Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стоп-бэнзін-2» па-берасьцейску


Блізу трох дзясяткаў аўтамабіляў прынялі ўдзел у акцыі «Стоп-бэнзін» у Берасьці. Акцыя прайшла па зьмененым маршруце, калёна аўтамабіляў праехала праз увесь горад.

На заяўленым месцы збору на пляцы каля «Брэсцкай крэпасьці», акрамя аўтамабілістаў, прысутнічалі вялікая колькасьць сілавікоў. А 17:30 на месца збору пратэстоўцаў прыехалі супрацоўнікі КДБ, АМАПу. Удзельнікаў акцыі папярэдзілі, што мерапрыемства не павінна стаць масавай акцыяй, якая не дазволена.

Алесь Змагар, арганізатар акцыі: «Мне падаецца, што калі б акцыя была 14 красавіка, то ўдзельнікаў было б нашмат болей. Нас папярэдзіў палкоўнік міліцыі пра тое, што акцыя ня можа быць масавым мерапрыемствам. Але яна першапачаткова плянавалася як сацыяльная акцыя. Мы такім чынам паказалі свой пратэст, агучылі, што мы ня дойныя каровы. Досыць выцягваць з нашых кішэняў нашыя ж грошы».
Мы такім чынам паказалі свой пратэст. Досыць выцягваць з нашых кішэняў нашыя ж грошы.


Большасьць прысутных на акцыі, якая прадугледжвала рух у калоне праз увесь горад на хуткасьці каля 30 кіляметраў на гадзіну і набыцьцё на залівачнай станцыі «Белнафтахім» мінімальнай колькасьці паліва з аплатай дробнымі купюрамі, даведалася пра мерапрыемства з інтэрнэту. Распавядаюць удзельнікі акцыі:

— Я даведаўся ў інтэрнэце пра акцыю, далучыўся таму, што я супраць павышэньня цаны на паліва. Паколькі акцыя праходзіць ў шмат якіх гарадах, то мне падаецца, што ўрад павінен зьвярнуць увагу і прыняць нейкія захады.

— Я ўбачыла аб’яву пра акцыю ў інтэрнэце і далучылася да яе. Магчыма, што акцыя дасьць нейкія вынікі і цэны на паліва будуць зьменшаныя. Спадзяюся, што акцыя прыцягне ўвагу ня толькі чыноўнікаў, але і простых гарамадзян. Людзі ня будуць мірыцца з сытуацыяй, якая складваецца ў нашай краіне.

Акцыя прайшла без затрыманьняў. Удзельнікі дарожнага руху віталі калёну сыгналамі, кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства Зьміцер Шурхай:

«Некаторыя нават бралі падчас руху праз вокны ў нас налепкі і далучаліся да акцыі. Людзі зьвярталі ўвагу. Прыпыняліся, далучаліся да нас. Хоць увесь час нас суправаджалі аўтамабілі супрацоўнікаў ДАІ і КДБ, вялі відэаздымкі».

Арганізатары мяркуюць, што гэта не апошняя такая акцыя ў Берасьці.

На запраўцы расплачваліся дробнымі купюрамі.
На запраўцы мінімум можна набыць два літры паліва.
Удзельнікі акцыі занялі ўсю запраўку.


Арганізатары акцыі.
XS
SM
MD
LG