Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жана Літвіна: Незалежная журналістыка сёньня ў небясьпецы


Незалежная журналістыка Беларусі сёньня "ў небясьпецы, бо зьяўляецца адной з галоўных пагроз рэжыму". Так ахарактарызавала сытуацыю са свабодай СМІ ў краіне старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Жана Літвіна напярэдадні Сусьветнага дня свабоды друку, які штогод адзначаецца 3 траўня.

"Усё складаней кантраляваць грамадзкую сьвядомасьць і падпарадкоўваць настрой людзей, — пераканана лідэр БАЖ. — Прапагандысцкая машына "прабуксоўвае". Спрацоўвае прынцып — чым больш прапаганды, тым менш веры". Сьведчаньнем таму, адзначае Літвіна, сталі і валютная паніка, і "цукровая ліхаманка".

"Эканамічная сытуацыя дыктуе паводзіны ўладаў. Ім сёньня нічога не застаецца, як ісьці на абвастрэньне дачыненьняў з масмэдыя і узмацняць перасьлед, вылучаючы самыя дзікунскія абвінавачаньні", — лічыць Літвіна.

Аднак, падкрэсьлівае яна, "шлях татальнага і бескампраміснага падпарадкаваньня СМІ — беспэрспэктыўны". "Таму што ў сытуацыі сацыяльнага стрэсу ў грамадзтве як ніколі расьце давер да незалежных СМІ і запатрабаванасьць інфармацыі без цэнзуры", — упэўнена лідэр БАЖ.

Незалежнай журналістыцы, паводле меркаваньня Літвіной, варта распарадзіцца гэтым "капіталам даверу", замацаваць сваю пазыцыю ў грамадзтве, чаго б гэта ні каштавала.

Жана Літвіна пажадала мужнасьці калегам, якія ўжо асуджаны на зьняволеньне (Аляксандар Атрошчанкаў, Дзьмітрый Бандарэнка), тым, хто яшчэ чакае прысудаў (Сяргей Вазьняк, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп, Павел Севярынец), а таксама стойкасьці — калектывам газэт "Наша ніва" і "Народная воля", якія могуць быць закрыты зь ініцыятывы Міністэрства інфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG