Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды скіравана замежная палітыка Беларусі?


Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Туркмэністан выявіў абмежаванасьць вонкавай палітыкі краіны. Якая мэта візыту беларускага лідэра ў Ашгабат? Што адбываецца з замежнай палітыкай Беларусі? Адкуль можна чакаць падтрымкі?

Валер Карбалевіч
Віктар Марціновіч
Дзяніс Мельянцоў


Удзельнікі: экспэрт зарэгістраванага ў Літве Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў і намесьнік галоўнага рэдактара "Белгазеты" Віктар Марціновіч.


Візыт Лукашэнкі ў Туркмэністан


Валер Карбалевіч: "Замест Украіны Лукашэнка паехаў у Туркмэністан. Прэзыдэнты дзьвюх краін і афіцыйныя камэнтары шмат апавядаюць пра грандыёзныя пляны супрацоўніцтва. Незалежныя экспэрты кажуць, што Лукашэнка паехаў па крэдыты. У чым сэнс гэтага не заплянаванага загадзя візыту ў краіну, узровень эканамічных адносін зь якой невялікі?".

Дзяніс Мельянцоў:
"Найперш гэты візыт павінен паказаць, што Беларусь — краіна не закрытая, не ў ізаляцыі, што ёсьць краіны, дзе беларускага лідэра прымаюць.

Туркмэністан мае вялікія запасы вуглевадароднай сыравіны. Тут можна пашукаць інвэстыцыяў і крэдытаў. Хоць туркмэнскі прэзыдэнт Бэрдымухамэдаў і казаў, што разьлічвае на беларускія інвэстыцыі ў турысцкі бізнэс Туркмэністану".
Гэты візыт — сымбаль таго, што адбываецца зь беларускай вонкавай палітыкайe ...

Віктар Марціновіч:
"Гэты візыт — сымбаль таго, што адбываецца зь беларускай вонкавай палітыкай. Гэта ліхаманкавы пошук партнэраў. Цяперашні стан міжнародных адносін Беларусі катастрафічны. Кіраўніцтва дзяржавы сварыцца з апошнімі краінамі, якія былі нашымі адвакатамі ў сьвеце.

Вось, напрыклад, Літва дэманстравала гатоўнасьць разьвіваць адносіны, заплюшчваючы вочы на пэўныя нюансы нашай унутранай палітыкі. Але Беларусь жорстка адрэагавала на нэўтральную заяву літоўскага МЗС, і гэта прывяло да скандалу. Узгадаем заявы Лукашэнкі на адрас Барозу і кіраўніцтва Ўкраіны. Калі так будзе працягвацца, то нам давядзецца шукаць падтрымкі далей, чым у Туркмэністане.

Да таго ж Туркмэністан — гэта тая краіна, зь якой у апошнюю чаргу можна адбудоўваць альтэрнатыўную Расеі палітыку. Бо крэдытныя, энэргетычныя магчымасьці Ашгабата ў значнай меры абмежаваныя дамовамі з Масквой".

Катастрофа замежнай палітыкі


Карбалевіч: "Сапраўды, цяперашні візыт Лукашэнкі ў Туркмэністан сымбалічны ў некалькіх сэнсах. Найперш, гэта першы замежны візыт Лукашэнкі ў статусе зноў абранага прэзыдэнта. І ён адбыўся больш як праз чатыры месяцы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Мусіць, не было куды ехаць. Па-другое, гэты візыт — менавіта ў Туркмэністан. Дык ці сапраўды сытуацыя з вонкавай палітыкай катастрафічная?".

Мельянцоў: "Так, гэта відавочна. Наўрад ці гэты візыт плянаваўся як першы візыт зноў абранага прэзыдэнта. Бо па першым візыце звычайна аналітыкі вызначаюць вэктары замежнай палітыкі. Туркмэністан — самая закрытая, рэпрэсіўная краіна постсавецкай прасторы.
цяпер нам трэба чакаць візытаў у Вэнэсуэлу, на Кубу ...

У пэўным сэнсе мы вяртаемся ў 2006—2007 гады, калі былі дрэнныя адносіны з Захадам і псаваліся дачыненьні з Расеяй. Тады беларуская дыпляматыя пачала шукаць выхады на Рух недалучэньня, на так званую "дальнюю дугу" зьнешняй палітыкі Беларусі. Думаю, і цяпер нам трэба чакаць візытаў у Вэнэсуэлу, на Кубу і ў іншыя краіны, якія не належаць ані да Захаду, ані да Ўсходу".

Карбалевіч: "Але ў 2006—2007 гадах не было эканамічнага крызісу. А цяпер крызіс замежнай палітыкі наклаўся на эканамічны. І гэта стварае новую сытуацыю для краіны".

Марціновіч: "Адносіны з Захадам — тупіковыя. І сытуацыя цяпер горшая, чым у 2006—2007 гадах. Бо тады было некалькі палітвязьняў, а цяпер будзе некалькі дзясяткаў. Цяпер ступень канфрантацыі вастрэйшая. Нават у валютным крызісе былі абвінавачаныя заходнія краіны.

Як вынік — ніколі раней кіраўніцтва Беларусі не рабіла такой стаўкі на Расею. Афіцыйны Менск пайшоў ва-банк. І Масква пачынае рабіць празрыстыя намёкі на магчымасьць пераходу Беларусі на расейскі рубель. Запахла паўнавартасным аншлюсам, інкарпарацыяй Беларусі ў Расею. Сытуацыя можа дайсьці да таго, што да сьнежня беларусы самі будуць гаварыць пра гэта як пра адзіны шлях выратаваньня беларускай эканомікі".

Навошта абвастраць?


Карбалевіч: "Навошта ў такой крытычнай сытуацыі паліць масты з ЭЗ, абзываючы Барозу "казлом"? Навошта сварыцца з Украінай?".

Мельянцоў: "Усё гэта рацыянальна патлумачыць немагчыма. Вельмі значны чыньнік — псыхалягічны стан Лукашэнкі, выкліканы крызісам у эканоміцы і вонкавай палітыцы. Ён не адзначаецца цярплівасьцю і паліткарэктнасьцю. Існуе і кансьпіралягічная вэрсія, што Менск "нарываецца" на санкцыі ЭЗ, каб патлумачыць народу эканамічны стан ціскам Захаду.

Я не падзяляю алярмісцкіх прагнозаў. Думаю, у адносінах з Захадам ня ўсе масты спаленыя, адносіны могуць палепшыцца, калі будуць вызваленыя палітвязьні. І ў эканоміцы можна прадаць прамысловыя гіганты і закрыць гэтымі грашыма дзіркі. Таму я б не драматызаваў сытуацыю. І ня думаю, што адбудзецца аншлюс. Гэта ня трэба самой Расеі, бо для яе зьявіцца толькі дадатковая праблема. Маскве дастаткова атрымаць патрэбныя ёй беларускія прадпрыемствы і пашырыць уплыў на нашу палітыку. І ўсё".

Марціновіч: "Праблема ў тым, што ўлады пераасэнсоўваюць свае прыярытэты. Найперш трэба нэўтралізаваць памкненьні да дэмакратыі ўнутры краіны, закруціць гайкі. І ўжо адсюль вынікаюць крокі ў вонкавай палітыцы, якая цярпіць ад гэтага".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG