Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзьдзя Брысіна адмовіла Паўлу Севярынцу ў сустрэчы з маці і сьвятаром


Судзьдзя суду Заводзкага раёну Менску Жана Брысіна, якая 11 траўня будзе весьці судовы працэс над сустаршынём аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Паўлам Севярынцам, адмовіла яму ў сустрэчы з маці і сьвятаром, паведамляе сайт bchd.info.

Так, на просьбу аб сустрэчы з маці судзьдзя адказала, што "ў адпаведнасьці з арт. 369 КПК Рэспублікі Беларусь дазвол на сустрэчу даецца старшынём пасьля абвяшчэньня прысуду".

Як паведаміла маці палітыка Тацяна Севярынец, на просьбу аб сустрэчы сына са сьвятаром судзьдзя адказала, што "ў кампэтэнцыю суду Заводзкага раёну не ўваходзіць прыняцьце рашэньняў пра сустрэчу зьмешчаных пад вартай са сьвятаром".

Нагадаем, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі "Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя" Павал Севярынец падчас мінулай выбарчай кампаніі быў кіраўніком штабу іншага сустаршыні БХД, кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Севярынец быў затрыманы ў ноч пасьля выбараў і ўвесь гэты час знаходзіцца ў СІЗА КДБ, так званай «амэрыканцы». У турме Павал адмаўляецца даваць паказаньні.

Разам зь Севярынцам будуць судзіць Ірыну Халіп і Сяргей Марцалева. Усіх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле у іх (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу). Судзіць Паўла Севярынца і іншых абвінавачаных будзе судзьдзя Жана Брысіна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG