Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ствараем новае, захоўваем лепшае". Другая спроба


Беларускай апазыцыі хопіць сядзець у офісах і кватэрах, як у палітычных бомбасховішчах. Трэба, карыстаючыся праваламі ўладаў у эканоміцы, прад'яўляць грамадзтву сваю пазытыўную альтэрнатыву. Так лічаць аўтары агульнанацыянальнай кампаніі "Ствараем новае, захоўваем лепшае". Сёньня яна будзе прэзэнтаваная палітычным актывістам і журналістам.

Ініцыятыва кампаніі сыходзіць ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Яе старшыня Анатоль Лябедзька ў размове са "Свабодай" 28 красавіка адзначыў:

У нас два складнікі. Першы – крытычны да таго, што адбываецца. І канструктыўнасьць да таго, як выправіць хібы
"У нас два складнікі. Першы – крытычны да таго, што адбываецца. І канструктыўнасьць да таго, як выправіць хібы. І заўтра будзе агучана агульнанацыянальная кампанія "Ствараем новае, захоўваем лепшае". А таксама некалькі канкрэтных мерапрыемстваў, якія будуць рэалізаваныя бліжэйшым часам у рамках гэтай кампаніі. Мы будзем рэалізоўваць кампанію як уласнымі партыйнымі сіламі, так і з дапамогай нашых прыхільнікаў і партнэраў. Зь імі мы можам працаваць па асобных мерапрыемствах, пунктах і праграмах".

Сустаршыня аргкамітэту ў стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі так паставіўся да гэтых захадаў:

Я думаю, што любое супрацоўніцтва цікавае. Але пасьля 19 сьнежня нельга рабіць крокі без уліку тых падзей, што адбыліся, і што адбываюцца
"Я думаю, што любое супрацоўніцтва цікавае. Але пасьля 19 сьнежня нельга рабіць крокі без уліку тых падзей, што адбыліся, і што адбываюцца. Я думаю, што цяпер найбольш эфэктыўнай і пэрспэктыўнай была б супраца ў Радзе дэмакратычных сілаў. Калі АГП мае свае праграмы і распрацоўвае іх надалей, як, дарэчы, і наша партыя ды іншыя, то яны маюць на гэта права. Гэта можа стаць карысным і для агульнай справы. Але пакуль у мяне канкрэтнай размовы пра супрацу з Анатолем Лябедзькам не было".

Палітычны аглядальнік Кірыла Пазьняк камэнтуе:

"У прынцыпе, цяпер для апазыцыі зручны час, каб адмабілізавацца, камусьці рэабілітавацца. Таму партыйныя структуры цяпер намагаюцца прапаноўваць пазытыўнае. Адзінае, у чым я маю сумнеў, гэта – статус, маштаб кампаніі. Усё-такі агульнанацыянальны статус мне падаецца празьмерна амбіцыйным".

Спадар Лябедзька тлумачыць, чаму новая праграма мае вядомы назоў – "Ствараем новае, захоўваем лепшае". Менавіта гэты слоган партыя выкарыстоўвала падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. А цяпер празь яго АГП хоча падкрэсьліць пераемнасьць свайго курсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG