Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Старых Дарогах пахавалі Вольгу Дашкевіч


У Старых Дарогах на мясцовых могілках адбылося пахаваньне Вольгі Дашкевіч — маці лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Правесьці нябожчыцу ў апошні шлях прыйшлі сваякі, блізкія сябры і некаторыя актывісты грамадзка-палітычнага руху. Зьмітра прывезьлі разьвітацца з маці ў кайданках пад канвоем.

Вольга Дашкевіч памерла ноччу 26 красавіка, але да дня пахаваньня заставалася невядомым, ці дасьць магчымасьць сыну разьвітацца з маці адміністрацыя СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Ад імя сям’і Дашкевічаў хадайніцтвам займалася намесьніца Зьмітра ў «Маладым фронце» Наста Палажанка:

«Ранкам я размаўляла з кіраўніцтвам СІЗА, і яны мне сказалі, што Зьміцер будзе адпушчаны на момант разьвітаньня з мамай — быць на могілках яму нельга. Што яго прывядзе і забярэ канвой. І сапраўды, канвой ехаў побач з намі ўсю дарогу. Калі ўсё было гатова, тады Зьмітра прывялі.
Ён заставаўся ў залі 30 хвілін і побач зь ім былі толькі самыя блізкія сваякі і сябры — прыкладна шэсьць чалавек.
Ён заставаўся ў залі 30 хвілін і побач зь ім былі толькі самыя блізкія сваякі і сябры — прыкладна шэсьць чалавек, а астатнія заставаліся за межамі пакою. Мы стаялі побач, перамаўляліся. Ахова паводзілася карэктна. Калі прайшло 30 хвілін, Зьміцер сышоў сам».

Напярэдадні муж памерлай Вячаслаў Дашкевіч зьвярнуўся да журналістаў і палітыкаў з просьбай не прыяжджаць у Старыя Дарогі, каб пахаваньне засталося сьціплай сямейнай жалобай. Аднак некаторыя актывісты ўсё ж прыйшлі на могілкі, у тым ліку Неаліна Палякова — маці загіблай Яны Паляковай, а таксама Ларыса Насановіч з Салігорску:

«На могілках жанчыны сьпявалі „Магутны Божа“, чыталі „Ойча наш“. Адпяваў яе сьвятар з праваслаўнага храму. Жанчыны несьлі бел-чырвона-белы сьцяг, дык сьвятару гэта не спадабалася. Сказаў, што ня трэба пахаваньне ператвараць у мітынг. Але пасьля ён вельмі добрую прамову сказаў, што за той рысай, куды пайшла Вольга Васільеўна, ня будзе ні міністраў, ні прэзыдэнтаў, а людзі будуць ацэненыя паводле іх зямных спраў».

Падчас жалобных прамоваў людзі ўзгадвалі цёплымі словамі сьветлай памяці Вольгу Дашкевіч, добрымі словамі яе сына — Зьмітра Дашкевіча, а таксама выказвалі словы падтрымкі Вячаславу Дашкевічу, кажа яшчэ адзін прысутны на пахаваньні, бацька маладафронтаўца Івана Шылы — Уладзімер Шыла:

«Па-першае, я хачу падзякаваць усім, хто прыйшоў на гэтую жалобную цырымонію. Прыйшлі людзі, якія палічылі неабходным падтрымаць Вячаслава Ўладзімеравіча — бацьку Зьмітра Дашкевіча. Мы выказалі яму словы падтрымкі і падзякавалі за сына Зьмітра. Сказалі, што спадар Вячаслаў мусіць быць мужным, бо Зьмітру зараз вельмі цяжка і яго неабходна падтрымліваць».

Пасьля кароткага разьвітаньня з маці Зьмітра Дашкевіча вярнулі ў СІЗА, дзе ён чакае перагляду сваёй крымінальнай справы. Маскоўскі суд Менску асудзіў лідэра «Маладога фронту» на два гады турмы паводле артыкулу аб злосным хуліганстве. Касацыйную скаргу на гэтае рашэньне разгледзіць Менскі гарадзкі суд 5 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG