Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі міліцыя стала затрымліваць актывістаў, якія раздавалі запрашэньні на дазволены уладамі мітынг. Яго плянавалася правесьці 1 траўня, у Дзень міжнароднай салідарнасьці працоўных.

Сябра партыі левых “Справядлівы сьвет” Марыя Багдановіч:

Марыя Багдановіч
“Міліцыянты затрымалі мяне 29 красавіка ля чыгуначнага вакзалу, калі я раздавала мінакам запрашэньні. Я стала тлумачыць, што ёсьць рашэньне гарвыканкаму №472 ад 25 красавіка, паводле якога мітынг дазволены на пляцоўцы каля ДК глухіх “Віпра”. Міліцыянты сталі некуды тэлефанаваць праз мабільны тэлефон, трымалі мяне з паўгадзіны, а пасьля прыехаў міліцэйскі начальнік і заявіў, што ніякага мітынгу 1 траўня ня будзе”.

У гэты ж дзень у ідэалягічны аддзел гарвыканкаму быў выкліканы кіраўнік абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы сьвет” Уладзімер Сякерка, дзе яму уручылі новае рашэньне Гомельскага гарвыканкаму №490 ад 28 красавіка на адмову правядзеньня дазволенага мітынгу й прызнаньні згубіўшым моц рашэньня №472.

Уладзімер Сякерка
“Адмову гарвыканкам патлумачыў тым, што філія “Гомельскія цеплавыя сеткі” РУП “Гомельэнэрга” правярае на пляцоўцы ля ДК глухіх, як сказана ў рашэньні, “фактычны стан мэталю труб цепламагістралі на падставе вынікаў прыборнай дыягностыкі”. Я пабыў ля ДК “Віпра”. Рабочыя цеплўсетак адкапалі ўчора збоку пляцоўкі невялікі шурф, абгарадзілі яго шчытамі і пайшлі на чатырохдзённыя выходныя. Лічу, што ўлады проста спалохаліся нашай сустрэчы з гараджанамі, бо ў людзей набралася багата эканамічных пытаньняў да дзейнай улады”.

Гомельскі гарвыканкам семь гадоў не дазваляе грамадзкім актывістам праводзіць ніякія масавыя мерапрыемствы. За гэты час адхілена звыш 100 заяваў на мітынгі й пікеты. У бальшыні папярэдніх адмоваў гарвыканкам спасылаўся на тое, што заяўнікі не заключалі зь міліцыяй, мэдустановай і спэцаўтапрадпрыемствам “Гарсап” дамовы на абслугоўваньне мітынгаў і пікетаў.

Гэтым разам абласная арганізацыя “Справядлівы сьвет” такія дамовы заключыла, пагадзіўшыся заплаціць у гарадзкі бюджэт 1 мільён 82 тысячы рублёў. Аднак гарвыканкам праз тры дні пасьля дазволу даў задні ход.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG