Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Салігорску будуць судзіць актывістаў “Маладога фронту” за выступ у абарону іхнага паплечніка Івана Шылы, якому не далі магчымасьці здаць школьныя іспыты і прызвалі ў войска. Таксама магчымы працэс супроць маладафронтаўца ў Асіповіцкім судзе.

“Школа для ўсіх!” – з такой расьцяжкай выйшлі 5-га траўня на гарадзкую плошчу Салігорску актывісты назарэгістраванага “Маладога фронту” Глеб Сноркін, Ільля Нагорны і Крысьціна Самойлава. Актывісты выказвалі салідарнасьць з аднадумцам і земляком Іванам Шылам, якому ўлады не далі магчымасьці здаць школьныя іспыты і прызвалі ў войска. Юнакоў затрымала мясцовая міліцыя, на іх склалі пратакол аб парушэньні артыкулу адміністрацыйнага кодэксу аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Крысьціна Самойлава паведаміла “Свабодзе”, што сёньня на судзе яна, як і яе сябры, будзе абараняцца без дапамогі прафэсійнага адваката.

“Буду спасылацца на 27-ы артыкул Канстытуцыі Беларусі, паводле якога я магу ня сьведчыць супроць сябе. А таксама на тое, што маю права выказваць свае погляды, і ніякіх дазволаў на гэта атрымліваць не трэба. Я ужо не кажу пра тое, што гэта незаконна – пазбаўляць права на адукацыю Івана Шылу, адносна якога мы і рабілі гэтую акцыю”.

Дзяўчыне і яе сябрам пагражае адміністрацыйны арышт альбо грашовы штраф. Крысьціна Самойлава гатовая і да арышту, але заўважае, што апошнім часам да такога пакараньня прысуджаюць рэдка, каб прадэманстраваць “лібэралізацыю”. “Паглядзім, ці спрацуе гэта ў нашым выпадку. 14-га мусіць прайсьці Марш за незалежнасьць, таму нас могуць на гэтыя дні арыштаваць, каб не дапусьціць нашага удзелу ў маршы”, – кажа актывістка. Яшчэ два удзельнікі пікету – Ільля Шыла і Анастасія Хадакоўская – непаўнагадовыя, таму іх вызвалілі без складаньня пратаколу.

А ў Асіповічах сёньня мусіць адбыцца працэс над актывістам Арцёмам Дубскім. Юнака затрымалі 10-га траўня за тое, што ён напісаў на плоце словы: “Свабоду Аўтуховічу!” Арцём трымае галадоўку салідарнасьці з Аўтуховічам. Галадоўка праходзіць у штаб-кватэры БНФ у Менску з 4 траўня, але 10 траўня юнак паехаў у Асіповічы, каб сустрэцца са сваёй сяброўкай з Украіны Тацянай Касінчук. Дзяўчыну, дарэчы, асіповіцкія міліцыянты затрымалі разам з Дубскім і спрабавалі апытаць як сьведку. Сёньня Тацяна ўжо ва Ўкраіне, а напярэдадні я стэлефанаваўся зь ёй і спытаў, ці маглі б яе гэтак жа на радзіме затрымаць за графіці палітычнага зьместу?

“Абсалютна, абсалютна нічога б ні было. У нас кожная другая сьцяна размаляваная – што ў Кіеве, што ў Роўне, дзе я жыву. І ў нікога ніякіх праблемаў з-за гэтага не бывае”, – адказвае Тацяна.

Сам Арцём Дубскі пасьля некалькіх гадзінаў знаходжаньня ў міліцыі быў вызвалены, зараз ён у Менску разам з удзельнікамі галадоўкі. Арцём не выключае, што судзіць яго будуць завочна, паколькі да ўчорашняга дня пазоў у суд яму не даслалі.

“Магчыма, дадуць штраф. Але верагодна, што і арыштуюць на некалькі дзён у сувязі з Маршам незалежнасьці. Але як яны мяне арыштуюць, калі я не ў Асіповічах? ”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG