Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Эўрабачаньне-2009”. Бітва беларусаў: Ялфімаў супраць Рыбака


Пётар Ялфімаў

Пётар Ялфімаў

Сёньня ў Маскве будзе дадзены старт сьпеўнаму конкурсу “Эўрабачаньне-2009”. Па выніках выступаў 12 і 14 траўня супольнае глядацка-артыстычнае журы пакіне па 10 удзельнікаў з кожнай падгрупы, якія 16 траўня пазмагаюцца ў асноўнай частцы спаборніцтваў. Якія шанцы патрапіць у асноўную стадыю ўдзельніку ад Беларусі Пятру Ялфімаву?

Практычна кожны год чуюцца вельмі розныя меркаваньні адносна вартасьці прадукцыі, што тыражуецца “Эўрабачаньнем”. Але пры гэтым увага да конкурсу застаецца надзвычай высокай.

Калі паглядзець вачыма беларускіх экспэртаў, то, прыкладам, музычны крытык Анатоль Мяльгуй перакананы: па сутнасьці, “Эўрабачаньне” – яскравы прадукт глябалізацыі з размытымі нацыянальнымі адметнасьцямі. У ім куды больш агульнага, чым індывідуальнага. За рэдкім выключэньнем:

“Зразумела, што і да “Эўрабачаньня” адносіцца выслоўе: няма музыкі другаснай ці першаснай, ёсьць добрая ці дрэнная. І тое, што “Эўрабачаньне” ў свой час дало жыцьцё швэдзкаму квартэту АВВА, сьведчыць: на “Эўрабачаньне” таксама трапляюць шыкоўныя артысты, якіх хацелася б больш бачыць на эўрапейскай сцэне... Што тычыцца Беларусі, то я жадаю посьпехаў нашаму артысту Пятру Ялфімаву, які ў вялікай ступені прадукт ня толькі маскультуры постсавецкай, але і беларускай. Таму што ён у свой час займаўся і беларускім фолк-мадэрнам, і беларускім мэталям, рок-музыкай. Ну і таксама ж ад Беларусі бярэ ўдзел Аляксандра Рыбак, які на сёньня прадстаўляе Нарвэгію. Менавіта ён у лідэрах паводле апытаньняў і ўвогуле паводле рэйтынгу. Думаю, што ў яго добрыя шанцы перамагчы”.

Пётр Ялфімаў выступіць на сцэне “Эўрабачаньня” у групе з артыстамі Босьніі і Герцагавіны, Швэцыі, Ізраіля, Бэльгіі, Андоры, Чэхіі, Чарнагорыі, Ісьляндыі, Баўгарыі, Партугаліі, Швэйцарыі, Македоніі, Фінляндыі, Турэччыны, Румыніі, Мальты і Армэніі. Прадстаўнікі Грузіі з палітычных матываў ад удзелу ў конкурсе адмовіліся.

Аляксандар Рыбак
Будзе за каго пахвалявацца беларусам і 14 траўня – народжаны ў Беларусі Аляксандар Рыбак абараняе гонар сваёй новай радзімы Нарвэгіі. Аляксандар з бацькамі ад’ехаў у Нарвэгію, калі яму было пяць гадоў, але па-ранейшаму лічыць сябе беларусам і ў сваіх інтэрвію нават хвалюецца, ці ня лічаць яго беларусы “здраднікам”.

Што да самой імпрэзы, то сёлетняе “Эўрабачаньне” ўжо адзначылася гучнымі скандаламі як лякальнага, так і міжнароднага маштабу. Згаданы ўжо Пётр Ялфімаў заявіў, што здымае ўсялякую адказнасьць за навязанае яму Белтэлерадыёкампаніяй шоў у выкананьні польскага рэжысэра-пастаноўшчыка Януша Юзэфовіча. Па словах Ялфімава, ён быў у шоку ад прапановы прычапіць яму за сьпіной 5-мятровыя палотнішчы, якія б імітавалі крылы. У сваю чаргу, беларускія арганізатары абвінавацілі Ялфімава ў эгаізьме і прыгразілі спагнаць выдаткаваныя на падрыхтоўку немалыя грошы. Як будзе выступаць артыст у сытуацыі падвышанай нэрвознасьці – пытаньне адкрытае. Аднак падчас генэральнай рэпэтыцыі было бачна: крылы ўсё ж вырасьлі не ў Ялфімава, а ў пастаўленай на пастамэнт танцоўшчыцы. У гэтым выпадку, відавочна, ня будзе пэўнасьці да апошняга дня.

Незадоўга да пачатку “Эўрабачаньня” набыла міжнародны розгалас гісторыя з удзельнікамі ад Грузіі. Эўрапейскі вяшчальны саюз палічыў песьню “We don’t wanna put in” у выкананьні гурту “Stephanie and 3G” не адпаведнай нормам “Эўрабачаньня” і запатрабаваў ад артыстаў альбо зьмяніць тэкст, альбо зьняцца з конкурсу. Грузіны пакрыўдзіліся і ад удзелу адмовіліся. Шмат хто казаў нават пра палітычную замову…

Ўласна Беларусі гісторыя аказалася выгаднай тым, што на аднаго канкурэнта стала меней – грузіны павінны былі выступаць 12 траўня. Аднак у Грузіі дагэтуль не выключаюць пэўнай ролі ў гэтай гісторыі Расеі. Расейцам ў апошнім ангельскім словазлучэньні чуецца яскравы намёк на Пуціна – put in. У даслоўным перакладзе прыпеў прымітыўны: “Нам не патрэбныя дурныя думкі, яны забіваюць сьвята. Я хачу ўварвацца ў дыскатэку і таньчыць з табой…”. Але на слых чуецца крамола: “Мы ня хочам Пуціна”. У зьвязку з мінулагоднім расейска-грузінскім узброеным канфліктам узьнікла нагода да перадузятасьці.

Беларускі сьпявак грузінскага паходжаньня Тарыэл Майсурадзэ лічыць: пры такім падыходзе можна “забараніць” шмат якія сусьветныя хіты, уключна са знакамітай песьняй “Boney. M” “Распуцін”, дзе намёк на Пуціна яшчэ больш выразны. На яго меркаваньне, да творчасьці трэба падыходзіць усё ж з крытэрыяў творчых, бо палітыку пры жаданьні можна прышыць да ўсяго:

“Насамрэч, канечне, можна было б. Але калі ўлічваць гісторыю прыезду “Boney. M” у СССР, то яна адваротна іншая. Іх запрасіў асабіста Брэжнеў, якому абсалютна ў той час было напляваць, пра што яны сьпяваюць. Яму падабаліся музыка, мэлёдыка і моднасьць каманды. Ён проста хацеў на ўласныя вочы пабачыць модны калектыў, у нейкай ступені прыадчыніць жалезную заслону, паказаць усяму сьвету, што да нас таксама едуць такія папулярныя калектывы. Але па тэксту гэта было куды больш абразьліва, у чым намагаюцца абвінаваціць грузінскіх выканаўцаў. Хто хоць крыху разумее ангельскую мову, пра што сьпяваецца ў песьні “Распуцін”, то таму ж Брэжневу пляскаць у далоні павінна было быць проста сорамна. Але тут уся справа ў тым, празь якую прызму нейкія падзеі ўспрымаць”.
Настасься Прыходзька

Два гады таму Расеі не даваў спакою ўкраінскі ўдзельнік “Эўрабачаньня” Андрэй Данілка. У сцэнічным вобразе Веркі Сярдзючкі сьпявак нібыта сьпяваў: “Раша, гудбай!”, – хоць украінцы настойвалі на чытаньні: “Лаша тумбай”, – які да Расеі ня меў ніякага дачыненьня. Сёлета шэраг расейскіх СМІ абвінавацілі ў неаб’ектыўнасьці журы адборачнага конкурсу да “Эўрабачаньня-2009” у Расеі, якія абвясьцілі пераможцай украінку Настасьсю Прыходзьку зь песьняй на ўкраінскай і расейскай мовах. Паводле заяваў расейцаў, Назар Прыходзька, брат сьпявачкі, сябра нацыяналістычнай партыі УНА-УНСО, што не стасуецца з удзелам у мерапрыемстве такога кшталту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG