Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народная воля» і «Наша ніва»


Ці будуць на працягу месяца зачыненыя газэты «Наша ніва» і «Народная воля»?

Адказваюць экспэрты:


Паўлюк Быкоўскі, аглядальнік газэты «Беларусы і рынак», мэдыя-экспэрт: Каля 80% на тое, што гэта магчыма. Для пэўных чыноўнікаў гэта можа быць кар'ерным крокам, калі яны здолеюць пераканаць начальства, што гэта неабходна, а для астатняга грамадзтва -- вельмі кепскім знакам. Бо ўлады перад тым, як пачаць гандлявацца з Захадам, звычайна робяць два крокі назад, каб зрабіць потым адзін крок наперад.

Алесь Бяляцкі, кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна»: Гэтыя газэты будуць зачыненыя на працягу месяца. Я перакананы, што час палоханьня скончаны, і пачынаючы з 19 сьнежня ў нас настаў час адкрытых і актыўных дзеяньняў у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці, да праваабаронцаў. Урэшце чарга дайшла да СМІ. Першы вельмі сур’ёзны сыгнал быў зьвязаны са зьняволеньнем Андрэя Пачобута, і вось мы бачым наступныя сыгналы, якія тычацца дзьвюх найбольш папулярных і найстарэйшых беларускіх газэтаў. Мы перажываем цяпер час адкрытай вайны ўлады з грамадзянскай супольнасьцю.

Аляксандар Фядута, публіцыст і паліттэхноляг, адзін з кіраўнікоў кампаніі "Гавары праўду": Вельмі вялікая верагоднасьць, што закрыюць. Міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі сказаў, што "рашэньне, ці будуць выдавацца гэтыя газэты, прыме суд, як гэта і павінна быць у цывілізаваных краінах". Паколькі яны загаварылі пра цывілізаваныя краіны і пра суды, значыць усё будзе ня надта цывілізавана і ня надта па суду.

Калі я сядзеў у "амэрыканцы", генэральны пракурор сп. Васілевіч сказаў, што ўсім адвакатам будзе гарантаваны доступ да іх падабаронных і што ўсё будзе так, як у Эўропе. Ня ведаю, як там у Эўропе, але я за ўвесь час знаходжаньня ў "амэрыканцы" ня меў магчымасьці, акрамя першага дня, дня арышту, свабодна кансультавацца з адвакатам.

Адказвае Камароўка


Ці будуць на працягу месяца зачыненыя газэты «Наша ніва» і «Народная воля»?

Спадар: Я думаю, што не – ну трэба ж нейкую прыстойнасьць мець. А ў прынцыпе, варта было б зьвярнуцца ў суд на "Белсаюздрук" за тое, што прымае ў продаж абмежаваную колькасьць гэтых газэт.

Юнак: Мяркуючы з таго, што здарылася з "Аўтарадыё", то яны паўтораць ягоны лёс. Канечне, гэта сумны факт, але хутчэй за ўсё яны гэтага дамогуцца. У нас гэта вельмі лёгка робіцца.

Спадарыня: Не, гэтыя газэты ня могуць быць закрытыя. Не, бо надакучылі ўжо і выбары, і погляд прэзыдэнта на гэта ўсё. Як жа так можна? Ты – законны прэзыдэнт, калі цябе абралі і, калі гэта адпавядае рэчаіснасьці, то баяцца ня варта. А баяцца і закрываюць тады, калі штосьці не адпавядае рэчаіснасьці.

Юнак: У нашай дзяржаве – так, яны будуць закрытыя, як і "Аўтарадыё". Калі гэта не патрэбная інфармацыя для кіраўніка нашай дзяржавы, калі ён ня хоча, каб людзі чулі гэтую інфармацыю, то іх закрыюць. Каб усе каналы былі, як БТ, то іх закрыюць – гэта без пытаньняў і камэнтароў.

Юначка: Закрыюць у кожным разе. Хоць з "Аўтарадыё" ўсё і расьцягнулася, з газэтамі так здарыцца наўрад ці. Газэты многія людзі чытаюць, шмат набываюць гэтых газэт – гэта дастаткова папулярныя выданьні ў нашай краіне. Там пішуць тое, што людзі сапраўды хочуць чуць і хочуць ведаць. Камусьці гэта не патрэбна і таму зачыняць, канечне.

Юнак: Колькасьць іх будуць зьмяншаць, безумоўна, у зьвязку з апошнімі падзеямі – гэта лягічна. Але тое, што закрыюць усе – гэта наўрад ці. Чаму? Ня вам, журналістам, распавядаць, што такое інфармацыйная вайна. Інфармацыйная вайна ўнутры Беларусі выкліча інфармацыйную вайну супраць Беларусі зьнешнюю – я ў гэтым амаль перакананы.

Спадар: Думаю, што не. Павінна прайсьці нейкая інфармацыйная кампанія – патлумачыць насельніцтву перадусім прычыну закрыцьця. Я, па-праўдзе сказаць, ня ведаю, якія прычыны, бо ў СМІ гэта слаба асьвятлялася. Я шмат гляджу тэлебачаньне, чытаю ў інтэрнэце і ня ведаю.

Спадарыня: Думаю, што ня будуць. Калі народ будзе пісаць якіясьці лісты, то, магчыма, гэта і будзе мець вынік.

Спадар: Я думаю, што не закрыюць, бо гэта даваць лішнюю падставу казаць, што ў Беларусі парушаюцца прынцыпы дэмакратыі, што тут апошняя дыктатура ў Эўропе. Закрыць адну газэту, другую – выгады ад гэтага Беларусі, уладзе ня будзе. Прэзыдэнт кажа, што ў Беларусі павінна быць апазыцыя, а ня пятая калёна. Ну вось – няхай апазыцыя і выказвае свае меркаваньні ў гэтых газэтах ці іншых выданьнях. Я ня думаю, што газэты будуць закрытыя.

Юнак: Я лічу, што не, бо ў адпаведнасьці з заканадаўствам, яны могуць закрыць СМІ ў тым выпадку, калі яно распаўсюджвае заклікі да вайны, да нацыянальнай варажнечы. А "Нашу Ніву" і "Народную Волю" хочуць закрыць паводле палітычных матываў. Таму я лічу, што калі грамадзкая супольнасьць аб'яднаецца вакол гэтай праблемы, то нашы незалежныя СМІ выстаяць у гэтым супрацьстаяньні.

Прагноз экспэртаў:


Так – 3

Не - 0

Прагноз Камароўкі


Так - 4

Не - 6


Хто меў рацыю?


18.03

Ці адбудзецца на працягу бліжэйшага месяца рэзкая, да 20% і больш, дэвальвацыя беларускага рубля?

Станіслаў Багданкевіч - не

Сяргей Жбанаў - не

Леанід Злотнікаў - не

Прагноз Камароўкі


Так - 3

Не - 7

Дэвальвацыя – зьніжэньне ўладамі афіцыйнага курсу нацыянальнай валюты адносна замежных валют. З 18 сакавіка ў Беларусі адбылося зьніжэньне афіцыйнага курсу беларускага рубля адносна даляра на 10%.

Дакладны прагноз далі ўсе тры экспэрты і 7 з 10 экспэртаў Камароўкі

28.03

Ці будзе на працягу месяца адхілены ад улады лібійскі лідэр Муамар Кадафі?

Вадзім Гігін - не

Аркадзь Дубноў - так

Дзяніс Мельянцоў - так

Прагноз Камароўкі:


Так - 10

Да 28 красавіка Муамар Кадафі ня быў адхілены ад ўлады.

Дакладны прагноз даў толькі адзін экспэрт – Вадзім Гігін.
XS
SM
MD
LG