Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Нашу Ніву” і “Народную Волю” закрываюць за “некарэктнае” асьвятленьне тэракту


Алег Праляскоўскі

Алег Праляскоўскі

Міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі сказаў, што ягонае ведамства хадайнічае ў Вышэйшым гаспадарчым судзе аб спыненьні выхаду “Нашай Нівы” і “Народнай Волі” за некарэктнае асьвятленьне тэракту ў менскім мэтро гэтымі выданьнямі, паведаміла БЕЛТА.

Выступаючы на сэмінары кіраўнікоў рэспубліканскіх СМІ ў Горадні, Алег Праляскоўскі сказаў, што хадайніцтва – гэта “права міністэрства і мая, як міністра, асабістая пазыцыя”.

“Тое, што яны асьмеліліся дапамагаць некаторым палітыкам скакаць на касьцях пасьля тэракту – прабачэньня такім рэчам ня будзе,” – дадаў ён.

Паводле міністра, пры асьвятленьні падзей 11 красавіка ў менскім мэтро беларускія СМІ разьдзяліліся не паводле прынцыпу дзяржаўныя і прыватныя, а на прыстойных і непрыстойных.

“Некаторыя СМІ адкрыта піярыліся, перакручвалі факты, і гэта недапушчальна. Гэта якраз тое, чаго хочуць тэрарысты – пасеяць страх, паніку ў грамадзтве,” – падкрэсьліў Алег Праляскоўскі.

Праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры бязь межаў" асудзіла пазовы Міністэрства інфармацыі Беларусі ў Вышэйшы гаспадарчы суд аб спыненьні выпуску газэт "Наша ніва" і "Народная воля".

У заяве "Рэпарцёры бязь межаў" падкрэсьліваюць, што закрыцьцё гэтых газет будзе "надзвычай жорсткім рашэньнем", паколькі "страта выданьняў, чый наклад складае амаль палову агульнага накладу ўсёй незалежнай прэсы, будзе фатальным ударам па і так вельмі абмежаваным плюралізме беларускіх СМІ" .

Праваабарончая арганізацыя нагадала, што неаднаразова асуджала беларускі закон аб СМІ, які "выкарыстоўваецца ў якасьці асноўнага інструмэнта для ціску на незалежную прэсу".

"Рэпарцёры бязь межаў" заклікалі Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіць у задавальненьні пазову.

Раней занепакоенасьць пазовамі выказала прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях СМІ Дуня Міятавіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG