Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Аляксандар Лукашэнка назваў старшыню Эўракамісіі «казлом». Гэтая навіна міжнароднай палітыкі гучыць як анэкдот. Зразумела, можна ўсё сьпісаць на нявыхаванасьць і эмацыйнасьць беларускага прэзыдэнта. Што не арыстакрат, дык тое праўда, але ці толькі ў гэтым справа?

Магчыма, у палітычнай і нават жыцьцёвай філязофіі, якую вызнае беларускі прэзыдэнт, які зь дзяцінства засвоіў, што калі цябе пакрыўдзілі, зьняважылі, трэба біць у адказ, біць нягледзячы на суадносіны сілаў і на выдаткі ад гэтага адказу. Для яго перавага, якую Кіеў аддаў Жазэ Мануэлу Барозу – трактаваньне яго як казла. Ну і які ў межах такога бачаньня сьвету мог быць іншы адказ, акрамя «ды самі вы казлы»?

Пра тое, што гэта ня толькі і ня столькі эмацыйнасьць, сьведчыць яшчэ адзін крок – пазоў Міністэрства інфармацыі аб ліквідацыі газэт «Народная воля» і «Наша ніва». Варта прыгадаць, што ў 2008 годзе вяртаньне менавіта гэтых выданьняў у легальны абарот сталася знакам і чыньнікам паляпшэньня адносінаў афіцыйнага Менску з Эўропай. А цяпер робяцца іншыя, цалкам супрацьлеглыя знакі.

Беларускія ўлады, здаецца, сваімі рукамі паглыбляюць прорву, якая лягла паміж Беларусьсю і Эўропай пасьля 19 сьнежня. Навошта? Ну, магчыма на тое, каб у разгар валютнага крызісу ў беларусаў не было спакусы публічна выказваць сваё стаўленьне да гэтага.

Аднак яшчэ адным вынікам гэтай прорвы паміж Беларусьсю і Эўропай робіцца тое, пра што казаў на гэтым тыдні расейскі пасол Сурыкаў. Расея выстаўляе доўгі сьпіс умоваў і пажаданьняў, пры якіх яна дасьць чаканы і выратавальны крэдыт. І больш чакаць іх няма адкуль? Не ад эўрапейскіх жа «казлоў» і «быкоў». Новы туркмэнскі сябра шмат ня дасьць, калі дасьць наагул.

Адзінае спадзяваньне – выбарчая прэзыдэнцкая кампанія, якая ўжо пачалася ў Расеі і ў якой, гледзячы па ўсім, будуць удзельнічаць і Мядзьведзеў, і Пуцін. Абодвум ім падабаецца і Белтрансгаз, і МАЗ, але значна больш ім падабаецца Крэмль. І магчыма Лукашэнка паспрабуе паўтарыць сцэнар расейскай выбарчай кампаніі 1996 году, калі атрымаў рэальныя грошы і падтрымку за надзіманьне інтэграцыйнай бурбалкі.

Усё прыгожа ў гэтай схеме, акрамя аднаго. Як у адэскім анэкдоце. Пачым кураня? - 100 даляраў. - Ты з глузду зьехаў, за гэтае сіняе кураня – сто даляраў? - Разумееш, мужык, вельмі грошы патрэбныя.

Пільная патрэба некага ў грошах – не падстава для іншых плаціць іх яму за сінюю птушку надзеі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG