Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У той час, калі народныя пратэсты на Блізкім Усходзе кідаюць выклікі аўтакратычным уладарам, адзін тыран у Эўропе вырашыў узмацніць сваю ўладу. Аляксандар Лукашэнка, які ўяўляе сабою жорсткую пасрэднасьць, кіруе Беларусьсю ад 1994 году. У сьнежні ён атрымаў 80 адсоткаў галасоў у прэзыдэнцкіх выбарах, сказаць пра якія, што яны не адпавядаюць стандартам, было б калясальным прымяншэньнем, – піша сёньня брытанская газэта Times.

Але нават пры гэтым, дзеля таго, каб правучыць іншых, спадар Лукашэнка вырашыў пакараць кожнага, хто кінуў яму выклік. Учора ў Менску пачалася судовая справа супраць апазыцыйнага палітыка Андрэя Саньнікава, якога абвінавачваюць у арганізацыі масавых антыўрадавых пратэстаў пасьля выбараў.

Меркаванае злачынства зьяўляецца сьмяхотным: спадар Саньнікаў афіцыйна атрымаў усяго 2,5 адсотка галасоў. Калі спадар Лукашэнка насамрэч разглядае гэта як паказьнік грамадзкай падтрымкі, а не як сфальшаваны вынік, дык яго не павіннен турбаваць пратэст ягонага асноўнага суперніка. Але ў сапраўднасьці спадар Саньнікаў зьяўляецца голасам сумленьня, які пратэстуе супраць самаўпраўства, і з гэтай прычыны нелегітымны рэжым імкнецца заткнуць яму рот.
Саньнікаў зьяўляецца голасам сумленьня, які пратэстуе супраць самаўпраўства, і з гэтай прычыны нелегітымны рэжым імкнецца заткнуць яму рот.
Ды ня толькі яму. Сем зь дзевяці прэзыдэнцкіх кандыдатаў былі арыштаваныя падчас пратэстаў у сьнежні. Таксама як і сотні іншых мірных дэманстрантаў. Спадар Лукашэнка тады прадэманстраваў свае палітычныя схільнасьці, люта накінуўшыся на гэтую празьмернасьць дэмакратыі. Гэтае самае ён робіць і цяпер, жорстка душачы галасы супраціву.

Супраць пяці былых кандыдатаў у прэзыдэнты ўзбуджаныя судовыя справы. Жонка спадара Саньнікава знаходзіцца пад хатнім арыштам. Жахлівы тэракт даў спадару Лукашэнку далейшую зачэпку для злоўжываньня ўладай. Эўразьвяз, што зразумела, заняты падзеямі на Блізкім Усходзе. Але ён павінен узняць свой гнеўны голас і наконт таго, што адбываецца бліжэй да дому.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG