Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэнсіянэр Пятро Кучко разваліў справу аб масавых беспарадках


Сэнсацыяй трэцяга дня крымінальнага працэсу над Андрэем Саньнікавым, Ільлём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым і Уладзімерам Яроменкам стала сьведчаньне пэнсіянэра Пятра Кучка.

Сьведка прадэманстраваў фотаздымкі, якія ён зрабіў непасрэдна пасьля разгону акцыі на Плошчы, і заявіў, што там не было ніякіх прадметаў, пра якія паведамляюць матэрыялы справы: рыдлёвак, ледарубаў, каністраў з запальнай сумесьсю і пра якія казалі дзяржаўныя тэлеканалы ў фільме "Плошча. Жалезам па шкле".


Амаль два дзясяткі чалавек захацелі выступіць у судзе над Саньнікавым і яшчэ чатырма ўдзельнікамі Плошчы ў якасьці сьведкаў таго, што акцыя 19 сьнежня была мірнай. За дзень выступілі журналіст Алег Грузьдзіловіч, праваабаронца Алесь Бяляцкі, юрыст Уладзімер Лабковіч, якія засьведчылі, што шыбы ў Доме ўрада білі людзі зусім не з дэманстрацыі пратэсту, якія, нашкодзіўшы уцяклі з месца падзеяў, а міліцэйскія начальнікі, якія там знаходзіліся, не хацелі спыняць і арыштоўваць іх.

Але найбольш уразілі сьведчаньні простых людзей, якія прыйшлі ў суд, каб распавесьці пра той енк і крык, які яны чулі пад час разгону Плошчы спэцназам, пра тое, што людзі шлі не граміць будынкі, а дамагацца вольных выбараў. Сапраўднай жа сэнсацыяй сталася сьведчаньне менскага пэнсіянэра Пятра Кучка, які ўдзельнічаў у акцыі пратэсту і заставаўся на Плошчы пасьля крывавага разгону фактычна апошнім: спэцназаўцы чамусьці не затрымалі сівагаловага чалавека – відаць, падумалі, што ён нехта з начальства, мяркуе сьведка:

Пётар Кучко
"Напэўна, хтосьці падумаў, што я адношуся да кіраўніцтва ці ўдзельнікаў самога працэсу затрыманьня…".

Пятро Кучко, будучы на Плошчы пасьля разгону, заўважыў, што нічога там пасьля дэманстрантаў не засталося, пляцоўка была чыстай. Якое ж зьдзіўленьне і абурэньне было ў яго, калі ён паглядзеў фільм БТ "Жалезам па шкле", дзе былі паказаныя розныя сякеры, рыдлёўкі, каністры з запальнай сумесьсю, якія нібыта засталіся пасьля дэманстрантаў. Каб зьняпраўдзіць гэта, спадар Кучко і прыйшоў у суд. Мала таго, ён прадэманстраваў 5 фотаздымкаў, якія зрабіў адразу пасьля разгону Плошчы мабільным тэлефонам, і якія судзьдзя пасьля доўгіх роздумаў у дарадчым пакоі адмовілася далучыць да справы, паколькі час вывучэньня рэчавых доказаў яшчэ не настаў.

Пятро Кучко успрыняў гэтае рашэньне стрымана:

"Зараз пастанова суда агучана, таму будзем чакаць наступнага этапу, калі будуць прымацца рэчы ў якасьці доказаў па справе".

Спадар Кучко кажа, што здымкі гэтыя зрабіў, каб ня быць галаслоўным перад сябрамі, якія маглі б не паверыць, што ён быў на Плошчы і застаўся непашкоджаным. Са сваіх здымкаў спадар Кучко зьняў аўтаматычнае азначэньне даты і часу, паколькі раней гэта замінала яму пад час ажыцьцяўленьня хобі – фатаграфаваньня грыбоў. Але адмыслоўцы перакананыя, што ў сучасным мабільным тэлефоне можна лёгка вызначыць, калі былі зробленыя здымкі.

Пасудны Фёдар Мірзаянаў горача падзякаваў Пятру Міронавічу за здымкі, публіка ў зале пляскала ў далоні. Шчырую падзяку выказала яму і маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзіміраўна:

Ала Саньнікава
"Я яму так удзячная, што ён гэтыя фатаграфіі зрабіў, і што ён прыйшоў сюды і паказаў, што ніякага злачынства, ніякіх масавых беспарадкаў не было. Але вы ж разумееце, што нават калі гэтае хадайніцтва адверглі, то на што цяпер спадзявацца".

Паводле цесьця Андрэя Саньнікава Уладзімера Халіпа, здымкі Пятра Кучка "абсалютна абвяргаюць хлусьню, якую столькі часу ствараюць улады". "Гэта шок для ўлады," – перакананы спадар Халіп.

На сёньняшняе паседжаньне суду прыйшло шэсьць студэнтаў БДЭУ, аднакурсьнікаў і сяброў падсуднага Фёдара Мірзаянава. Гаворыць адна зь іх Яна:
Мы вельмі ганарымся тым, як ён трымаўся на судзе ...

"Мы яго падтрымліваем. Мы былі вельмі радыя яго пабачыць пасьля такога працяглага прамежку часу. Мы вельмі ганарымся тым, як ён трымаўся на судзе, якія пытаньні задаваў, таму што верым у яго, мы ведаем, што ён невінаваты і чакаем ягонага хутчэйшага вызваленьня".

Маці Мірзаянава Людміла выказала абурэньне тым, як быў арганізаваны сам судовы працэс:

"Сёньня ў зале была адкрытая толькі адна фрамуга, духата невыносная, кісларода не хапае, засынаюць падсудныя. За тыя дні, пакуль ідзе судовы працэс, падсудныя пакутуюць. Не арганізаванае харчаваньне. Сёньня абедзенны перапынак склаў 20 хвілін. Чаму СІЗО не арганізуе прывоз сюды абедаў?"

Сама Людміла Мірзаянава сёньня ледзьве змагла патрапіць на судовае пасяджэньне. Ёй зь цяжкасьцю знайшлі месца, бо палову залі занялі невядомыя маладзёны, з выгляду актывісты БРСМ, які прасачыліся ў памяшканьне пад выглядам сваякоў падсудных, а ў часе судовага пасяджэньня многія зь іх, не хаваючыся, спалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG