Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Многія дзяржаўныя і камэрцыйныя кампаніі прыпыняюць дзейнасьць ва ўмовах, калі няма валюты, каб купіць тавары і кампанэнты для вытворчасьці. Супрацоўнікаў накіроўваюць ў вымушаны адпачынак. Тым часам з паліцаў крамаў зьнікае прадукцыя замежнай вытворчасьці, а калі зьяўляецца, то амаль за падвойную цану. Урадавыя чыноўнікі пры гэтым заяўляюць, што ня могуць уплываць на палітыку Нацыянальнага банку.

Пасьля скасаваньня Нацбанкам на пачатку тыдня абмежаваньняў што да фармаваньня курсу на міжбанкаўскім рынку безнаяўны даляр падскочыў да 5000 рублёў. Камэрсанты не хаваюць, што амаль 70-працэнтная розьніца з афіцыйным курсам будзе закладзеная ў кошт тавараў: сабе на шкоду гандляваць ніхто не зьбіраецца. Але шмат хто ў сытуацыі няпэўнасьці, як кажа прадстаўніца фірмы-імпартэра, вырашыў прыпыніць дзейнасьць увогуле:
няма сродкаў ні на заробак, ні на тое, каб тавар закупіць і рэалізоўваць ...

"Так, усіх супрацоўнікаў адправілі ў адпачынак, на які час — цяжка нават сказаць. Таму што элемэнтарна няма сродкаў ні на заробак, ні на тое, каб тавар закупіць і рэалізоўваць. Папросту ўсё стаіць, ніякага руху. І гэта, наколькі я ведаю, масавая зьява, па ўсёй краіне".

Бальшыня экспэртаў мяркуюць, што нават ва ўмовах відавочнай стагнацыі ўлады ўпарта чапляюцца за дэкляраваныя намеры давесьці сярэдні заробак па краіне да 500 даляраў. Як кажа супрацоўнік банкаўскай сфэры Ільля Крапівін, іншае тлумачэньне такім паводзінам знайсьці цяжка:
такіх цэнах на прадукты, тавары можна ня толькі 500, хоць тысячу намаляваць ...

"А я больш і ня бачу, уласна кажучы, матываў дзеля таго, каб так упёрта ўтрымліваць гэты курс на цяперашнім узроўні, апроч таго, каб адрапартаваць пра 500 даляраў заробку. Але ж чамусьці ня кажуць, якімі тэмпамі растуць кошты. Пры такіх цэнах на прадукты, тавары можна ня толькі 500, хоць тысячу намаляваць, але плацёжная здольнасьць насельніцтва будзе ніякай.

Калі так карціць, зрабіце тады афіцыйны курс не 3100 рублёў, а 1500, тады можна ткнуць тварам — дык у вас жа заробак у тысячу даляраў! А яшчэ лепей — адзін да аднаго, і тады ўвогуле будзе мільён даляраў, праўда, па курсе Нацбанку. Абсалютна нездаровыя перакосы. Мне здаецца, што людзі папросту ня могуць прымаць нейкія непапулярныя рашэньні самастойна і патрабуецца адмашка самі ведаеце ад каго".

Тое, што дазвол на радыкальныя захады павінен даць непасрэдна Аляксандар Лукашэнка, пацьвярджаюць і чыноўнікі розных рангаў. У прыватнасьці, кіраўнікі Міністэрства эканомікі, Міністэрства фінансаў ды іншых ведамстваў ня раз заяўлялі, што рубель трэба дэвальваваць, аднак пры гэтым удакладнялі, што ня могуць парушыць прэрагатыву Нацбанку.

Як кажа эканаміст Уладзімер Ганчарык, у любой іншай краіне падобныя падзеі, якія спарадзілі параліч у эканоміцы, неадкладна прывялі б да адстаўкі ўраду і кіраўніцтва цэнтрабанку:

Уладзімір Ганчарык
"Для Беларусі настаў якраз той момант, калі эканамічныя рэформы, якія, безумоўна, патрэбныя і даўно насьпелі, дыктуюць абавязковасьць рэформаў палітычных. Бо назіраецца імклівы адкат па ўсіх парамэтрах".

Карэспандэнт: "Лукашэнка яшчэ два тыдні таму абяцаў, што стабілізацыя наступіць літаральна цягам некалькіх дзён. Народ цікавіцца: дык дзе ж яна?".

"Па-першае, за некалькі дзён такое зрабіць нельга фізычна, асабліва калі да каляпсу ішлі гадамі. Па-другое, я думаю, што ўсе захады будуць больш адміністратыўнага пляну, а не эканамічнага. Арыенцір — на ўтрыманьне курсу любой цаной, на жаль, усё больш дарагой для народу. Таму гэта цалкам папулісцкія захады, якія ня маюць нічога агульнага з выхадам з крызісу. Я бачу тое ж і ў адносінах да ўраду: калі і зьяўляецца нейкая прапанова, то рабіць так, каб не перабудоўваць нічога карэнным чынам".

Прынамсі бліжэйшым часам ніякіх перабудоваў і не чакаецца. Паводле вызначанага Нацбанкам афіцыйнага валютнага курсу на 30 красавіка, 1 даляр каштуе 3013 беларускіх рублёў.

Тым часам дзяржаўныя і камэрцыйныя банкі згортваюць цэлыя напрамкі дзейнасьці. Абвешчаныя некаторымі ўстановамі ліміты па апэрацыях з плястыкавымі карткамі даходзяць да абсурду — 1—1,5 даляра на дзень. Бальшыня банкаў абвяшчае мараторый на выдачу крэдытаў — найперш спажывецкіх, на будоўлю жыльля і набыцьцё аўтамабіляў.

Набыць наяўную валюту ў абменных пунктах немагчыма ўжо амаль два месяцы. Пры гэтым кошт даляра на чорным рынку даўно перавысіў 4 тысячы рублёў. І калі прадаць валюту — не праблема, то набыць досыць складана нават па спэкулятыўных коштах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG