Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўправе БНФ галадуюць маладафронтаўцы Наста Палажанка, Арцём Дубскі, Мікола Дземідзенка, Яўген Скрабец, Ірына Губская, Ільля Нагорны. Як ставяцца да галадоўкі іх бацькі?


Арцём Дубскі
Алена Дубская
ведае пра тое, што яе сын Арцём — удзельнік галадоўкі салідарнасьці са зьняволенымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым і Ўладзімерам Асіпенкам. Але яна кажа, што ў Арцёма дрэнна са страўнікам і таму перасьцерагае яго:

“Павінна быць салідарнасьць, але ў межах разумнага. Трэба яшчэ глядзець, як у каго са здароўем. Бо наступствы могуць быць самі ведаеце якія”.

Алена Дубская мяркуе, што лепш выкарыстоўваць іншыя мэтады.

“Падтрымка павінна быць, але я думаю, што трэба ісьці іншым шляхам. Трэба неяк ня так”.

Ці адгаворвала яна Арцёма спыніць галадоўку пратэсту?

“Не. Ён самастойны чалавек, сам адказвае за свае дзеяньні. Гэта ж не маленькае дзіця, якое можна прымусіць есьці альбо не”.

Наста Палажанка
Маці ў Насты Палажанкі няма, яна памерла сем гадоў таму. Бацька Насты Ўладзімер кажа, што занепакоены здароўем дачкі, якая трымае галадоўку ўжо 8-мы дзень.

“Для мяне яна дачка, і я за яе перажываю. Гэта мяне вельмі сур’ёзна турбуе, і я зь ёй кожны дзень на гэтую тэму гутару, спрабую пераканаць, недзе падтрымаць. Але ж яе пераконваць бессэнсоўна. А тое, што яна вырашыла браць удзел ва ўсіх акцыях і спрабаваць змагацца, гэта яе справа. Мяне цікавіць толькі пытаньне яе здароўя, бо дзяўчына яна маладая. Мяне сур’ёзна турбуе яе здароўе. Я заўсёды зь ёй разам”.

Як спадар Уладзімер ставіцца да галадоўкі як спосабу пратэсту?

“У свой час я займаўся палітыкай. І цудоўна разумею, што гэта такое. Не ўхваляю гэтыя дзеяньні толькі таму, што гэта на ўзроўні ветракоў”.

Яўген Скрабец
Ігар Скрабец
, бацька 22-гадовага Яўгена, працуе ў Лунінцы інжынэрам-будаўніком. Пра галадоўку сына ведае і ставіцца да яе дваяка. Спадар Ігар паважае погляды сына, але лічыць галадоўку ня самым лепшым мэтадам. Ён мяркуе, што ў Беларусі наўрад ці можна чаго дамагчыся з дапамогай галадоўкі.

“Магчыма, у эўрапейскіх краінах можна нечага дабіцца, але толькі ня ў нас. Адразу нічога не даб’есься, гэта ўжо крайняя акцыя. Як і любы бацька, я хвалююся. Гэта юнацкі максымалізм, я такі самы ў маладосьці быў. Я, канечне, паважаю яго перакананьні. Гэта добра, гэта і павінна быць так. Але ў такія мэтады я проста ня веру”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG