Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На Бангалор выйшла 30 бальшавікоў

  • БелаПАН

Плошча Бангалор

Плошча Бангалор

У мітынгу на плошчы Бангалор у абарону правоў працоўных 1 траўня ў Менску ўзялі ўдзел прыкладна 30 чалавек. Мітынг праводзілі прадстаўнікі аргкамітэту Нацыянал-бальшавіцкай партыі ў Беларусі (НБП) і грамадзкае аб'яднаньне "За Саюз і камуністычную партыю Саюза" (СКПС).

Мерапрыемства было санкцыянаванае ўладамі гораду.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар НБП Дзьмітры Сіняк, традыцыйна 1 траўня праводзілася шэсьце ад будынка прэзідыюму Нацыянальнай акадэміі навук да плошчы Бангалор. Аднак сёлета шэсьце было забароненае.

Старшыня СКПС Леанід Школьнікаў прапанаваў прыняць рэзалюцыю, у якой зазначаецца, што "ўсе патрыятычныя сілы Рэспублікі Беларусь павінны згуртавацца супраць націску ЗША, ваенна-палітычных эліт глябальнага капіталу ў асобе правіцеляў ЗША, Эўразьвязу і расейскіх алігархаў у барацьбе супраць сучаснага імпэрыялізму".

"Мы заяўляем пра салідарнасьць з народамі, якія вымушаныя брацца за зброю, каб адстаяць сваю незалежнасьць і спыніць эканамічную экспансію, і заклікаем рабочых і працоўных сьвету згуртавацца і арганізавацца, каб давесьці да канца ліквідацыю антычалавечага капіталістычнага ладу. Мы заяўляем пра сваю салідарнасьць з народамі мэтраполіяў, якія змагаюцца з засільлем капіталу, за сацыялізм. Мы заяўляем пра падтрымку народаў краін, якія разьвіваюцца, у іх барацьбе за палітычную незалежнасьць і эканамічную роўнасьць з разьвітымі краінамі", — гаворыцца ў рэзалюцыі.

Апрача таго, удзельнікі мітынгу "настойліва рэкамэндавалі" ўладам і грамадзкасьці Беларусі "ўнесьці зьмены ў Канстытуцыю і Выбарчы кодэкс, якія дазволяць пасылаць у Нацыянальны сход Беларусі, мясцовыя саветы, перш за ўсё, рабочых, сялян, прадстаўнікоў працоўнай, навукова-тэхнічнай, творчай інтэлігенцыі, служачых Узброеных сіл; рэалізаваць у законе і забясьпечыць на практыцы гарантыі працоўным з боку дзяржавы браць удзел у кіраваньні прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі; спыніць бессэнсоўныя і шкодныя рэформы ў сыстэме адукацыі".

Гэтая рэзалюцыя была зацьверджаная ўдзельнікамі мітынгу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG