Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 траўня ў Беларусі адзначаецца Дзень працы. Традыцыйна ў гэты дзень прафсаюзы праводзяць мітынгі і дэманстрацыі працоўных, -- паведамляе БелаПАН.

У сталічным Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага пройдзе сьвяточны мітынг Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прысьвечаны Дню працы. У ім возьме ўдзел кіраўніцтва фэдэрацыі, Менгарвыканкаму, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Яшчэ адзін першамайскі мітынг ФПБ пройдзе ў сталічным парку імя 50-годзьдзя Кастрычніка.

Як паведаміў БелаПАН старшыня Незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) Генадзь Фядыніч, РЭП правядзе мітынг на сталічнай плошчы Бангалор, які абяцае стаць галоўным першамайскім мерапрыемствам незалежных прафсаюзаў. Чакаецца, што мітынг зьбярэ да 500 чалавек. На ім выступяць прадстаўнікі прафсаюзу з усіх рэгіёнаў.

Аляксандар Ярашук
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандар Ярашук заявіў БелаПАН, што незалежныя прафсаюзы з трывогай сочаць за сытуацыяй зь недахопам валюты і ростам цэн, што склалася ў Беларусі, спыненьнем працэсаў на шэрагу прадпрыемстваў. "Краіна пасьлядоўна ішла да гэтай сытуацыі, — сказаў Ярашук. — Мэтай палітыкі ўладаў было закансэрваваць эканамічную мадэль былых савецкіх часоў, а "беларускі цуд" трымаўся выключна на субсыдыях". Паводле яго слоў, зараз відавочна, што сытуацыя выходзіць з-пад кантролю, неабходна прымаць рашэньні па мадэрнізацыі і рэструктурызацыі эканомікі, на якія аднак спатрэбяцца два-тры гады.

Як мяркуе Ярашук, ураду ў першую чаргу варта прымаць меры з тым, каб "разблякаваць сытуацыю з валютай". "Але самае галоўнае — павінны прымацца стратэгічныя рашэньні па лібэралізацыі эканомікі, якія ўрад не адзін раз дэкляраваў, але не адважваўся ажыцьцяўляць", — сказаў лідэр БКДП.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG