Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам, Пратасенем. Трэці дзень


У Кастрычніцкім судзе 28 красавіка працягваўся працэс над актывістам кампаніі «Гавары праўду!» Паўлам Вінаградавым, маладафронтаўцам Алесем Кіркевічам, сябрам ініцыятыўнай групы Андрэя Саньнікава Дзьмітрыем Драздом, так званым «навушнікам» Уладзімерам Хамічэнкам і Андрэем Пратасенем, які ня быў ні ў якай партыі ці руху.

Судзьдзя — Ала Булаш. Адвакаты — Мацкевіч, Александровіч, Зінкевіч, Пугачова, Гарбаток.

17:05 У судзе абвешчаны перапынак. Працэс адновіцца а 10 раніцы 4 траўня.

16:40 Пачаўся разгляд матэрыялаў справы.

16:35 У Пратасеніі - добрая характарыстыка, залаты мэдаль у школе. Добрыя характарыстыкі з БДУ і месца працы.

16.30 — 16:30 Абвінаваўца чытае матэрыялы справы Паўла Вінаградава. Пратакол ператрусу. Зьвесткі з банкаў пра наяўнасьць укладаў і рахункаў на ягонае імя. Пералічае, што было на жорсткім дыску кампутара.

Абвінаваўца толькі пералічвае, што за дакумэнты знаходзяцца ў матэрыялах справы, не зачытваючы іх

15:50 Чытаюць матэрыялы на Хамічэнку. Нягодны да службы ў войску. Судзімы. 3 месяцы арышту. Вызвалены 6 сьнежня.

15:45 Зачытваюць характарыстыкі Зьмітра Дразда. Водгукі адусюль самыя станоўчыя.

15:10 15:39 Абвінаваўца Бароўскі зачытаў заключэньне экспэртаў: знойдзеныя палкі, сельгасінвэнтар, ледарубы, стрыжні, пруты, зброяй не зьяўляюцца. Рэшткі вадкасьці ў каністры і вадкасьці ў пляшках – палівам не зьяўляюцца. У некаторых пляшках вадкасьць утрымлівае сьпірт. У пранумараваных пляшках рэшткаў вогненебясьпечнай вадкасьці няма.

Страты, нанесеныя будынку Дома ўраду, – 14 мільёнаў рублёў – кампэнсаваныя.

Абвінаваўца зачытвае заключэньне судмэдэкспэртызы пра прызнаньне траўмаваных спэцназаўцаў пацярпелымі.

Папярэднія дыягназы не зьяўляюцца аб'ектыўна даказанымі з мэдычнага пункту гледжаньня.

Дыягназ спэцназаўца міліцыі Лушчыка – гематома на ягадзіцы – таксама нельга пацьвердзіць.

14:47 Пералік амаль адных і тых жа рэчаў у розных месцах. Таксама знойдзена: 15 палак, 2 ледарубы, 56 вудаў, 15 шапак, 1 каўнер, 1 капюшон, 1 пара пальчатак, сядушка для ўнітазу – чытаюць агульны сьпіс знодзенага на плошчы.

14:36 Знойдзены: рыдлёўка, пустыя пляшкі, пляшкі з рэшткамі вадкасьці жоўтага колеру. На накрыўцы маркерам напісана "14". Дымавая шашка. Яшчэ адна пляшка з накрыўкай і надпісам "17".

14:05 Працэс аднавіўся. Дасьледуюць пісьмовыя матэрыялы справы. Пратакол агляду плошчы Незалежнасьці. Пазначана, што там былі дымавыя шашкі, пустыя пляшкі, плястыкавыя пакеты, мэталічныя пруты, фрагмэнты тканінаў, вопраткі і драўляных палак. Сустракаліся і пляшкі з рэшткамі, магчыма, гаручай сумесі. Пералічваюцца разьбітыя шыбы ў Доме ўраду, рэчы, знойдзеныя побач: пакеты, пляшкі, рэшткі вудаў. Пералічваюцца: дымавыя шашкі, газавы балёнчык, сьцягі з надпісам «За Някляева». Насупраць дому па вуліцы Савецкай, 11 і пэдунівэрсытэту знойдзены сьцяг зялёнага колеру, дзьве павязкі на твар, пляшка з-пад піва, сурвэтка, папера са сьлядамі рэчыва бурага колеру, кубак з накрыўкай, мабільны тэлефон чорнага колеру, розныя прадметы адзеньня, рэшткі вудаў. Пратакол агляду пляцоўкі перад Домам ураду ўключна з помнікам Леніну: знойдзеныя пальчаткі, фрагэмнт белай тканіны з надпісам «Моладзь за Раманчука», плястыкавая бутэлька, аркуш паперы з тэкстам і подпісам «Зянон Пазьняк».

12:55 У судзе абвешчаны перапынак да 14:00.

11:55 — 12:55 Судзьдзя працягвае зачытваць пісьмовыя паказаньні пацярпелых міліцыянтаў. Сьведчаньні вельмі падобныя. Удзельнікі акцыі наносілі ім удары па шчытах палкамі, рукамі і нагамі.

Пацярпелы Бажок атрымаў некалькі ўдараў. На бальнічным ня быў.

Пацярпелы Палавінкін атрымаў удары па правай шчацэ. Апісаць таго, хто біў, ён ня можа. Памятае толькі, што маладзён быў у чорнай шапцы. Палавінкін затрымліваў дэманстрантаў. У паліклініцы выявілі ўдар ніжняй сківіцы. На бальнічным ня быў.

Судзьдзя зачытала падрабязныя паказаньні пацярпелых Лявіцкага і Масальскага. Масальскі апісвае чатырох маладых людзей, якія білі па шчыце і па галаве. Яму паставілі дыягназ: удар патыліцы.

Пацярпелы Жызьнеўскі піша, што ў яго быў удар грудной клеткі. На бальнічным ён ня быў. Пацярпелы Тарасевіч — удар правага плечавога суставу.

Паказаньні пацярпелых міліцыянтаў Лісоўскага, Ксянзова, Маскалёва, Заекі вельмі падобныя. Ва ўсіх удары калена, нагі, патыліцы. На бальнічным не былі.

10:55 Прысутныя пакінулі судовую залю — суд разглядае вынікі псыхіятрычнай экспэртызы Ўладзімера Хамічэнкі на закрытым пасяджэньні.

10:49 Чытаюць паказаньні пацярпелага Кудраўцова. Яму нанесьці некалькі ўдараў палкамі, кулакамі і нагамі. На бальнічным ён знаходзіўся тыдзень, бо было шмат выцятых месцаў.

10:45 Зачытваюцца паказаньні пацярпелых, якія не зьявіліся ў суд з-за хваробаў і адпачынкаў.

10:05 — 10:45 Слухаюць сьведку Юр’я Давідовіча, камандзіра ўзводу спэцназу міліцыі. Нікога з абвінавачваных ён ня ведае. Распавядае, што было на плошчы. Што было на ганку, ня бачыў. Уся ўвага яго была скіраваная на людзей на плошчы. Яны крычалі. Шмат было абразаў на адрас міліцыянтаў. У руках некаторых былі дзяржаньні ад рыдлёвак, вуды. У яго асабіста сарвалі шлем і ўдарылі па твары, разьбілі губу. Ударылі мэталёвай сьметніцай. У бок міліцыі нехта распыліў парашковы вогнетушыльнік. Міліцыянты стаялі ўсе белыя. Дапамогу яму аказалі ў шпіталі. На бальнічным ня быў. Ягонае падразьдзяленьне дапамагала выцясьняць людзей з плошчы.

Пасьля разгону на плошчы ня бачыў нікіх каністраў, бутэлек, мэталічных прутоў.

Ніякіх прэтэнзіяў да абвінавачваных спэцназавец ня мае.

Адвакат Александровіча пытаецца: «Якую канкрэтную мэту паставіла кіраўніцтва перад байцамі спэцназу?» Давідовіч адказаў агульнымі словамі пра падтрымку парадку.

Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам Пратасенем. Першы дзень

Суд над Вінаградавым, Кіркевічам, Драздом, Хамічэнкам Пратасенем. Другі дзень

Суды за Плошчу

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG