Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Freedom House: Паводле свабоды слова Беларусь – паміж Кубай і Бірмай


У сёлетнім дакладзе аб стане свабоды слова ў сьвеце амэрыканскай праваабарончай арганізацыі "Freedom House" Беларусь знаходзіцца на 190-м месцы, паміж Кубай (189) і Бірмай, якая разам з Эрытрэяй, Лібіяй і Ўзьбекістанам разьдзяляе 191-ае месца.

Усяго ў гэтым рэйтынгу свабоды слова за мінулы год –196 краінаў. На 195-м месцы знаходзіцца Туркменістан, а сьпіс замыкае Паўночная Карэя. Беларусь, паводле праваабаронцаў з "Freedom House" апынулася на 190-ым месцы – на апошніх прыступках рэйтынгу.

Андрэй Бастунец
Намесьнік старшыні няўрадавай журналіскай арганізацыі БАЖ (Беларуская асацыяцыя журналістаў) Андрэй Бастунец заўважае, што гэтая ацэнка была зроблена без уліку апошніх падзей на медыя-рынку Беларусі. У прыватнасьці, наступу на самыя буйныя незалежныя газэты "Народную волю" і "Нашу ніву". Іх прапануе зачыніць Міністэрства інфармацыі на падставе прэтэнзій адносна асьвятленьня нядаўняга тэракту ў менскім мэтро. Калі гэта ўладам удасца, рэйтынг свабоды слова Беларусі будзе падарваны канчаткова, мяркуе назіральнік.

Магчыма, пад прэсінг уладаў падпадаюць выключна выданьні нацыянальнага маштабу? Паводле Андрэя Бастунца, на абласным і раённым узроўнях сытуацыя са свабодай слова летась была ня лепшай.

"Самы красамоўны паказьнік – на выставу "СМІ ў Беларусі", якая адкрыецца ужо 4 траўня, не дазволілі выставіць стэнд Асацыяцыі рэгіянальных выдаўцоў. І за мінулы год мы фактычна згубілі дзьве рэгіянальныя газэты – гэта "Бабруйскі кур'ер", які перастаў выходзіць паводле фінансавых прычын, і Івацэвіцская газэта "Для вас". Выдавец таксама ня вытрымаў ціску. З тых выданьняў, якія былі выціснутыя з сыстэмы распаўсюду – БАЖ нядаўна праводзіў праверку і высьветліў, што ніводнае выданьне ня вырашыла гэтую праблему. Калі мы цяпер называем меньшую лічбу выданьняў з гэтымі праблемамі, дык толькі таму, што газэты закрыліся. А сама праблема засталася".

Паводле Андрэя Бастунца, незалежныя выданьні ў Беларусі ня ў стане нармальна разьвівацца ня толькі з-за адміністрацыйнага ціску, але з-за эканамічнай дыскрымінацыі: ім адмаўляюць у распаўсюдзе праз сыстэму, якую манапалізавала дзяржава, ім адмаўляюць у паслугах дзяржаўныя друкарні, а дзяржаўным прадпрыемствам негалосна загадана не разьмяшчаць рэкляму ў недзяржаўных выданьнях.

Алесь Бяляцкі з праваабарончага цэнту "Вясна" адзначае невыпадковасьць зьніжэньня рэйтынгу свабоды слова ў Беларусі. Паводле праваабароны, гэтае зьніжэньне адбылося ў зьвязку з агульным пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека ў краіне:

Алесь Бяляцкі
"Наступ на друк – гэта толькі частка агульнага паходу Аляксандра Лукашэнкі і ягонай каманды на дэмакратычныя свабоды ў Беларусі. Гэта моцна выявілася і пасьля 19 сьнежня. Мы бачылі, колькі было адмоваў у правядзеньні пікетаў, мітынгаў. Нават дайшло да таго, што чарнобыльскія мерапрыемствы не дазваляюць праводзіць, баяцца грамадзкай актыўнасьці нават з нагоды такіх драматычных падзей, як Чарнобыль. Мне падаецца, што падчас выбараў, і асабліва ўбачыўшы, што адбываецца ў Паўночнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе ў арабскіх краінах, беларускія ўлады вельмі спалохаліся і ўзялі курс на абмежаваньне грамадзянскіх правоў і свабодаў. У нас ужо дзясяткі палітвязьняў зьявіліся, што таксама вельмі паказальна. Уражаньне, што беларускія ўлады ігнаруюць усе цывілізаваныя нормы ў галіне свабодаў грамадзянаў, паглядзім, мне здаецца, што гэта беспэрспэктыўна".

***

Паводле Freedom House, летась лік людзей на сьвеце, якія мелі доступ да свабодных і незалежных СМІ, быў найменшы за апошняе дзесяцігодзьдзе.

Даклад клясыфікуе сытуацыю СМІ ў 68 краінах сьвету як свабодную, у 65 краінах – як часткова свабодную і ў 63 краінах – як несвабодную.

Найбольшай свабодай слова, паводле Freedom House, цешацца людзі ў Фінляндыі, Нарвэгіі, Швэцыі, Бэльгіі, Ісьляндыі і Люксэмбургу.

Месцы Беларусі ў рэйтынгу свабоды слова ў папярэдніх дакладах Freedom House.

2003 183
2004 182
2005 185
2006 185
2007 186
2008 188
2009 188
2010 189
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG