Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рэпрэсіўныя рэжымы змагаюцца са свабодай слова ў Інтэрнэце?


Гэтай тэме прысьвечаная справаздача базаванага ў Нью-Ёрку Камітэту абароны журналістаў (CPJ). Яна была абнародаваная напярэдадні Сусьветнага дня свабоды друку, які адзначаецца сёньня.

Даклад мае назву «10 інструмэнтаў прыгнятальнікаў Інтэрнэту». Кіраўнік праекту Дэні О'Брайн падкрэсьлівае, што найбольш упарта са свабодай слова ў інтэрнэце змагаюцца тыя ўлады, якія дэманструюць такую ж упартасьць у змаганьні са свабодай традыцыйных мэдыяў.

Некаторыя аўтарытарныя рэжымы выкарыстоўваюць сродкі надзвычай прымітыўныя – эгіпэцкі рэжым Хосьні Мубарака ў разгар сёлетніх масавых акцыяў пратэсту проста адключыў інтэрнэт-трафік па ўсёй краіне.

У іншых краінах ужываюцца больш вытанчаныя сродкі, кшталту так званых DOS-атак, калі штучна створаны шквал запытаў блякуе працу сэрвэра. Падобныя атакі часта выкарыстоўваліся супраць сайтаў незалежных выданьняў у Беларусі.

Кітайскія ўлады выкарыстоўваюць больш вытанчаныя мэтады. Журналісты, якія займаюцца расьсьледаваньнямі, атрымліваюць праз электронную пошту лісты зь нібыта карыснай інфармацыяй ад імя людзей, якіх яны нібыта ведаюць. Але ў паведамленьне ўмантаваная праграма-шпіён. Той, хто яе паслаў, атрымлівае магчымасьць пранікнуць у кампутар журналіста і сачыць за рухам і зьместам інфармацыі ў ім.

У ліку краін, якія ўжываюць анлайн сродкі для прыгнёту свабоды слова ў Інтэрнэце, Дэні О'Брайн называе Кітай, Бірму, Расею, Беларусь і Казахстан. Аднак найбольш абуральнай экспэрт лічыць іранскую практыку.

Паводле яго, падчас і пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2009 году шмат якія назіральнікі распавядалі, як апазыцыя ўдала выкарыстоўвала Twitter і Facebook для палітычнай мабілізацыі і якія дурнаватыя іранскія ўлады, якія праспалі гэтую пагрозу.

Але іранскія ўлады хутка зьвярнулі ўвагу на праблему і выпрацавалі мэтады барацьбы зь ёй. Было прынятае рашэньне, што ўсе вэб-сайты павінны быць зарэгістраваныя ў міністэрстве культуры, тысячы сайтаў былі заблякаваныя, улады далі вялікія сродкі для арганізацыі сачэньня ў Інтэрнэце. Таксама былі ўзьнятыя цэны на доступ у Сеціва, высокахуткасны інтэрнэт стаў проста не па кішэні сярэдняму іранцу.

Улады Расеі, Беларусі, краін Каўказу і Цэнтральнай Азіі таксама шырока практыкуюць абмежаваньні распаўсюду навін і інфармацыі ў Сеціве. Вядзецца маніторынг блогаў, чатаў і форумаў, якія да нядаўняга часу былі вольныя ад такога назіраньня.

Каардынатар праграм Камітэту абароны журналістаў Ніна Агнянава кажа, што ўлады многіх гэтых краін выкарыстоўваюць супраць незалежных інтэрнэт-мэдыяў заканадаўства аб кібэрзлачынствах гэтак жа, як заканадаўства аб паклёпе і абразе выкарыстоўваецца супраць традыцыйных незалежных мэдыяў. Яна таксама адзначае як даволі эфэктыўны сродак часовае блякаваньне непажаданых вэб-сайтаў падчас важных грамадзкіх падзеяў, напрыклад, выбараў.

Пры гэтым улады звычайна адмаўляюць сваё дачыненьне да гэтага часовага блякаваньня, спасылаючыся на хакераў ці тэхнічныя збоі.

Дэні О'Брайн кажа, што наступнай арэнай змаганьня са свабодай слова стануць мабільныя тэлефоны: іх уладальнікі будуць выкарыстоўваць іх для абмену і распаўсюду інфармацыі, улады -- для абмежаваньня патоку інфармацыі і сачэньня за ўладальнікамі тэлефонаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG