Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двум падазроным у справе тэракту выставілі абвінавачаньне ў тэрарызьме. Астатнія затрыманыя ў гэтай справе застаюцца падазронымі.

Па факце выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка выстаўленае абвінавачаньне ў тэрарызьме двум грамадзянам Беларусі. Пра гэта 29 красавіка паведаміў кіраўнік сьледчай групы, намесьнік генэральнага пракурора Андрэй Швед.

Андрэй Швед
Паводле Андрэя Шведа, абвінавачаньне выстаўленае паводле ч. 3 289-га артыкула Крымінальнага кодэксу (тэрарызм). Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкула — сьмяротная кара. На думку сьледзтва, абвінавачаныя ўчынілі тэракт па папярэдняй змове з мэтай дэстабілізацыі абстаноўкі, застрашваньня насельніцтва і забойства людзей. Прозьвішчы абвінавачаных сьледзтва па-ранейшаму не агалошвае. Пры гэтым Андрэй Швед паведаміў, што абодва абвінавачаныя — 1986 году нараджэньня, ураджэнцы аднаго з абласных цэнтраў, расьлі ў адным двары, сябравалі са школы.

Акрамя таго, паведаміў кіраўнік сьледчай групы Андрэй Швед, аднаму з абвінавачаных у выбуху ў мэтро выстаўленае таксама абвінавачаньне па фактах тэрарызму 14 верасьня 2005 году ў Віцебску і ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 году ў Менску.

Андрэй Швед заявіў, што ў 2009 годзе ў праваахоўных органаў ужо была магчымасьць выкрыць асобу, якая ўчынiла тэрарыстычны акт у 2008 годзе ў Менску. Аднак праз халатнасьць службовых асобаў гэта не было зроблена. Па факце халатнасьці распачатая крымінальная справа.

Намесьнік генпракурора сказаў, што матыў злачынства "практычна высьветлены", але пэўна яго не назваў. "Ён зьвязаны з асобамі абвінавачаных, іх разьвіцьцём, стаўленьнем да жыцьця, выхаваньнем", — сказаў Андрэй Швед. Паводле яго, у сьледзтва няма зьвестак "пра тое, што ў актах тэрарызму былі замоўцы альбо арганізатары". Мэдычная экспэртыза абвінавачаных, паводле Андрэя Шведа, будзе праведзеная пазьней.

У тое, што ў тэракту не было замоўцаў, а тэрарысты ня мелі пэўнага матыву, акрамя як проста забіць больш людзей, ня верыць палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Алег Алкаеў, які стала жыве ў Нямеччыне апошнія 8 гадоў:

Алег Алкаеў
"Без матыву не бывае, гэта адназначна. Таму я не магу паверыць у тое, што кажа спадар Швед. Але, хутчэй за ўсё, так і будзе, калі такі шлях вызначае сьледзтва, калі такі шлях вызначае прэзыдэнт: што гэта нейкія псыхічна ненармальныя людзі, нейкія хворыя. Яны як бы вызначаюць прававы калідор, па якім потым прыйдзецца крочыць усім: і сьледчым, і абвінавачаным, і мэдэкспэртам".

Акрамя двух абвінавачаных, у справе праходзяць чацьвёра падазраваных. Якая мера стрыманьня для іх абраная, намесьнік генпракурора не паведаміў.

Андрэй Швед пацьвердзіў, што абвінавачваныя плянавалі ўчыніць сэрыю тэрактаў, "але дзе, калі і якім чынам — таямніца сьледзтва". Нагадаю, раней пра гэта казаў міністар унутраных спраў Анатоль Куляшоў. Паводле Куляшова, тэрарысты нібыта плянавалі падкласьці бомбы ў цягнік і на прыпынку грамадзкага транспарту.

У межах расьсьледаваньня ўжо прызначаныя і выконваюцца каля 400 судова-мэдычных, крыміналістычных і іншых экспэртызаў. Дапытана больш за 300 грамадзян, праведзена больш за 500 іншых сьледчых дзеяньняў, паведаміў Андрэй Швед.

Ад выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году пацярпела больш за 200 чалавек, зь іх 14 загінулі, 167 былі шпіталізаваныя, 71 дагэтуль знаходзіцца ў шпіталях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG