Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выкідаюць з падпіскі, забараняюць прадаваць, выжываюць з друкарняў


У рэгіёнах Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя і працягваюць друкавацца толькі дзесяць незалежных грамадзка-палітычных газэт. Усе яны цяпер апынуліся на мяжы выжываньня.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Журналістаў папярэджвае пракуратура, газэту — міністэрства

На Магілёўшчыне двум журналістам вынесеныя афіцыйныя пракурорскія папярэджаньні пра недапушчальнасьць распаўсюду, як заяўлена, несапраўднай інфармацыі. Міністэрства інфармацыі папярэдзіла й рэдакцыю незалежнай газэты "Ўзгорак".

Сяргей Няроўны
Рэдактара крычаўскай газэты "Вольны горад" Сяргея Няроўнага выклікаў пракурор раёну Ўладзімер Трывайла на наступны ж дзень, як толькі быў распаўсюджаны наклад выданьня. Нагодай сталася публікацыя журналіста пра тэракт у Менску 11 красавіка.

"Пракуратура лічыць, што ў гэтым артыкуле распаўсюджваецца інфармацыя, якая носіць дэструктыўны характар і скіравана на дыскрэдытацыю праваахоўных органаў, беларускай дзяржавы й грамадзтва. Гэта такі агульны загад прыціснуць журналістаў, якія асьвятляюць і хочуць падаць розныя бакі расьсьледаваньня гэтай справы. Улада выкарыстоўвае тэракт у палітычных мэтах", — зазначае Сяргей Няроўны.

Галіна Будная
Калі газэце "Вольны горад" закрыцьцё пасьля некалькіх папярэджаньняў не пагражае, бо яна не зарэгістраваная, то папярэджаньне горацкаму "Ўзгорку" — гэта пагроза. Паводле рэдактаркі Галіны Буднай, фармальныя падставы былі не настолькі сур’ёзнымі, каб караць газэту адразу папярэджаньнем. Рэдакцыя не выключае, што ўсьлед за першым папярэджаньнем можа быць і другое.

За палітычным перасьледам — фінансавы

Цяпер жа клопат іншы — падаражэньне друку і паперы, зазначае Галіна Будная:

"Мы рэгулярна знаходзімся ў пошуку рэклямадаўцаў, каб нам было з чаго выжываць. Мы ўжо ў гандлёвыя шапікі выйшлі. Але для таго, каб народ нас пачаў актыўна купляць, неабходны час. Каб людзі даведаліся, што мы ў шапіках. Мы будзем шукаць спосабы, каб недзяржаўная газэта, адзіная зарэгістраваная ў вобласьці свабодная, без цэнзуры, засталася на плыву".

Анатоль Санаценка
Што такое банкруцтва з-за ўладнага перасьледу, ведае рэдактар незалежнага "Бабруйскага кур’ера" Анатоль Санаценка. Цяпер газэта не выходзіць друкам. Яе публікацыі — у інтэрнэце на аднайменным партале. Анатоль Санаценка, тым ня менш, застаецца пад кантролем з боку ўлады. Яго разважаньні на тэму тэракту ў Менску далі пракурору падставы вынесьці папярэджаньне журналісту:

"Гэта была нэрвовая рэакцыя ўладаў на праяўленьне свабоднай журналістыкі ў Беларусі. Жаданьне ўказаць, каб наперад я падобных камэнтароў не рабіў. Былі парушаныя мае правы як чалавека, так і журналіста".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Шклоў хоць ня блізка ад Берасьця, але таксама "душыць" незалежны друк

На Берасьцейшчыне засталося шэсьць недзяржаўных выданьняў. Яшчэ два гады таму было дзевяць. Рэдактары друкаваных СМІ сёньня, ва ўмовах крызісу, адзначаюць, што незалежныя газэты — на мяжы выжываньня.

Галоўны рэдактар адной з найстарэйшых газэт на Берасьцейшчыне "Брэсцкі кур'ер" Мікалай Аляксандраў кажа, што практычна адначасова і берасьцейская друкарня, і шклоўская фабрыка паведамілі пра падаражэньне сваіх паслуг і прадукцыі. Павышэньне склала 20%. Гэта ўжо адбілася на кошце газэты:

Зарплата журналіста — 600—700 тысяч рублёў

Міклай Аляксандраў
"Наступны нумар нашага выданьня ўжо падаражэў. Цяпер газэта ў продажы каштуе 1500 рублёў. Ранейшы кошт — 1200 рублёў. Разам з тым, магчыма, прыйдзецца нават скарачаць штат супрацоўнікаў, зьмяншаць выдаткі. Эканоміць давядзецца практычна на ўсім".

А вось невялікім выданьням падымаць цану на газэту вельмі складана. Як кажа намесьнік рэдактара газэты "Ганцавіцкі час" Пятро Гузаеўскі, давядзецца канкураваць з выданьнямі кшталту "Камсамольскай праўды". Пры аднолькавым кошце буйныя выданьні маюць і большы памер, і больш разнастайную інфармацыю. У рэгіёне, паводле Пятра Гузаеўскага, сапраўды паўстае пытаньне пра выжываньне. Калектыў жыве ў цяжкіх варунках:

"Фактычна ў нас журналіст атрымлівае 600—700 тысяч рублёў. Шмат хто кажа, што будзе шукаць працу, бо на такія грошы немагчыма пражыць і ўтрымліваць сям'ю. Паглядзім, як будзе далей, як гэтая сытуацыя для нас абернецца".

Скарачэньне выдаткаў, зьмяншэньне аб'ёму і павышэньне кошту газэты — на такія крокі вымушана пайсьці баранавіцкая "Інтэкс-прэс", кажа яе галоўны рэдактар Уладзімер Янукевіч. Выданьне адмовіліся распаўсюджваць дзяржаўныя манапалісты "Белсаюздрук" і "Белпошта". Наступствы крызісу для выданьня — ня толькі ў падаражэньні друку і паперы: рэклямадаўцы спыняюць свой бізнэс, зьнікае рэкляма, кажа Ўладзімер Янукевіч:

Меркаваньне рэдактара: "Далей будзе больш складана"

"Многія вытворцы пачалі здымаць сваю рэкляму, таму што такая нявызначаная сытуацыя на рынку. І папера, і друк даражэюць. Сёньня мы проста ня можам прагназаваць, як перажывем гэты і наступны квартал".

Паводле галоўнага рэдактара "Брэсцкага кур'ера" Мікалая Аляксандрава, далей будзе яшчэ больш складана:

"Тое, што зараз адбываецца, — гэта і абсурд, і вынікі памылак, якія былі закладзеныя раней. Размова ідзе і пра палітычныя варункі, і эканамічныя. Яны зараз проста вылезьлі. А далей будзе яшчэ больш небясьпечная сытуацыя. Мы вымушаны прымервацца да рэаліяў, а ў той жа час і жадаем зьмяняць гэтыя рэаліі сваім газэтным словам".

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"Кожны наступны нумар газэты можа стаць апошнім…"

Незалежныя газэтныя выданьні на Гарадзеншчыне перажываюць крызіс, як і ўся беларуская эканоміка. Выдаўцы ў роспачы, бо кожны нумар газэты можа стаць апошнім.

Віктар Валадашчук
Гаворачы пра цяперашні стан "Газеты Слонімскай", яе выдавец і рэдактар Віктар Валадашчук адзначае, што выдаваць незалежную газэту ў краіне было заўсёды складана, але тое, што адбываецца зараз, папросту ні з чым не параўнальна. І найперш ён адзначае эканамічныя чыньнікі:

"Папера ў цане ўзрасла на 50—70%. Калі раней за тону плацілі 2 мільёны 600 тысяч рублёў, то зараз — 3 мільёны 600 тысяч. З пачатку году падняліся ў цане паслугі друкарні — прыкладна на 30%. Усе пастаўшчыкі паперы патрабуюць папярэдняй аплаты, а гэта даволі значныя сумы. Калі яшчэ раней можна было крэдыт узяць, то зараз ніхто не дае".

"Напэўна, ніколі раней незалежныя рэгіянальныя выданьні не былі так блізка да спыненьня дзейнасьці".

Да гэтага Віктар Валадашчук дадае, што надалей рэалізоўвае газэту праз сваіх распаўсюднікаў, бо дзяржаўныя прадпрыемствы "Белпошта" й "Белсаюздрук" не падпісваюць зь ім дамовы. Ён таксама кажа, што пачаліся праблемы ў рэклямадаўцаў, якія істотна цярпяць ад эканамічнага крызісу і прыкметна зьмяншаюць разьмяшчэньне рэклямы на старонках выданьня.

Наагул, рэдактар "Газеты Слонімскай" з сумам зазначае, што ніколі раней незалежныя рэгіянальныя выданьні не былі так блізка да таго, каб спыніць дзейнасьць:

"Вельмі цяжка сказаць, колькі мы яшчэ працягнем. Мае прагнозы раней тычыліся ліпеня, а цяпер бачу рэальна, што максымум да восені дацягнем, і калі нічога ня будзе зьмяняцца ў эканамічнай сытуацыі, з валютай, — спынімся. Усе пастаўшчыкі — расейскія, і фарба адтуль, і папера адтуль…".

Пытаюся ў рэдактара — ці зьмянілася нешта ў сытуацыі са свабодай слова, ці стала лягчэй атрымаць інфармацыю ад уладных структураў?

Валадашчук: "Я ня бачу, каб у гэтым сэнсе нешта зьмянілася. Мы надалей ня можам свабодна атрымліваць інфармацыю, асабліва ад дзяржаўных чыноўнікаў. Ну ня любяць нас улады…".

Павал Мажэйка: "Я лічу, што гэта вельмі небясьпечны пачатак працэсу, за ім пачнуцца рэпрэсіі".

Далей выказваюцца вядомыя гарадзенскія журналісты.

Павал Мажэйка, сёньня супрацоўнік тэлеканалу "Белсат", працаваў у газэце "Пагоня", закрытай Вышэйшым гаспадарчым судом пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году.

Калі няма аргумэнтаў, каб размаўляць зь незалежнай прэсай, улада дастае молат, якім б’е па галовах незалежных журналістаў
Мажэйка: "Сёньня гісторыя з працэсам закрыцьця "Нашай нівы" і "Народнай волі" для мяне больш патыхае гістэрыяй, безвыходнасьцю. Атрымліваецца, што ўлады скідаюць на іншых усе свае праблемы, абвінавачваюць і ў праблемах з валютай, зь міжнароднай супольнасьцю, з палітычнымі апанэнтамі, знаходзяць вінаватых у незалежнай прэсе, сярод журналістаў. Варта прызнаць, што ў гэтай эканамічнай сытуацыі, якая панавала ў Беларусі, гэтыя газэты — "Народная воля" і "Наша ніва" — былі больш сымбалямі свабоды слова, чым, скажам, рэальнай пагрозай Лукашэнку. Таму я так кажу пра гістэрыю і безвыходнасьць: атрымліваецца — калі няма аргумэнтаў, каб размаўляць у нашай сытуацыі зь незалежнай прэсай, то ўлада заўсёды дастае молат, якім б’е па галовах незалежных журналістаў".

Павал Мажэйка настроены пэсымістычна. Ён мяркуе, што "Нашу ніву" і "Народную волю" закрыюць.

Мажэйка: "Хоць на гэтым улада сабе нічога не здабывае. Я лічу, што гэта вельмі небясьпечны пачатак працэсу, таму што па незалежнай прэсе заўсёды білі спачатку. Ня выключана, што пасьля закрыцьця гэтых дзьвюх газэт пойдуць рэпрэсіі, ціск на іншыя незалежныя структуры, якія яшчэ засталіся ў Беларусі".

Дарэчы, Павал Мажэйка разам з галоўным рэдактарам "Пагоні" Міколам Маркевічам былі абвінавачаныя ў паклёпе на прэзыдэнта, іх пакаралі тэрмінамі абмежаваньня волі.

"Гэта — агонія ўлады"

Алена Раўбецкая рэдагавала іншую гарадзенскую газэту — "Биржа информации". Перад рэфэрэндумам аб трэцім тэрміне Лукашэнкі Міністэрства інфармацыі прыпыніла выпуск газэты на тры месяцы, пасьля чаго беларускія друкарні адмовіліся выдаваць "Биржу информации", і яна неўзабаве спыніла існаваньне. Алена Раўбецкая—пра пагрозу закрыцьця "Народнай волі" і "Нашай нівы", а пасьля іх — іншых недзяржаўных СМІ:

"Гэта нават не закручваньне гаек, гэта нейкая агонія. Цяпер вельмі выгадна пакінуць гэтыя дзьве газэты, каб махаць у кагосьці перад носам нейкімі дэмакратычнымі момантамі. Канечне, іх закрыюць, але можа ўсё хутчэй разваліцца, чым іх закрыюць".
XS
SM
MD
LG