Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызначана калёнія, дзе будзе адбываць пакараньне старшыня "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч. Актывіст "Эўрапейскай Беларусі" Зьміцер Бандарэнка зьмяніў адваката і рыхтуецца да падачы касацыйнай скаргі на прысуд. Лісты ад вязьня Аляксандра Класкоўскага зноў даходзяць зрэдку.

Лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч будзе адбываць свой тэрмін зьняволеньня ў калёніі ў райцэнтры Горкі Магілёўскай вобласьці. Пра гэта Свабодзе паведаміла 30 красавіка Наста Палажанка з "Маладога фронту".

Зьміцер Дашкеві
З апошняга ліста Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка таксама даведалася, што яго перавялі ў іншую камэру, з горшымі ўмовамі ўтрыманьня. У гэтай камэры знаходзіцца 40 вязьняў, ў паловы няма свайго ложку, адпаведна сьпяць вязьні па чарзе.

"Зьміцер пісаў, што зноў давядзецца прызвычайвацца да іншага парадку дня. Але бадзёрасьці не губляе, піша, што зноў адчуе сябе сапраўды за кратамі, а не недзе ў адпачынку."

Нязручнасьці ў турэмных умовах супалі для Дашкевіча з цяжкім пэрыядам ў асабістым жыцьці – нядаўна у Зьмітра памерла маці. Наста Палажанка кажа, што трэба дамагацца, каб судзьдзі, разглядаючы касацыйную скаргу вязьня, ўлічылі новыя абставіны.

"Асабіста буду хадзіць па ўсіх гэтых інстанцыях і патрабаваць, бо ў Зьмітра застаўся адзін бацька інвалід, які жыве ў Старых Дарогах. З другой ступеньню інваліднасьці, з пратэзам нагі чалавек. Яму безумоўна складана знаходзіцца аднаму, амаль нерэальна. Патрэбны чалавек, які б за ім прыглядаў. І таму мы спадзяемся, што гэта нейкім чынам паўплывае ці на касацыйную скаргу, ці на далейшыя абскарджаньні прысуду."

5 траўня ў Фрунзенскім судзе Менска адбудзецца суд над Настай Палажанкай, якой пагражае 3 гады зьняволеньня за арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Наста шчыра прызналася, што "нават ня думае пра гэты суд, бо зараз вельмі занятая дапамогай сябрам з "Маладога фронту". Нагадаю, ў Кастрычніцкім судзе судзяць намесьніка старшыні "Маладога фронту" Алеся Кіркевіча, ў Партызанскім – "маладафронтаўца" Уладзя Яроменку.

Зьміцер Бандарэнка
Вольга Бандарэнка
атрымала спатканьне з мужам, каардынатарам "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітром Бандарэнкам праз два дні пасьля суду над ім. Нагадаю, сябра штабу Саньнікава Зьмітра Бандарэнку асудзілі на 2 гады зьняволеньня. Спатканьне Вольгі і Зьмітра ў СІЗА КДБ доўжылася амаль 3 гадзіны. "Сказаў, што думаў дадуць 3 гады, а далі толькі два. Але мы больш абмяркоўвалі тое, што яму трэба набыць для калёніі", ̶ паведаміла Вольга Бандарэнка.

"Вось шукаю ужо яму чорны спартовы строй. Набыла ўжо чорныя майкі…А ўвогуле ў нас зараз аўтарытэт Даша, жонка Атрошчанкава. Яна ужо ведае, што трэба набываць для калёніі і мы зь ёй раімся. Вось толькі што ёй тэлефанавала. Яна перадала мужу перадачу і чакае зьвестак, што падышло, што не".

Аляксандар Атрошчанкаў
Муж Дар'і Корсак Алесь Атрошчанкаў адбывае пакараньне ў калёніі "Віцьба-3". Дзе будзе адбываць свой тэрмін Зьміцер Бандарэнка, пакуль невядома. "Вырашылі не пісаць заяву на пэўную калёнію, бо заўважылі: якую калёнію просіш у заяве, тую дакладна не даюць", – сказала Вольга Бандарэнка.

Сям'я былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага пераехала з Менску ў Магілёўскую вобласьць да бацькоў жонкі вязьня, Натальлі.

Аляксандар Класкоўскі
У сям'і тры непаўнагадовых дзяцей, а свайго жытла ў Менску не было.

"Нешта сталі рэдка даходзіць лісты, як ў пачатку, пасьля арышту Сашы. Можа з-за таго, што хутка суд?", – кажа Натальля Класкоўская. Судзіць былога міліцыянта Класкоўскага пачнуць 11 траўня, ў Ленінскім райсудзе, разам з экс-кандыдатамі на прэзыдэнта Мікалаем Статкевічам, Дзьмітрыем Вусам і яшчэ 4 удзельнікамі падзей 19 сьнежня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG