька Вінцук Вячорка паказаў заключэньне 10-га клінічнага шпіталя аб тым, што ягоны сын мае сур’ёзныя праблемы з сэрцам. Прадстаўнік вайсковай камісіі ў судзе заявіў, што такі дыягназ забараняе вайсковую службу.

У судзе вайсковы камісар Савецкага раёну Менску Алег Загорскі паведаміў, што людзі ў цывільным, якія аддавалі ў ваенкамаце загады вайскоўцам падчас затрыманьня Франка, былі ягонымі саслужыўцамі і па-за службай папросту давалі яму нейкія парады.

Нягледзячы на ўсё гэта, суд прызнаў гвалтоўны прызыў Франка законным.

Знаходзячыся на службе, Франак пачаў публікаваць у інтэрнэце свой вайсковы дзёньнік. З-за гэтага хлопец ужо атрымаў некалькі нарадаў і пагрозы крымінальнага перасьледу за дыскрэдытацыю войска.

Франак Вячорка лічыць, што людзі, якія аддалі вайскоўцам загад гвалтоўна забраць моладзевых актывістаў у войска, каб такім чынам ізаляваць іх ад грамадзтва, пралічыліся.

Франак Вячорка разам з бацькам і сваёй дзяўчынай
“Яны хацелі ізаляваць мяне на паўтара года. У іх нешта ўсё не атрымоўвалася, і цяпер яны разграбаюць. Я вяду дзёньнік у інтэрнэце, дзе апісваю сваё салдацкае жыцьцё. Ім гэта не падабаецца, таму што я апісваю бытавыя ўмовы, у якіх знаходзяцца салдаты — без усялякага фінансаваньня і магчымасьці нармальных стасункаў паміж салдатамі і афіцэрамі. Яны ўсё гэта хацелі схаваць”.

Вайсковаму суду спатрэбілася адна гадзіна, каб пастанавіць, што рашэньне міжгарнізоннага суду было правільным.

“Натуральна, я не спадзяваўся, што адна з асобна ўзятых дэталяў сыстэмы дасьць збой. Сыстэма працуе.

Гэта неабходны этап, гэта неабходная інстанцыя дзеля таго, каб зьвяртацца ў міжнародныя органы, міжнародныя структуры, да той жа Камісіі па правах чалавека ААН”.

Сваякі Франка Вячоркі непакояцца за стан ягонага здароўя і будуць настойваць, каб хлопца абсьледавалі кваліфікаваныя кардыёлягі.

Франак Вячорка адразу пасьля суду зьехаў разам з намесьнікам камандзіра часткі па ідэалёгіі. Той суправаджаў Франка ў Менск і мусіць адвезьці хлопца ў Мазыр. Наконт таго, што Франак два тыдні не атрымлівае недзяржаўную прэсу, адказны за ідэалёгію маёр паведаміў, што пакуль не валодае інфармацыяй пра гэта.


Франак Вячорка: Афіцэры і прапаршчыкі мараць пазбавіцца мяне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG