Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Звольненыя ўступілі ў незалежны прафсаюз


У Гомелі дырэкцыя ААТ “Цэнтар” звольніла звыш трыццаці супрацоўнікаў крамы № 14, што на вуліцы Рагачоўскай. На вуліцы апынуліся, разам з загадчыцай крамы й гандлярамі, нават прыбіральшчыцы і ахоўнікі. Па сутнасьці — увесь калектыў.


24 гандляры ўжо зьвярнуліся з пазовам у суд Цэнтральнага раёну на неабгрунтаванае звальненьне. Яны патлумачылі, што гэтым разам адмовіліся сплачваць нястачу ў памеры 25 мільёнаў рублёў, якая была чарговым разам выяўлена пры інвэнтарызацыі.

Па юрыдычную дапамогу гандляры зьвярнуліся ў рэгіянальнае прадстаўніцтва незалежнага прафсаюзу РЭП, бо афіцыйны прафсаюз нічога не зрабіў, каб абараніць сваіх сяброў.

“Звыш дваццаці асобаў напісалі ўжо заявы на ўступленьне ў наш прафсаюз, — кажа прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Леанід Судаленка, — Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што раней, калі гандляры сплачвалі нейкія нястачы, дырэкцыя гандлёвага таварыства “Цэнтар” нікога не звальняла па недаверу.

У судзе наймальніку прыйдзецца даказваць датычнасьць кожнага звольненага да выяўленай нястачы. У адваротным выпадку дырэкцыі трэба будзе аднаўляць людзей на працы і выплачваць ім сярэдні заробак за вымушаны прагул”.
XS
SM
MD
LG