Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат нямецкага бундэстагу Крыстаф Штрэсэр, каардынатар працоўнай групы па правах чалавека і гуманітарнай дапамозе сацыял-дэмакратычнай парлямэнцкай фракцыі ў нямецкім парлямэнце заявіў пра шэфства над палітзьняволеным Аляксандрам Атрошчанкавым.

Кампанію “Шэфства над палітвязьнямі” ініцыявала праваабарончая арганізацыя Libereco, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Боне.
Мэта кампаніі Libereco — каб кожны палітзьняволены ў Беларусі і яго сям’я атрымалі маральную ды палітычную падтрымку з боку нямецкіх парлямэнтароў.

Крыстаф Штрэсэр
Як падкрэсьліў у сваёй заяве нямецкі сацыял-дэмакрат Крыстаф Штрэсэр, ён “з глыбокай павагай ставіцца да Аляксандра Атрошчанкава, прэсавага сакратара апазыцыйнага кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава”.

Паводле ягоных словаў, “Аляксандар ня мог ня ведаць пра небясьпеку, якая тоіцца ў супрацьстаяньні беларускаму кіраўніку Лукашэнку… Цана яго мужнасьці аказалася вельмі высокай - турмы, катаваньні і ўтрыманьне, што прыніжае годнасьць. Аднак палітычныя падзеі ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе павінны натхняць дэмакратычныя сілы ў Беларусі. У той жа час яны (гэтыя сілы) маюць патрэбу ў палітычнай і маральнай падтрымцы эўрапейцаў”.

“Як каардынатар у пытаньнях правоў чалавека нашай фракцыі і як юрыст я буду рабіць усё са свайго боку для Аляксандра Атрошчанкава, а таксама для многіх іншых крытыкаў рэжыму ды праваабаронцаў у Беларусі”, адзначыў Крыстаф Штрэсэр.

Раней на мінулым тыдні дэпутат Бундэстагу ад фракцыі зялёных, каардынатар у пытаньнях Усходняй Эўропы Марылюіза Бэк узяла шэфства над былым кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах Андрэем Саньнікавым. Таксама пра сваё шэфства над палітвязьнем Зьмітром Бандарэнкам заявіў дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы, прадстаўнік дэлегацыі Эўрапарлямэнту па дачыненьнях зь Беларусьсю Марэк Мігальскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG