Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Аляксандар Фадзееў - пра Беларусь, якая жыве адным днём


Аляксандар Фадзееў
Аляксандар Фадзееў
Расеі і Беларусі варта вярнуцца да перамоваў аб увядзеньні расійскага рубля ў якасьці адзінага плацёжнага сродку, заявіў расейскі амбасадар у Менску Аляксандр Сурыкаў. Нацыянальны банк Беларусі лічыць такую ідэю неактуальнай, а экспэрты - немагчымай, перш за ўсё, з палітычных прычынаў.

На фоне фінансавага крызісу ў Беларусі, які стаў прычынай фактычнай дэвальвацыі мясцовай валюты, і, па сутнасьці, поўнай адсутнасьці ў краіны крыніц зьнешніх пазыкаў расейскі амбасадар у Менску Аляксандр Сурыкаў запрапанаваў аднавіць перамовы аб стварэньні манэтарнага саюзу дзьвюх краін на базе расейскага рубля.
Такая магчымасьць Расеяй і Беларусьсю абмяркоўвалася неаднаразова, у прыватнасьці, у 2004 і 2005 гадах, аднак далей за размовы справа не пайшла. Цяпер Беларусь спрабуе атрымаць ад Расеі і Эўраазіяцкай эканамічнай супольнасьці крэдыты на 3 мільярды даляраў, але ўмовы іх выданьня пакуль ня ўзгодненыя.

Экспэрты ў Маскве ня вераць у тое, што ў нейкай агляднай пэрспэктыве Беларусь адмовіцца ад сваёй валюты на карысьць менавіта расейскага рубля. З эканамічнага пункту гледжаньня, па словах загадчыка аддзелу Беларусі Інстытуту краін СНД Аляксандра Фадзеева, Расеі такое рашэньне невыгоднае, а таму яно можа быць толькі палітычным:

Фадзееў: Калі браць аб'ектыўныя акалічнасьці, то, вядома, расейскаму боку невыгодны пераход на адзіную валюту зь любой дзяржавай, якая знаходзіцца ў крызісным стане - або яе фінансавы, банкаўска-крэдытны сэктар, або эканоміка ў цэлым. У Беларусі, хутчэй за ўсё, у наяўнасьці і адно і другое. Таму пры такіх абставінах пераход на адзіную валюту можа разглядацца толькі як палітычнае рашэньне, як дапамога гэтай дзяржаве. С пункту гледжаньня валютна-фінансавых інтарэсаў Расеі, вядома, такое рашэньне наўрад ці можна лічыць выгадным.

Што тычыцца Беларусі, то гэтае пытаньне для яе залішне палітызаванае. Кіраўніцтва краіны даўно адмовілася ад увядзеньня расейскага рубля ў якасьці адзінага плацёжнага сродку на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы.
Ніякіх варыянтаў ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі ў няма.
Таму, з майго пункту гледжаньня, ніякіх варыянтаў ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі ў дадзены момант няма. Не таму, што гэта нявыгадна фінансавай, крэдытнай або банкаўскай сыстэме рэспублікі, а таму што ёсьць палітычнае рашэньне - адмоўнае, нэгатыўнае. Пераламаць гэтую сытуацыю немагчыма, і валютны крызіс, які назіраецца ў Беларусі, паўплываць на яе ня можа.

Радыё Свабода: Цяпер абмяркоўваецца пытаньне аб выдзяленьні мільярда даляраў з боку Расеі, яшчэ двух мільярдаў - ад ЭўрАзЭС. Ці можа гэтая сума хоць бы ў кароткатэрміновай пэрспэктыве вырашыць праблемы Беларусі? Ці ўсё ж дэвальвацыя беларускага рубля непазьбежная?

Фадзееў: Я б ня стаў зьвязваць праблему атрыманьня гэтых крэдытаў з працэсам дэвальвацыі рубля. Аб'ектыўна дэвальвацыя беларускага рубля ўжо ідзе, і гэта ўжо факт, які адбыўся. Іншая справа, што гаворка ідзе аб разавай дэвальвацыі, якую павінен быў бы па ідэі праводзіць Нацыянальны банк. Але ён ад гэтага ухіляецца, і з-за такой пазыцыі сытуацыя з нацыянальнай валютай толькі пагаршаецца.

Вядома, крэдыты могуць дапамагчы Беларусі ў выхадзе з цяжкай сытуацыі. І на дадзены момант аб'ём гэтых крэдытаў дастатковы для таго, каб рэспубліка ў нейкай бліжэйшай пэрспэктыве пераадолела свае цяжкасьці: акрамя зьнешніх запазычаньняў, у рэспубліцы ёсьць прамыя даходы ад працы яе эканомікі. Гэта сума, цалкам прымальная і дастатковая, магла б закрыць той пралом, якая ёсьць у бюджэце.

Радыё Свабода: Зразумела, што атрыманьне гэтых крэдытаў Расея абумоўлівае нейкімі дамоўленасьцямі аб зьмене эканамічнай палітыкі беларускага ўраду. На ваш погляд, што, уласна, Беларусь павінна цяпер зрабіць з пункту гледжаньня эканамічнай лёгікі, каб атрымаць гэтыя крэдыты?

Фадзееў: Расейскі бок можа толькі нешта рэкамэндаваць рэспубліцы - настойваць яна ні на чым ня можа і, на мой погляд, ня робіць гэтага. Пазыцыя расейскага боку, якая была пазначаная даволі даўно, палягае ў тым, што Беларусь павінна рэзка скараціць дзяржаўныя выдаткі.

З пункту гледжаньня расейскага боку,
Беларусі трэба будзе прайсьці "далінай сьлёз".
праграмы падтрымкі аграрнага сэктару, сацыяльныя праграмы, якія рэалізуюцца ў рэспубліцы зь дзяржаўных сродкаў, не адпавядаюць рэальным эканамічным даходам краіны. Што тычыцца іншых пытаньняў, то гэта абмежаваньне росту заработнай платы ў дзяржаўным сэктары - а, магчыма, і скарачэньне яе ў пэрспэктыве. Я ня думаю, што Расея на гэтым настойвае, але ў тым, што гэтую праблему расейскі бок неяк высьвеціў, у мяне сумневаў няма.

Радыё Свабода: Усе гэтыя пажаданьні Расеі маюць для Беларусі нейкі палітычны аспэкт. Аляксандар Лукашэнка ўяўляе краіну як ціхую рэспубліку, дзе ўсё добра. Але калі ён пойдзе на прапанаваныя зьмены, імідж уладаў зьменіцца ня ў лепшы бок.

Фадзееў: Так, безумоўна, кіраўніцтва рэспублікі пазыцыянавала Беларусь як дзяржаву сацыяльна адказную. Вядома, такія захады паставяць пад сумнеў імідж народнага ўраду, які клапоціцца аб народзе.

Гаворачы мовай польскіх эканамістаў, Беларусі трэба будзе прайсьці "далінай сьлёз" у сувязі з скарачэньнем выдаткаў дзяржавы, больш жорсткай сацыяльнай палітыкай, згортваньнем сацыяльных праграм. Гэта непазьбежна. Вядома, гэта не ўмацуе палітычныя пазыцыі рэжыму Лукашэнкі, а наадварот, аслабіць: занадта многае ў яго было завязана менавіта на такой папулісцкай палітыцы.

Радыё Свабода: Інакш кажучы, у Аляксандра Лукашэнкі не застаецца іншага выйсьця, як пайсьці на такія рэформы зь непрадказальнымі для сябе наступствамі. Ці ўсё ж ён зноў паспрабуе праблемы неяк згладзіць, паспадзяваўшыся, што яны «рассмокчуцца» самі сабой?

Фадзееў: Шмат гадоў вывучаючы Беларусь, яе палітычную клясу, я прыйшоў да высновы аб тым, што яны жывуць сёньняшнім днём. У мінулым Беларусь трапляла ў вельмі складаныя сытуацыі ў эканоміцы, у фінансавай сфэры, але потым нейкім чынам умела выходзіць зь іх дзякуючы нейкай нечаканай зьмене вонкавых абставінаў.

Я думаю, што цяпер у беларускай палітычнай клясе жыве такая самая надзея: што нешта зьменіцца, недзе Беларусь зможа атрымаць вонкавыя валютныя пазыкі, зьявяцца нейкія інвэстары, якія будуць зацікаўленыя ў інвэстыцыях у Беларусь. Такая надзея жыве. Што да таго, ці пойдзе краіна на гэтыя жорсткія захады, дык яе прэзыдэнт, прынамсі, гэта абяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG